Пераважная большасць украінцаў лічыць Беларусь варожаю дзяржаваю


Сацыялагічная група «Рэйтынг» праводзіла апытанне ва Украіне 18 сакавіка.

Паводле вынікаў даследавання, 95 % украінцаў лічаць Расею «адназначна варожаю», яшчэ 3 % – «хутчэй варожаю».

52 % апытаных лічаць Беларусь «адназначна» і 32 % «хутчэй» варожаю дзяржаваю. 9 % украінцаў успрымаюць Беларусь «нейтральнаю», 3 % – «хутчэй дружалюбнай» і толькі 1 % – «адназначна дружалюбнаю» краінаю.

На думку ўкраінцаў, найбольш сяброўскія для Украіны дзяржавы цяпер Польшча, Літва, Вялікая Брытанія і ЗША.

Даследаванне «Рэйтынгу» таксама дэманструе, што ўкраінскі народ верыць у перамогу: 93 % апытаных вераць, што Украіна адаб’е напад Расеі.

Амаль палова (47 %) апытаных спадзяюцца, што Украіна пераможа ў вайне з Расеяй ужо бліжэйшымі тыднямі. Чвэрць (23 %) мяркуе, што вайна будзе доўжыцца некалькі месяцаў. Толькі 12 % думаюць, што вайна скончыцца праз паўгода, год ці болей.

  • Лукашэнкаўская Беларусь – суўдзельніца пуцінскай агрэсіі супраць Украіны. З тэрыторыі Беларусі наносяцца ракетныя і авіяцыйныя ўдары, адсюль разгортваецца наземны наступ расейскіх войскаў, які пагражае Кіеву. Падобная роля Беларусі ў канфлікце трактуецца адназначна: згодна з рэзалюцыяй 3314 Генеральнай асамблеі ААН ад 14 снежня 1974 года, дзеянні дзяржавы, якая дае сваю тэрыторыю для здзяйснення акту агрэсіі ў дачыненні трэцяй краіны, таксама расцэньваецца як агрэсія. Але пакуль што беларуская армія беспасярэдне ў ваенным канфлікце не бярэ ўдзелу.

РР belsat.eu

Стужка навінаў