«Нельга выключаць і дзяржаўнага перавароту». Што агульнага ў сённяшняй Расеі з лютаўскаю рэвалюцыяй


У сакавіку мінула 105 гадоў з моманту лютаўскай рэвалюцыі ў Расеі. Падчас непапулярнай вайны там скінулі мясцовага цара, які з дапамогаю шапказакідальніцтва хацеў перамагчы іншыя краіны, ды паспрабавалі паставіць краіну на дэмакратычныя рэйкі. А ў Расейскай імперыі пасля гэтага пачалі набіраць моц сепаратысцкія рухі. Ці ёсць у гэтым аналогіі з сённяшняю вайною Расеі ва Украіне? Чаго чакаць у будучыні і ці можна ўжо цяпер убачыць пэўныя тэндэнцыі? На гэтыя ды іншыя пытанні ў размове з «Белсатам» адказаў беларускі гісторык Аляксандр Пашкевіч.

Даведка
Гісторык Аляксандр Пашкевіч. Фота для рэдакцыі

– У гэтыя дні спаўняецца 105 гадоў з лютаўскай рэвалюцыі ў Расеі. Шмат у чым яна была выкліканая непапулярнаю сярод насельніцтва Першаю сусветнаю вайною. Пры гэтым сама вайна пачыналася ў Расеі з ура-патрыятызму, а скончылася развалам імперыі, грамадзянскаю вайною, ганебным мірам і расстрэлам царскай сям’і. Як так атрымалася? Чаму народныя захапленні за 2,5 года так рэзка змяніліся?

– Тут усё насамрэч вельмі проста. За тыя 2,5 года насельніцтва на ўласнай шкуры адчула ўсе негатыўныя наступствы, што прыносіць зацяжная вайна. Спачатку думалася, што ўсё будзе вельмі проста, расейская армія – самая моцная ў свеце, і справа яе самая справядлівая, у адрозненне ад іншых. Што бярэ ўдзел Расея ў вайне вымушана, што не яна яе пачала, але калі зроблены выклік, то што ж рабіць, трэба бараніць братоў-сербаў і даць па галаве германцам ды аўстрыякам, якія страцілі берагі… Карацей, быў задзеяны ўвесь набор прапагандысцкіх клішэ, знаёмы нам з цяперашняй Расеі, і дзяржаўная прапагандысцкая машына аказалася вельмі паспяховай. І калі б вайна працягнулася нядоўга і з поспехам для расейскай арміі, то, несумненна, гэта толькі падняло б прэстыж улады.

Украінскі горад Валнаваха пасля абстрэлу. 13 сакавіка 2022 года.
Фота: Stringer / Белсат

Але насамрэч спачатку сапраўды дастаткова паспяховая вайна з часам стала складвацца для Расеі ўсё горш, войска мусіла адступаць, пакідаць супраціўніку тэрыторыю. Урэшце фронт стабілізаваўся, яго лінія працяглы час не мянялася. У тыл ішлі пахавальныя лісты, ваенныя выдаткі падкасілі эканоміку, жыць рабілася ўсё цяжэй. А самае галоўнае – насельніцтва з часам зусім перастала разумець мэты вайны, за што на фронце гінуць тысячы маладых мужчынаў з усёй імперыі ды за што пераносяцца цяжкасці і страты. Пагатоў паралельна сталі выходзіць наяву звесткі пра розныя непрыглядныя бакі жыцця элітаў з царскім дваром уключна, шырыцца чуткі пра здраду. У выніку ніхто ўжо не хацеў ні за што ваяваць, а перадусім салдаты на фронце. Жаданне міру, прытым любою цаною, сталася асноўным і ледзь не ўсеагульным.

У такіх умовах і адбылася лютаўская рэвалюцыя ў Расеі, зусім мірная і бяскроўная. Цара зрынулі, і ніхто не стаў яго асабліва абараняць. Гэтая ўлада настолькі сябе дыскрэдытавала, што нават пасля, ужо ў час грамадзянскай вайны ў Расеі, ніводная сур’ёзная палітычная сіла не змагалася за тое, каб вярнуць цара і старыя парадкі.

– Першая сусветная, расейска-японская, савецка-фінская, войны ў Афганістане і Украіне. Здаецца, што шапказакідальніцтва – адна з галоўных рысаў расейскага генералітэту ў ХХ–ХХІ стагоддзях. Што вы на гэты конт думаеце?

– Так, гэта вечная праблема для ўсіх рэінкарнацыяў Расейскай імперыі – вялікая пачатковая самаўпэўненасць адносна моцы ўласнага войска і прыход да прытомнасці ды вяртанне на грэшную зямлю толькі пасля таго, як неадпаведнасць аптымістычных ацэнак рэальнаму стану рэчаў выяўляецца на полі бою.

Думаю, што першасная прычына гэтага – замыканне дзяржаўнага кіраўніцтва, у тым ліку і вайсковага, у пэўным кокане, адсутнасць ці прынамсі абмежаванасць яго зваротнай сувязі з грамадствам, жыццё ва ўласным свеце, у якім тыя, хто адказны за прыняцце рашэнняў, атрымліваюць толькі тую інфармацыю, якую яны самі хочуць атрымаць. Прытым на ўсіх узроўнях. І інфармацыя пра стан войска не выключэнне. А пры ўсіх пералічаных вышэй выпадках у Расеі была акурат такая сітуацыя.

Уладзімір Пуцін на мітынгу ў Маскве, 18 сакавіка 2022 года.
Фота: Mikhail Metzel/TASS

Да таго ж у падобнай сістэме кадравая палітыка праводзіцца такім чынам, што галоўным крытэрам для прызначэння на высокія пасады робіцца не ўзровень прафесіяналізму, а асабістая адданасць сістэме і правадыру. Генералы таксама прызначаюцца паводле падобнага прынцыпу, а таму часта пад пытаннем нават іхная звычайная кампетэнтнасць. Такія людзі могуць не толькі выдаваць пажаданае за сапраўднае ў рэляцыях начальству, але і самі ў гэта верыць.

– У расейскіх ультрапатрыятычных колах вельмі папулярная і нават міфалагізаваная асоба цара Мікалая ІІ. Але чаму ў Крамлі не робяць працы над ягонымі памылкамі і паўтараюць іх ізноў?

– Менавіта таму, што асоба Мікалая ІІ міфалагізаваная, а міфалагізаванасць персанажа не асабліва схіляе да рэфлексіяў над ягоным рэальным вобразам. Увогуле гэты імператар зусім не належыць да ліку вялікіх уладароў, з іменем якога звязаныя нейкія асаблівыя для росквіту імперыі здзяйсненні. Прычына папулярнасці ягонай асобы ва ультрапатрыятычных колах – толькі трагічны лёс гэтага манарха і ягонай сям’і. Толькі праз гэты факт яго залічылі да святых і наагул павесілі на штандары. У іншым выпадку наўрад ці б так было.

Што да Крамля, то акурат там, здаецца, ніякага культу менавіта Мікалая ІІ няма. Наадварот, Пуцін неаднаразова згадваў пра яго як пра слабога палітыка. Што да працы над ягонымі, дый не толькі, памылкамі, то наўрад ці сучаснае крамлёўскае кіраўніцтва на падобныя рэчы здольнае. Яно нават сучаснасць успрымае вельмі спецыфічна: экспертная ацэнка ў крамлёўскіх колах, як аказалася, на зусім нулявым узроўні. То як пры поўнай ірацыянальнасці прыняцця шмат якіх цяперашніх лёсавызначальных рашэнняў можна казаць пра здольнасць да нейкіх глыбокіх рэфлексіяў і ўменне рабіць высновы з чужых памылак далёкага мінулага? Калі нават свае ўласныя нядаўнія памылкі на ўкраінскім кірунку (2004 і 2014 гадоў) не адрэфлексаваныя і з іх не зроблена ніякіх высноваў?

– Ці чакаеце вы, з улікам гістарычных аналогіяў і ведання працэсаў, моцных пратэстаў у расейскім грамадстве на фоне вайны з Украінаю, падзення іміджу Пуціна, а то і ўвогуле дзяржаўнага перавароту? Ці саспявае ў Расеі рэвалюцыйная сітуацыя, акрэсленая ў вядомай формуле Леніна пра нізы і вярхі?

Думаю, падзенне іміджу Пуціна і змяншэнне ягонай падтрымкі ў расейскім грамадстве непазбежнае. З той прычыны, што маленькай пераможнай вайны з Украінай не атрымалася, а расейскія стратэгі зрабілі буйныя пралікі не толькі адносна хады баявых дзеянняў, але і рэакцыі на агрэсію з боку Захаду. Вайна зацягваецца, яна прыносіць расейскаму грамадству вялікія страты, у тым ліку і чалавечыя, а накладзеныя санкцыі гэтым разам зусім не сімвалічныя, іх так ці інакш адчуе на сабе кожны расяянін.

Амаль у 50 гарадах па ўсёй Расеі прайшлі акцыі супраць вайны ва Украіне. Масква, Расея. 27 лютага 2022 года.
Фота: Vot Tak TV / Белсат

Вядома, у руках Пуціна застаецца моцны інструмент уплыву ў выглядзе магутнага і вельмі прафесійнага, гадамі адточанага прапагандысцкага апарату, які ў расейскіх умовах дасюль дзеяў у справе фармавання грамадскай думкі жахліва эфектыўна. Але гэтая эфектыўнасць можа быць моцна падточаная, калі сцвярджэнні прапагандыстаў стануць вельмі ўжо супярэчыць рэальнай сітуацыі – той, з якой расейцы штодзень сутыкаюцца непасрэдна.

Іншая рэч, наколькі хутка гэтая незадаволенасць можа знайсці выяўленне ў масавым пратэставым руху і якія формы ён прыме. Гэта прагназаваць вельмі складана ўвогуле нават тым, хто ў гэтым грамадства (напрыклад, высокая гатовасць беларускага грамадства да пратэставай актыўнасці ў 2020 годзе сталася сюрпрызам і для самых беларусаў), не кажучы пра знешніх назіральнікаў.

Аналітыка
Учынак, падрыхтоўка перавароту ці метадычка Суркова? Ацэнкі акцыі Марыны Аўсяннікавай у эфіры «Первого канала»
2022.03.15 13:12

Але відаць, што ўжо цяпер пэўныя браджэнні ідуць нават у прапагандысцкім апараце (кейс Аўсяннікавай, звальненні некаторых іншых байцоў гэтага фронту), відаць, нешта падобнае ёсць і сярод чыноўнікаў. Таму зусім нельга выключаць у пэўны момант і дзяржаўнага перавароту. Народная незадаволенасць для якога можа быць дадатковым аргументам.

– Дарэчы, пра Леніна. Напярэдадні цяперашняй вайны Пуцін казаў, што Украіна (чытай і Беларусь) ніколі не існавалі і былі прыдуманыя бальшавікамі. Наколькі праўдзівыя такія выказванні? Менавіта камуністы спрыялі станаўленню нацыянальных рэспублік на парэштках Расейскай імперыі?

Гледзячы з якога боку гэта ацэньваць. Несумненна, што прынцып падзелу той дзяржавы, якая ўзнікла на руінах Расейскай імперыі пасля 1917 года, менавіта на нацыянальныя рэспублікі з розным статусам, быў прыдуманы бальшавікамі, і роля Леніна ў стварэнні ды рэалізацыі гэтай канцэпцыі вялікая. І менавіта такая пабудова савецкай дзяржавы дазволіла ў пачатку 1990-х Савецкаму Саюзу распасціся на 15 новых дзяржаваў адносна малою крывёю. Бутафорская і чыста паказная цягам большай часткі існавання СССР дзяржаўнасць саюзных рэспублік у пэўны час напоўнілася рэальным зместам. І Пуцін менавіта за гэта мае крыўду, мяркуючы, што каб не было сто гадоў таму створана гэтых рэспублік, то праз дзясяткі гадоў калі не ўва ўсім СССР, то прынамсі ва Украіне і ў Беларусі была б суцэльная Расея без якой бы то ні было адметнасці.

Але крайне памылкова думаць, што рэспублікі ствараліся бальшавікамі на зусім пустым месцы, без аб’ектыўных на тое падставаў. Сто гадоў таму ўжо існавалі асобныя народы, у тым ліку ўкраінскі і беларускі, з усведамленнем сваёй адметнасці ды з нацыянальнымі рухамі, якія выстаўлялі патрабаванні рэалізацыі сваіх правоў, у тым ліку і права на сваю дзяржаўнасць. Шмат якія народы за сваю незалежнасць змагаліся са зброяй у руках і дабіваліся пэўных поспехаў. Ленін не лічыў магчымым проста ігнараваць гэта і таму фармальна пайшоў насустрач жаданням народаў мець уласную дзяржаўнасць, але савецкага тыпу і падпарадкаваную Маскве. Гэта дазволіла прыцягнуць на свой бок частку нацыянальных элітаў, займець іх падтрымку, што, у сваю чаргу, дазволіла ўмацавацца і стабілізавацца савецкай уладзе.

Кіеў за дзень да пачатку вайны. 23 лютага 2022 года.
Фота: Белсат

Таму можна казаць ніяк не пра штучнае стварэнне Леніным ці яшчэ кім асобных украінскага ці беларускага народаў, а пра скіраванне нацыянальнай энергіі гэтых ды іншых народаў у патрэбнае сабе рэчышча. І нельга сказаць, што гэтая палітыка не мела поспеху. Іншая рэч, што чыста нацыянальнае аказалася ўрэшце мацнейшым і атрымала гістарычную перамогу, тым больш што камуністычная ідэалогія выпрабавання часам зусім не вытрымала, праз некалькі дзясяткаў гадоў цалкам дэградавала, а ўрэшце была скінутая, як непатрэбнае шалупінне.

Чыста нацыянальныя ідэі нікуды не падзеліся. Увесь час савецкай улады іх трымалі пад тоўстым лёдам, а калі лёд растаў, то яны з-пад яго вырваліся. І ў некаторых людзей склалася ўражанне, нібыта ўсё гэта з’явілася зніадкуль.

– Як можна акрэсліць сённяшні рэжым у РФ, які з аднаго боку ўшаноўвае савецкую спадчыну, а з другога – пагражае дэкамунізацыяй суседнім краінам?

Гэта рэжым не камуністычны, а імперскі. І савецкую спадчыну ёй ушаноўвае толькі як спадчыну адной з формаў Расейскай імперыі. Насамрэч відавочна, што ніхто ў расейскім кіраўніцтве працягваць будаваць камунізм не збіраецца нават у думках, як і пераважная большасць насельніцтва. Большасць савецкіх помнікаў ці назваў вуліцаў – а іх вялікае мноства, асабліва на правінцыі – захоўваюцца ў Расеі толькі паводле інерцыі, як і Ленін у маўзалеі.

Спробы ж правесці маштабную дэкамунізацыю кіраўніцтвам іншых краінаў постсавецкай прасторы, перадусім Украіны, выклікаюць у расейскага кіраўніцтва шал, бо яно бачыць у гэтым вызваленне не ад камуністычнай, а ад расейскай спадчыны. Бо ўшанаванне розных Кіравых і Калініных было ў свой час відавочна навязана Масквой, а не прарастала на мясцовай глебе знізу.

– Можна меркаваць, што сённяшнія падзеі папярэднічаюць чарговаму распаду Расеі, як раней у 1917 і 1991 гадах? Якою вы бачыце будучыню сённяшняй РФ?

Можна ўпэўнена казаць, што сённяшнія падзеі папярэднічаюць вельмі вялікім пертурбацыям у Расеі, моцным трансфармацыям на гэтых бяскрайніх прасторах. У які бок будуць ісці гэтыя трансфармацыі і ці скончацца распадам цяперашняй Расеі, аналагічна з 1917 ці 1991 годам, я казаць не бяруся. Хоць увогуле такой магчымасці выключаць, натуральна, нельга.

Думаю, аднак, што распад Расеі, калі ён адбудзецца, ніяк не можа адбывацца паводле мадэлі 1991 года, калі вялікая імперыя распалася па адміністрацыйных межах былых саюзных рэспублік. Расейская Федэрацыя пабудаваная інакш, і на дзясяткі дзяржаваў паводле межаў цяперашніх шматлікіх суб’ектаў федэрацыі яе распаду яўна чакаць не выпадае. Бо большасць гэтых рэгіёнаў утварэнні чыста адміністрацыйныя, якія істотна паміж сабою не адрозніваюцца і рэальнай суб’ектнасці, што дазваляла б прэтэндаваць на дзяржаўны суверэнітэт, не маюць.

Расейскія вайскоўцы ў вёсцы Бугас Данецкай вобласці, Украіна. 1 сакавіка 2022 года.
Фота: Белсат

Ёсць, вядома, нацыянальныя рэгіёны, ад якіх традыцыйна чакаюць нейкага выбуху нацыянальнай актыўнасці ды імкнення да суверэнітэту, што нібыта мае падарваць цэласнасць Расейскай Федэрацыі. Але варта пры гэтым мець на ўвазе, што хоць у Расеі сапраўды жыве нямала розных народаў, усё ж такі рэальна шматлікіх, моцных і гатовых патэнцыйна паставіць пытанне пра незалежнасць і яе дабіцца, сярод іх зусім няшмат.

А калі б некаторым і ўдалося на агульнай хвалі, скарыстаўшы кан’юнктуру, аддзяліцца ад Расеі, то асабліва вялікага ўздзеяння на агульную сітуацыю гэта не аказала б. Бо асноўная частка бяскрайніх прастораў Расейскай Федэрацыі сёння ўсё ж такі заселеная людзьмі, якія залічваюць сябе да расейцаў, тэрыторыі з нерасейскаю большасцю насельніцтва, як правіла, на агульным фоне толькі лапікі (за выключэннем малазаселенай Якуціі).

Таму адносна перспектываў тэрытарыяльнага распаду Расейскай Федэрацыі, на маю думку, трэба разважаць у разрэзе, наколькі ў ёй цяпер развіты не нацыяналізм малых народаў, а рэгіяналізм, то бок адчуванне адметнасці і жаданне асобнага шляху расейцамі з розных рэгіёнаў. І тады тут напрошваюцца паралелі, хутчэй, не з падзеямі 1991-га, а 1917-га і наступных гадоў. Тады, як вядома, на руінах Расейскай імперыі паўставала шмат дзяржаўных утварэнняў на рэгіянальнай аснове: нешта ўтваралася ў Сібіры, на Далёкім Усходзе, Доне, Кубані і гэтак далей. Прытым гэта не заўсёды было чыстаю кан’юнктураю, бо жыхары гэтых рэгіёнаў, як тыя ж сібіракі ці данскія або кубанскія казакі, адчувалі тады сваю адметнасць ад жыхароў уласна Расеі, і гэта неяк маніфеставалася.

Але з таго часу шмат вады сплыло і чыста знешняе ўражанне сёння такое, што сённяшні расейскі народ значна больш кансалідаваны і ўніфікаваны, чымся сто гадоў таму. І нейкі рэгіянальны сепаратызм як масавая з’ява там, падаецца, не надта развіты нават на ўзроўні ідэяў. Таму ці магчымы насамрэч сёння глабальны распад Расеі, а не адпадзенне нейкіх асобных тэрыторыяў – для мяне пытанне адкрытае, я не маю на яго адназначнага адказу. Прынамсі калі браць пад увагу ўнутраныя перадумовы для гэтага, а не дзеянні вонкавых гульцоў.

Аналітыка
Не толькі Смаленск і Курылы. Хто і як малюе Расею на сваіх нацыянальных мапах
2022.03.05 09:32

ПС belsat.eu

Стужка навінаў