У Беларусі зачынілася гандлёвая сетка, у якой было да 75 крамаў


Крама «Дамашні».
Фота: slutsk-gorod.by

Зачыніліся амаль усе крамы сеткі «Дамашні». Пра гэта са спасылкай на свае крыніцы паведамляе TUT.by.

Паводле іх, ключавыя юрыдычныя асобы аператара з 12 красавіка знаходзяцца ў ліквідацыі. Не працуе сайт рытэйлера, а пастаўляльнікі сталі атрымліваць ад крамаў «Дамашні» сваё абсталяванне. Топ-менеджары сеткі звольніліся яшчэ ў канцы сакавіка.

У лютым 2021 года пастаўляльнікі паведамлялі пра запазычанасці сеткі на сотні тысяч рублёў. У адказ аператар пачаў зачыняць стратныя крамы, рэарганізоўваць свой бізнес праз вылучэнне 16 кампаніяў і весці перамовы з новымі інвестарамі. У гэты ж час пастаўляльнікаў сталі выклікаць у ДФР, паведамляюць крыніцы TUT.by.

Паводле выдання, 16 красавіка сілавікі наведваліся ў галаўны офіс «НП-Сэрвісу» – буйны дыстрыбʼютар тавараў паўсядзённага попыту. Гэтая кампанія лічыцца падкантрольнай заснавальніку сеткі крамаў «Дамашні» Івану Беразоўскаму. Дзе цяпер бізнесовец, невядома.

Першы супермаркет «Дамашні» пачаў працу 3 лютага 2016 года. На піку сетка налічвала больш як 75 крамаў па ўсёй Беларусі.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў