Лукашэнка ўвайшоў у топ-10 кіраўнікоў свету, якія сама доўга застаюцца ва ўладзе

У перапынку паміж перамовамі Лукашэнка і Пуцін гулялі ў хакей. Фота: Mikhail Klimentyev/Kremlin

Смерць прэзідэнта Чаду Ідрыса Дэбі дазволіла Аляксандру Лукашэнку патрапіць у сусветны топ-10 неманархічных кіраўнікоў краін паводле працягласці знаходжання ва ўладзе.

68-гадовы Ідрыс Дэбі, які загінуў 20 красавіка, кіраваў Чадам са снежня 1990 года. У спісе кіраўнікоў краін, якія найбольш знаходзяцца ва ўладзе і пры гэтым не з’яўляюцца манархамі, ён займаў восьмае месца.

Памёр прэзідэнт Чаду, які кіраваў краінай з 1990 года

На першай пазіцыі ў рэйтынгу знаходзіцца Поль Бія – 88-гадовы прэзідэнт Камеруну. Сваёй краінай ён кіруе з 30 чэрвеня 1975 года.

Срэбра ў прэзідэнта Экватарыяльнай Гвінеі Тэадора Аб’янгі. Сваю пасаду ён заняў 30 жніўня 1979 года.

Трэцяе месца займае Алі Хамэнэі, які ўзначаліў Іран 13 кастрычніка 1981 года. Спачатку 82-гадовы палітык быў прэзідэнтам краіны, а затым стаў Вярхоўным лідарам.

У топ-10 таксама ўвайшлі прэзідэнт Рэспублікі Конга Дэні Сасу Нгуэса (кіруе 37 гадоў), прэм’ер-міністр Камбоджы Хун Сэн (36 гадоў ва ўладзе), прэзідэнт Уганды Ёўэры Мусэвэні (35 гадоў), фактычны вярхоўны кіраўнік Казахстана Нурсултан Назарбаеў (29 гадоў, дагэтуль кіраваў яшчэ Казахскай ССР), прэзідэнт Таджыкістану Эмамалі Рахмон (28 гадоў) і прэзідэнт Эрытрэі Ісаяс Афэвэркі (амаль 28 гадоў).

Замыкае топ-10 спісу Аляксандр Лукашэнка, які ўпершыню заступіў на прэзідэнцкую пасаду яшчэ 20 ліпеня 1994 года – амаль 26 гадоў і 273 дні таму.

МГ belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны