Дзярждэп ЗША цалкам падтрымаў аднаўленне санкцыяў супраць беларускіх дзяржпрадпрыемстваў

Будынак Дзярждэпартаменту ЗША ў Вашынгтоне. Фота: golos-ameriki.ru

Дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен паведаміў, што Дзяржаўны дэпартамент цалкам падтрымаў рашэнне Мінфіну аднавіць санкцыі супраць дзевяці беларускіх дзяржпрадпрыемстваў.

«Гэта дзеянне з’яўляецца яшчэ адным следствам відавочнага ігнаравання ўладамі Беларусі правоў чалавека і невыкананне Беларуссю сваіх абавязкаў у міжнароднаму праву ў галіне правоў чалавека», – сказаў ён.

Паводле яго, дзевяць дзяржаўных прадпрыемстваў, якія патрапілі пад санкцыі, «фінансуюць і падтрымліваюць рэжым Лукашэнкі, спрыяючы яго жорсткім рэпрэсіям у дачыненні да беларускага народа і неаднаразоваму непрыманню вяршэнства закона».

Энтані Блінкен падкрэсліў, што ў выніку задушэння ўрадам пратэстаў супраць сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў у жніўні 2020 года ў Беларусі сёння больш за 340 палітвязняў «за выкарыстанне сваіх правоў чалавека і асноўных свабодаў».

Дзяржсакратар заклікаў беларускія ўлады «неадкладна і безумоўна вызваліць усіх несправядліва затрыманых або зняволеных».

ЗША размарожваюць санкцыі супраць Беларусі

Міністэрства фінансаў ЗША адклікала генеральную ліцэнзію, якая прыпыняла санкцыі ў дачыненні да дзевяці беларускіх прадпрыемстваў.

Паводле пастановы Мінфіну ЗША з 3 чэрвеня 2021, ЗША аднаўляюць санкцыі ў дачыненні да беларускіх прадпрыемстваў. У чорны спіс Злучаных Штатаў уключаныя «Беларускі Дом гандлю нафтай», «Белнафтахім», «Белнафтахім ЗША, Inc», ААТ «Белшына», ААТ «Горадня Азот», ААТ «Горадня Хімвалакно», ААТ «Лакафарба», ААТ «Нафтан», ААТ «Полацк Шкловалакно».

МГ belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны