Памёр прэзідэнт Чаду, які кіраваў краінай з 1990 года

Прэзідэнт Чаду Ідрыс Дэбі. Фота: presidence.td

Прэзідэнт Чаду Ідрыс Дэбі Ітно памёр ад раненняў, атрыманых ім падчас баявых дзеянняў супраць паўстанцаў. Пра гэта паведаміла «Aljazeera» са спасылкай на вайсковае камандаванне Чаду.

Сёння, 20 красавіка, ён быў шосты раз зацверджаны на пасадзе кіраўніка дзяржавы пасля падвядзення вынікаў выбараў, якія прайшлі 11 красавіка.

Ідрыс Дэбі нарадзіўся 18 чэрвеня 1952 года. Навучаўся ў Чадзе і Францыі. У 1980 годзе падчас грамадзянскай вайны быў прызначаны начальнікам штабу Вайсковых сілаў Поўначы, а праз два гады – камандуючым Узброенымі сіламі Чаду. У 1989 годзе быў абвінавачаны ў рыхтаванні ваеннага перавароту і хаваўся ў Лівіі ды Судане. Зрынуўшы дзейнага кіраўніка краіны, у снежні 1990 года ўзначаліў часовую Дзяржаўную раду Чаду.

Памёр прэзідэнт Танзаніі, які адмаўляў каронавірус

Упершыню быў абвешчаны прэзідэнтам у 1991 годзе. У 2005 годзе на рэферэндуме Ідрыс Дэбі адмяніў абмежаванне на колькасць прэзідэнцкіх тэрмінаў. Гэта дазволіла яму балатавацца на выбары аж да дасягнення ім узросту 70 гадоў. Ідрыс Дэбі пераабіраўся на пасаду прэзідэнта ў 1995, 2001, 2006, 2011 і 2016 гадах. У жніўні 2020 года парламент надаў яму званне фельдмаршала.

Чарговыя прэзідэнцкія выбары Ідрыс Дэбі выйграў у красавіку 2021 года, афіцыйна набраўшы больш як 79 % галасоў. Але вынікі выбараў не прызналі ўзброеныя паўстанцы, якія вырушылі з войскам на сталіцу Чаду – Нджамэну.

МГ belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны