У Кіеве лічаць, што Беларусь рыхтуецца да ўварвання на тэрыторыю Украіны


Украінскае вайсковае кіраўніцтва лічыць, што існуе высокая імавернасць уцягванне беларускай арміі ў расейскую агрэсію супраць Украіны.

«Зафіксаваныя прыкметы рыхтавання Узброеных сілаў Рэспублікі Беларусь да ўварвання на тэрыторыю Украіны. Сілы абароны нашай дзяржавы гатовыя даць адпор. Беспасярэдняе ўцягванне беларускіх войскаў ва ўзброеную агрэсію Расеі супраць Украіны супраць волі звычайных салдатаў і пераважнай большасці беларускага народу станецца фатальнаю памылкай Аляксандра Лукашэнкі», – адзначаецца ў паведамленні Міністэрства абароны Украіны.

У Генеральным штабе Збройных сілаў Украіны паведамілі УНІАН, што пагроза наступлення з Беларусі на Валынскім напрамку «ацэньваецца як высокая».

«Українська правда» са спасылкаю на ўласныя крыніцы ў выведцы паведамляе, што на працягу найбліжэйшых 1-2 дзён Беларусь уступіць у вайну з Украінаю на баку Расеі. Крыніца выдання адзначае, што беларусы нідзе не ваявалі, не маюць ні баявога досведу, ні зразумелых ім прычынаў для вайны з Украінай, і лічыць, што «беларускія вайскоўцы стануць гарматным мясам на тэрыторыі Украіны».

Нагадаем: учора стала вядома, што Украіну пакінуў беларускі амбасадар Ігар Сокал і яшчэ 11 дыпламатаў.

Аналітыка
Што трэба ведаць пра магчымы контрудар Украіны па тэрыторыі Беларусі
2022.03.02 15:56

РР belsat.eu

Стужка навінаў