З бізнес-цэнтру «Імагуру» выносяць мэблю і плачуць


19 красавіка з’явілася інфармацыя, што стартап-хаб «Імагуру» вымушаны будзе спыніць сваю працу на старым месцы, бо холдынг «Гарызонт», у якога крэатыўны цэнтр арандаваў памяшканне, з 30 красавіка ў аднабаковым парадку спыняе дамову арэнды. З ранку ў «Імагуру» ахвотныя забіраюць сабе мэблю і рэчы.

Стартап-хаб «Імагуру» 20 красавіка.
Фота: Белсат

«Мы не маем намеру пакінуць гэтаму рэжыму і яго слугам ХОЦЬ ШТОСЬЦІ ад ранейшай атмасферы «Імагуру». Выберыце сабе штосьці для офісу і дому і забірайце. Хай часцінка «Імагуру» лепш захаваецца ў вас дома або ў офісе, чым застанецца ўласніку будынку», – напісалі напярэдадні заснавальнікі хабу.

Узяць сабе кавалачак крэатыўнай прасторы людзі прыязджалі сёння ад самай раніцы. Некаторыя пакідаюць заяўкі на сайце, хтосьці лепіць стыкеры з нумарамі на канапы і сталы, іншыя ўжо грузяць крэслы ў падагнаныя машыны.

Відовішча вельмі цяжкае. Працаўнікі «Імагуру» – разгубленыя і са слязьмі на вачах. Адна спадарыня намагаецца ўпарадкаваць разбор мэблі, іншая каардынуе людзей і прымае аплату, а трэцяя ратуе ката.

Стартап-хаб «Імагуру» 20 красавіка. Адміністратарка Дар’я Маргашкіна
Фота: Белсат

«Я тут прабыла не вельмі доўга, каля месяца, але «Імагуру» я ведаю даволі даўно, у мяне тут сяброўка працавала, і я хадзіла сюды. Вельмі сумна, бо гэта было выбітнае месца, дзе можна было і адпачыць, і папрацаваць, і добры калектыў, што сустракаецца не так ужо і часта», – кажа адміністратарка Дар’я Маргашкіна.

Цяпер «Імагуру» мяняе рэжым працы.

«У пандэмію «Імагуру» перайшоў на онлайн-рэжым, у нас заставаўся толькі офіс у рэжыме каўоркінгу. Цяпер нашая мэта – зноў перайсці ў онлайн, а пазней, у новай Беларусі, адкрыць новае памяшканне і зноў прымаць кліентаў, каб людзі былі датычныя да нас», – распавяла Дар’я.

Стартап-хаб «Імагуру» 20 красавіка.
Фота: Белсат

Да 30 красавіка ў «Імагуру» працягнуцца запланаваныя сустрэчы, а ў апошні дзень месяца, хутчэй за ўсё, адбудзецца развітальная вечарына.

Стартап-хаб «Імагуру» 20 красавіка.
Фота: Белсат
Стартап-хаб «Імагуру» 20 красавіка.
Фота: Белсат
Стартап-хаб «Імагуру» 20 красавіка.
Фота: Белсат
Стартап-хаб «Імагуру» 20 красавіка.
Фота: Белсат

За сем гадоў у памяшканні на Фабрыцыуса прайшло безліч імпрэзаў, падзеяў, тут працавалі школы і хакатоны, стартавалі паспяховыя праекты.

«Дзяржава можа адабраць у нас памяшканне, разбурыць бізнес фізічна, але ніколі не зможа адняць тое, што ёсць унутры нас – гэта нашая свабода, нашыя таленты, нашыя мазгі, наша супольнасць. Мы ўжо пабудавалі супольнасць свабодных, прадпрымальных, актыўных людзей – і гэта ўнёсак «Імагуру» ў агульную перамогу», – напісана на сайце «Імагуру».

Hавiны
Дзяржава закрывае Imaguru Startup HUB – галоўны стартап-хаб краіны
2021.04.19 22:33

МГМ belsat.eu

Стужка навінаў