Ад спаленых падручнікаў да адноўленых помнікаў Леніну. Як Расея спрабуе прымусіць Украіну палюбіць сябе


Сілаю не быць мілаю – цвердзіць народная прымаўка. Але дыктатары розных калібраў ніяк не могуць яе зразумець. Яскравы прыклад гэтага – прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін, які, нягледзячы на гераічны супраціў украінцаў, спрабуе іх усё ж змусіць палюбіць «русский мир», наколькі б пачварным ён ні быў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Людзі наведваюць мясцовую сярэднюю школу, каб атрымаць гуманітарную дапамогу. Луганская вобласць, Украіна. 21 сакавіка 2022 года.
Фота: Stanislav Krasilnikov / TASS / Forum

За два месяцы поўнамаштабнай вайны ва Украіне расейскія войскі здолелі захапіць толькі адзін абласны цэнтр – Херсон. Пры гэтым украінскія ўзброеныя сілы здолелі адбіць напады на Кіеў і поўнач краіны, патапіць флагман чарнаморскага флоту РФ і знішчыць, паводле падлікаў ЗСУ, больш за 20 тысяч акупантаў. Аднак ніякія вайсковыя паразы не спыняюць захопніцкіх планаў Крамля. На днях стартавала другая фаза вайны, падчас якой Масква плануе засяродзіць свае высілкі на паўднёва-ўсходніх напрамках.

Аналітыка
«Тут месца нашым сучасным героям». У адказ на вайну Украіна пазбаўляецца ад рэшткаў «русского мира»
2022.04.19 13:07

Гэтая агрэсія ўжо моцна ўдарыла па рэштках «русского мира» ва Украіне ды паставіла пад пытанне далейшае існаванне там РПЦ. Але Крэмль не здаецца і працягвае з настойлівасцю Сізіфа прасоўваць ва Украіне свае каштоўнасці, каб, як прызнаецца сама расейская прапаганда, пазбавіць украінцаў этнічнай самаідэнтыфікацыі ды ўвогуле сцерці назву «Украіна».

Гэта выяўляецца па-рознаму. Дзесьці – у фізічных злачынствах: бамбаваннях гарадоў, масавых забойствах і згвалтаваннях, каб у тым ліку «перашкодзіць ім мець украінскіх дзяцей», крадзяжах і наўмысным знішчэнні інфраструктуры. А дзесьці – у спробах ідэалагічна апрацаваць украінцаў на акупаваных тэрыторыях. З апошнім мы і паспрабуем разабрацца ў гэтым артыкуле.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Сям’я ў пункце часовага размяшчэння, створаным у школе спартовага рэзерву № 13 у Таганрогу, Расея. 23 сакавіка 2022 года.
Фота: Erik Romanenko / TASS / Forum

Арышты і прапаганда

Акупуючы ўкраінскія гарады і вёскі, расейскія сілавікі зачышчаюць іх ад праўкраінскіх чыноўнікаў, актывістаў і журналістаў. Паводле падлікаў, з пачатку вайны былі выкрадзеныя як мінімум 13 кіраўнікоў грамадаў з шасці вобласцяў Украіны. Толькі ў Херсонскай вобласці ў закладніках застаюцца не менш за 137 украінскіх актывістаў, у тым ліку чацвёра журналістаў. Таксама тут, кажуць, з’явіўся аналаг данецкай «Ізаляцыі» для катаванняў не згодных з акупацыйным рэжымам. Сярод іншага шукаюць і беларускіх журналістаў.

Аб’ектыў
«Гэта генацыд, які мэтанакіравана здзяйсняе агрэсар». Расея абстрэльвае жылыя раёны
2022.04.18 22:59

Узамен законных уладаў, якія адмаўляюцца ад супрацы, акупанты прызначаюць сваіх. Такія «мэры» ўжо з’явіліся ў Марыупалі, Энэргадары, Мэлітопалі, Кахоўцы і гэтак далей. У будучыні там плануюць правесці рэферэндум пра стварэнне «Херсонскай народнай рэспублікі».

Адначасова з гэтым акупанты спрабуюць наладзіць сваю прапагандысцкую працу. Гэтак, яшчэ 4 сакавіка расейскія вайскоўцы ўзялі пад кантроль тэлевізійную вежу Мэлітопалю і пачалі трансляваць расейскія тэлеканалы. У Херсоне таксама ўжо транслююцца больш за 20 расейскіх тэлеканалаў. А з Крыму запусцілі тэлеканал «Херсон 24», задача якога – запаўняць «інфармацыйны вакуум».

Вайна з помнікамі і кнігамі

Асобнаю часткай акупацыйнай палітыкі сталася вайна за гісторыю. Расейскія вайскоўцы вешаюць расейскія і савецкія сцягі, знішчаюць украінскія мемарыялы. Адначасова падчас абвешчанай Пуціным «сапраўднай дэкамунізацыі» Украіны аднаўляюць помнікі Уладзіміру Леніну, якога кіраўнік Крамля называў стваральнікам украінскай дзяржаўнасці. Зразумець логіку такога цяжка.

«Адновяць Леніна і ў Харкаве. Гэтак паступова і Ленін на Хрэшчатык вернецца, і Дзяржынскі да Лубянкі дойдзе. Справа часу», – спадзяецца расейскі пісьменнік і пясняр вайны Захар Прылепін.

Асаблівую цікавасць у акупантаў выклікаюць кнігі. Праўда, чытаць іх яны не збіраюцца. Паводле ўкраінскай выведкі, з бібліятэк акупаваных гарадоў канфіскуюць украінскую гістарычную і мастацкую літаратуру, якая не супадае з пастулатамі крамлёўскай прапаганды. Найбольшую цікавасць выклікаюць кнігі па гісторыі ўкраінскіх майданаў, АТА, украінскіх вызваленчых рухаў. Да «экстрэмісцкай» літаратуры адносяцца нават школьныя падручнікі. Сярод забароненых да згадвання імёнаў – Іван Мазэпа, Сямон Пятлюра, Сцяпан Бандэра, Раман Шухевіч, Вячаслаў Чарнавіл, Васіль Стус ды іншыя. Знойдзеныя кнігі адбіраюцца, знішчаюцца на месцы або вывозяцца ў невядомым напрамку.

Аналітыка
«РПЦ пачынае разыходзіцца па швах». Як патрыярх Кірыла падтрымаў вайну і згубіў Украіну. І не толькі яе
2022.04.05 10:35

Паведамленні ўкраінскай выведкі фактычна пацвердзіў кіраўнік Следчага камітэту РФ Аляксандр Бастрыкін, які даручыў «прааналізаваць змест украінскіх падручнікаў гісторыі з прыцягненнем адмыслоўцаў у гісторыі і даць прававую ацэнку таму факту, што ўкраінскія школьныя падручнікі выхоўваюць у дзяцей нянавісць да Расеі і расейскай мовы». Паводле расейскага СК, «гэтыя выданні скажаюць гістарычную праўду і фактычна фальсіфікуюць гісторыю». З якога часу сілавікі ў Расеі адказваюць за гісторыю, не ўдакладняюць.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Будынак школы пасля расейскага ракетнага ўдару ў Краматорску, Украіна. 13 красавіка 2022 года.
Фота: Wolfgang Schwan / Anadolu Agency / ABACAPRESS.COM / East News

Таксама паведамляецца, што на акупаваных тэрыторыях Украіны забараняюць выкладаць яе гісторыю, мову і літаратуру.

Дэпартацыя і дэўкраінізацыя дзяцей

Адной з практык расейскіх войскаў стаўся масавы вываз украінцаў у Расею. Упаўнаважаная Вярхоўнай Рады ў правах чалавека Людміла Дэнісава заявіла, што з Данецкай і Луганскай вобласцяў у Расею вывезлі больш за 700 тысячаў жыхароў, сярод іх – больш за 130 тысячаў дзяцей. Штодзень у Расею вывозяць каля 20 тысяч асобаў. Для гэтых мэтаў у Данецкай вобласці дзеіць адмысловы фільтрацыйны лагер.

Гісторыі
«Прайшлі праз фільтрацыю». Гісторыі ўцекачоў з Марыупалю
2022.04.14 21:04

Брытанскія журналісты кажуць, што для ўкраінцаў вылучылі месцы ў Сібіры, на Далёкім Усходзе і на Паўночным Каўказе. Некаторых накіроўваюць за 8,8 тысячы кіламетраў ад дому.

Пры гэтым выявілася «вострая праблема»: дзеці незалежнай дзяржавы не ведаюць мовы суседняй краіны.

«Шмат якія дзеці з вызваленых тэрыторыяў [так у Расеі называюць акупаваныя землі Украіны. – Заўвага рэд. Belsat.eu] не валодаюць расейскаю мовай у дастатковай ступені для засваення нашай агульнаадукацыйнай праграмы», – заявіла расейская сенатарка Лілія Гумерава.

Стварылі і рэестр украінскіх дзяцей, якіх плануюць аддаваць у расейскія сем’і. Нягледзячы нават на тое, што расейскае заканадаўства забараняе ўсынаўляць дзяцей без грамадзянства РФ.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Дзіця глядзіць у вакно вагона цягніка, які рыхтуецца да адпраўлення з вакзалу ў Львове ва Ужгарад. 3 сакавіка 2022 года.
Фота: Daniel LEAL / AFP / East News

«Пасля 2014 года дзяцей ва Украіне замбавалі. Цяпер дзеці будуць жыць у пэўным выхаваўчым асяроддзі. Для іх будуць мякка фармавацца сэнсы», – апраўдвае гвалтоўную русіфікацыю дзяцей расейскі палітолаг Дзмітрый Нячаеў.

Хто мае прышчэпку ад прапаганды?

Беларускі медыйны эксперт Паўлюк Быкоўскі ў каментары «Белсату» адзначыў, што пераключэнне тэлеканалаў і вяртанне зруйнаваных помнікаў Леніну, з аднаго боку, маюць сімвалічнае значэнне, а з другога – «прывучаюць людзей атрымліваць поўны набор звестак, якія будуюць карціну свету, патрэбную расейскім уладам».

«У гэтай карціне свету або нейкія факты будуць замоўчвацца, або будзе нейкая хлусня, але ўсё разам гэта будзе працаваць на тое, што ў Расеі не было іншага выйсця і яны мусілі зрабіць спецаперацыю ды гэтай далей», – мяркуе эксперт.

Паводле Быкоўскага, доўгае ўздзеянне такой прапаганды мае наступствы. Напрыклад, на тэрыторыях, доўгі час падкантрольных Крамлю, ёсць даволі высокі ўзровень падтрымання ягоных цяперашніх дзеянняў. Але на нядаўна акупаваных тэрыторыях такі эфект не будзе вельмі моцным.

Разам з тым сярод людзей, якія ўцякалі ад вайны да таго, як яна да іх дакранулася, будзе большая схільнасць прыняць расейскую інтэрпрэтацыю падзеяў, чымся сярод тых, хто сутыкнуўся з вайной. І прапаганда РФ ужо выкарыстоўвала выказванні некаторых украінскіх уцекачоў сабе на карысць.

«А вось людзі, якія самыя хаваліся ў сутарэннях, у якіх загінулі блізкія, якія бачылі на свае вочы, што ёсць вайна і як сябе паводзілі расейскія войскі, ужо маюць нейкую прышчэпку ад прапаганды. Не магу сказаць, што навечна, але на нейкі час яна будзе дзеяць», – адзначыў Паўлюк Быкоўскі.

На думку эксперта, такіх асобаў нельга цалкам перацягнуць на пазіцыю, што Расея справядліва напала на Украіну. Але прапаганда можа падштурхнуць іх да пазіцыі «нельга выявіць усёй праўды».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Жанчына сядзіць у школе ў сяле Ліманы, у якой жывуць уцекачы з Херсонскай вобласці. 28 сакавіка 2022 года.
Фота: Vincenzo Circosta / Zuma Press / Forum

Агулам жа, падкрэсліў Паўлюк Быкоўскі, падчас вайны да ўсіх паведамленняў з абодвух бакоў, якія немагчыма праверыць з дапамогаю незалежных журналістаў, у тым ліку пра знішчэнне кніг і перавучванне дзяцей, варта ставіцца скептычна, бо яны могуць выкарыстоўвацца для прапаганды і стварэння пэўных медыйных эфектаў сярод карыстальнікаў.

ПС belsat.eu

Стужка навінаў