255-ы дзень пратэстаў. Разгляд апеляцыі ў справе Кацярыны Барысевіч, Ціханоўская зладзіла шэраг сустрэчаў

Акцыі пратэсту ў Беларусі працягваюцца 255 дзён. Грамадзяне краіны патрабуюць спыненне гвалту, пакараць вінаватых у прававым бязмежжы. «Белсат» падводзіць вынікі дня.

Ціханоўская прадстаўляе Беларусь

Падчас афіцыйнага адкрыцця дзявятай сесіі Парламенцкай асамблеі «Еўранэст» Святлана Ціханоўская звярнулася да дэлегатаў. Экс-кандыдат на прэзідэнцтва ў Беларусі распавяла пра прававы дэфолт, гвалт і пераслед у Беларусі. Палітык заклікалі краіны ЕЗ стаць пасярэднікамі ў дыялогу паміж рэжымам і народам.

Святлана Ціханоўская. Фота: Святлана Ціханоўская / Telegram

Акрамя гэтага Святлана Ціханоўская заклікала Еўразвяз спрасціць візавы рэжым для беларусаў і абмеркаваць магчымасць бязвізавага ўезду ў ЕЗ, таксама ўдзелу Беларусі ў еўрапейскіх праграмах абмену Erasmus Plus і Horizon Europe. Закранула Ціханоўская і эканамічныя аспект дапамогі для будучай дэмакратычнай Беларусі.

Плануецца, што Парламенцкая Асамблея «Еўранэст» прыме рэзалюцыю, у якой асаблівая ўвага будзе прысвечаная Беларусі.

Сустрэча Ціханоўскай з амбасадарам Польшчы

Акрамя гэтага лідарка беларускага пратэсту Святлана Ціханоўская 20 красавіка сустрэлася з амбасадарам Польшчы ў Беларусі Артурам Міхальскім.

На сустрэчы абмяркоўвалася сітуацыя з польскай меншасцю ў Беларусі, закрыццё польскай школы і арышт сябраў Саюзу палякаў у Беларусі (Анджэя Пачобута, Анджэлікі Борыс ды іншых). Таксама бакі размаўлялі пра падтрыманне беларускай грамадзянскай супольнасці ды журналістаў.

«Абмяркоўвалі агулам, якія канфігурацыі рэгіянальнай супрацы могуць быць у доўгатэрміновай перспектыве. Галоўнай ідэяй дыскусіі была роля новай Беларусі ў рэгіёне. Ці гэта месца сустрэчаў? Ці гэта масток паміж Усходам і Захадам? Ці Беларусь як частка Балта-Чарнаморскага альянсу або Люблінскага квартэту?» – паведаміў «Белсату» дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка.

Сустрэча Святланы Ціханоўскай з амбасадарам Польшчы ў Беларусі Артурам Міхальскім. Вільня, Літва. 20 красавіка 2021 года. Фота: ГР / Белсат

Разгляд апеляцыі ў справе Кацярыны Барысевіч

Менскі гарадскі суд разгледзеў апеляцыю на прысуд журналістцы TUT.BY Кацярыне Барысевіч. Перагляд судовай справы запатрабаваў пракурор, які палічыў, што прысуд для Кацярыны занадта мяккі. Тым не менш, суд пакінуў у сіле ранейшы прысуд журналістцы – 6 месяцаў турэмнага зняволення.

Кацярына Барысевіч. Фота: TUT.BY

2 сакавіка Кацярыну Барысевіч суд Маскоўскага раёна прызнаў вінаватай у разгалошванні медычнай таямніцы і прысудзіў журналістцы шэсць месяцаў пазбаўлення волі. Пракуратура палічыла такое рашэнне мяккім – і падала пратэст. Абарона Кацярыны Барысевіч настойваюць, што яна не вінаватая, і патрабуюць яе апраўдання.

Кацярына Барысевіч надалей застанецца пад вартай і выйдзе на волю 19 траўня.

Менгарсуд разгледзеў апеляцыю пракуратуры на прысуд журналістцы Кацярыне Барысевіч

Стартап-хаб «Імагуру» спыніў працу на старым месцы

19 красавіка з’явілася інфармацыя, што стартап-хаб «Імагуру» вымушаны будзе спыніць сваю працу на старым месцы, бо холдынг «Гарызонт», у якога крэатыўны цэнтр арандаваў памяшканне, з 30 красавіка ў аднабаковым парадку спыняе дамову арэнды. З ранку ў «Імагуру» ахвотныя забіраюць сабе мэблю і рэчы.

Стартап-хаб «Імагуру» 20 красавіка. Фота: Белсат

«Мы не маем намеру пакінуць гэтаму рэжыму і яго слугам ХОЦЬ ШТОСЬЦІ ад ранейшай атмасферы «Імагуру». Выберыце сабе штосьці для офісу і дому і забірайце. Хай часцінка «Імагуру» лепш захаваецца ў вас дома або ў офісе, чым застанецца ўласніку будынку», – напісалі напярэдадні заснавальнікі хабу.

Узяць сабе кавалачак крэатыўнай прасторы людзі прыязджалі сёння ад самай раніцы. Некаторыя пакідаюць заяўкі на сайце, хтосьці лепіць стыкеры з нумарамі на канапы і сталы, іншыя ўжо грузяць крэслы ў падагнаныя машыны.

З бізнес-цэнтру «Імагуру» выносяць мэблю і плачуць

Шматдзетнай маці сабралі грошы на аплату штрафаў

30-гадовая віцяблянка Ганна Куліева выхоўвае чатырох няпоўнагадовых дачок. Пасля прэзідэнцкіх выбараў Ганна, абураная агрэсіяй з боку сілавікоў, узяла ўдзел у пратэстах. За гэта яе пакаралі штрафамі, агульная сума якіх склала больш за 4500 рублёў.

Ганна Куліева. Скрын з відэа

Каб іх заплаціць, Ганна збіралася браць крэдыт.

«Выхоўваем усё ж такі дзяцей – дзяўчатак. І вы ж самі разумееце – трэба і пакарміць, і абуць, і апрануць. Гэта ж мы, дарослыя, можам сабе ў нечым адмовіць. Дзецям жа не адмовіш», – дзеліцца Ганна.

Неабходная для аплаты штрафаў сума была на картцы жанчыны ўжо праз паўтары гадзіны пасля выхаду сюжэту на «Белсаце».

«Эмоцыі зашкальвалі, я прарыдала ўсю ноч, бо не чакала такога, такой салідарнасці ад людзей. Зранку аплаціла ў банку ўвесь штраф цалкам. У мяне проста пакуль няма словаў, каб выказаць удзячнасць людзям!» – кажа Ганна Куліева.

За паўтары гадзіны шматдзетнай маці сабралі грошы на аплату штрафаў у Br 4500

Украінскі дэпутат адкажа за сустрэчу з Лукашэнкам

Аляксандр Лукашэнка 20 красавіка сустрэўся з украінскім дэпутатам Яўгенам Шаўчэнкам. У Вярхоўнай Радзе гэтай падзеі не ацанілі.

Сустрэча Шаўчэнкі і Лукашэнкі 20 красавіка. Фота: прэс-служба Лукашэнкі

Яўген Шаўчэнка – дэпутат Вярхоўнай Рады ад кіроўнай фракцыі «Слуга народу». Але на перамовах з Лукашэнкам выступаў як прыватная асоба, а не як прадстаўнік Украіны, заявіў намеснік кіраўніка фракцыі Аляксандр Карніенка, паведамляе LIGA.net.

Паводле яго, такая сустрэча – асабістая ініцыятыва дэпутата. Карніенка зазначыў, што фракцыя «Слуга народу» запатрабуе ад Шаўчэнкі тлумачэнняў.

Папулярны Telegram-канал прызналі экстрэмісцкім

Сілавікі рапартуюць, што Telegram-канал «Беларусь галаўнога мозгу» сістэматычна размяшчае экстрэмісцкія матэрыялы, у тым ліку накіраваныя на распальванне сацыяльнай варажнечы, а таксама абразы прадстаўнікоў праваахоўных органаў і дзяржслужбоўцаў.

«Для дэстабілізацыі грамадска-палітычнай сітуацыі ў Беларусі і змены канстытуцыйнага ладу ўдзельнікі канала рэгулярна заклікалі да масавых беспарадкаў, вулічных пратэстаў, хуліганства, радыкалізацыі, вандалізму, супраціву міліцыянтам, блакаванняў руху на аўтамабільных шляхах і чыгунцы», – гаворыцца ў паведамленні МУС.

У сувязі з гэтым 19 красавіка суд Чыгуначнага раёна Гомля на падставе матэрыялаў ГУБАЗіК прызнаў Telegram-канал «Беларусь галаўнога мозгу» экстрэмісцкім. Цяпер за публікацыю (рэпост) інфармацыі з названага інтэрнэт-рэсурсу будзе адміністратыўны пераслед і пакаранне нават да арышту.

Ігар Лосік. Фота з Facebook

Telegram-канал «Беларусь галаўнога мозгу» налічвае 277 тысячаў падпісчыкаў. Заснаваў яго блогер Ігар Лосік, які з 25 чэрвеня 2020 году знаходзіцца ў СІЗА. Палітвязня вінавацяць паводле ч. 1 арт. 342 КК («Групавыя захады, якія груба парушаюць грамадскі парадак»), ч. 2 арт. 293 КК) («Падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках»). 11 сакавіка стала вядома, што Ігару Лосіку выставілі новае абвінавачанне. У адказ на гэта палітвязень на вачах у следчага і адваката спрабаваў парэзаць сабе жылы і абвесціў сухое галадаванне на знак пратэсту.

Палітвязню Ігару Лосіку працягнулі тэрмін утрымання пад вартай

Дзярждэп ЗША падтрымаў аднаўленне санкцыяў

Дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен паведаміў, што Дзяржаўны дэпартамент цалкам падтрымаў рашэнне Мінфіну аднавіць санкцыі супраць дзевяці беларускіх дзяржпрадпрыемстваў.

«Гэта дзеянне з’яўляецца яшчэ адным следствам відавочнага ігнаравання ўладамі Беларусі правоў чалавека і невыкананне Беларуссю сваіх абавязкаў у міжнароднаму праву ў галіне правоў чалавека», – сказаў ён.

Дзярждэп ЗША цалкам падтрымаў аднаўленне санкцыяў супраць беларускіх дзяржпрадпрыемстваў

Паводле яго, дзевяць дзяржаўных прадпрыемстваў, якія патрапілі пад санкцыі, «фінансуюць і падтрымліваюць рэжым Лукашэнкі, спрыяючы яго жорсткім рэпрэсіям у дачыненні да беларускага народа і неаднаразоваму непрыманню вяршэнства закона».

Энтані Блінкен падкрэсліў, што ў выніку задушэння ўрадам пратэстаў супраць сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў у жніўні 2020 года ў Беларусі сёння больш за 340 палітвязняў «за выкарыстанне сваіх правоў чалавека і асноўных свабодаў».

У Горадні хочуць ліквідаваць культавы Цэнтр гарадскога жыцця

СК belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны