«На Акрэсціна амаль уся камера была беларускамоўная». Аповед журналісткі пра 15 содняў арышту


Журналістку «Новага часу» Дзіяну Серадзюк затрымалі разам з мужам Яўгенам Батурам 3 сакавіка на выхадзе з царквы, дзе мусіў адбыцца малебен за сканчэнне вайны ва Украіне. 18 сакавіка, праз 15 дзён адміністратыўнага арышту, Дзіяна і Яўген выйшлі на волю. Пра сваё зняволенне дзяўчына распавяла ў інтэрв’ю «Новаму часу».

Дзіяна Серадзюк.
Фота: Праваабарончы цэнтр «Вясна»

«Ну, вы ж разумееце: мая справа проста напісаць»

У вечар затрымання Дзіяна з мужам на 10 хвілін зайшлі ў Свята-Духаў кафедральны сабор у Менску, дзе якраз адбывалася малітва за сканчэнне вайны ва Украіне. На выхадзе сужэнцаў спынілі міліцыянты і запыталіся пра дакументы, а калі іх у маладых людзей з сабой не аказалася, то прапанавалі прайсці з імі. Разам з іншымі затрыманымі Дзіяну з мужам адвезлі ў Цэнтральны РАУС.

«Нас адразу пасадзілі ў «клетку», а побач з «клеткай» сядзеў нейкі «цывільны» міліцыянт, – распавяла Дзіяна. – Мужу ён сказаў: «Я буду на вас складаць пратакол за непадпарадкаванне». – «Якое непадпарадкаванне? – абурыліся мы. – Не было ж нічога такога!» – «Ну, вы ж разумееце: мая справа – проста напісаць».

Артыкулы
Затрыманых на антываенных акцыях збівалі, катавалі і залівалі газам
2022.03.15 11:56

У РАУСе Дзіяна правяла ноч.

«Павялі мяне ў бетонную каробку: 4,5 на 5 крокаў, бруднага цёмна-шэрага колеру, бетонныя сцены, кафля на падлозе, халодная бетонная лава. Памяшканне гэтае знаходзіцца каля прыбіральні, вентыляцыя працуе, і таму ўсе пахі цыркулююць па гэтай каробцы. Там сядзела адна жанчына без пэўнага месца жыхарства, з якой мы пасля на Акрэсціна апынуліся. Прывялі таксама адну дзяўчыну 18-гадовую. <…>. Потым жанчыну асацыяльнага выгляду забралі, і мы з 18-гадовай дзяўчынай былі ўдвох у бетоннай каробцы. Спалі на бетоннай лаўцы. Сну амаль не было. Раніцай нас павезлі – восем чалавек: мы ўдвох, Жэня, астатнія мужчыны. Калі выводзілі, нас называлі «кантрольнымі», а «непалітычных» – «бічамі», – распавяла журналістка.

Hавiны
У Беларусі яшчэ 10 асобаў прызнаныя палітвязнямі. Агульная колькасць – 1092
2022.03.19 10:21

«Я спала на самым класным месцы – пад нарамі на падлозе»

У суд Цэнтральнага раёну затрыманых везлі, прыкаваўшы адзін да аднаго кайданкамі. Судзілі праз «Скайп», далі 15 содняў. З суда адвезлі ў ЦІП на Акрэсціна. Сваю камеру Дзіяна апісала так:

«Потым мяне прывялі ў камеру на трэцім паверсе. Камера вясёленькая: з жоўтымі сценамі, там да мяне было ўжо 11 чалавек на два месцы (плошча ўсёй камеры прыкладна 9 «квадратаў»), я дванаццатая. Дзве бяздомныя жанчыны (у тым ліку тая, з якой я была ў «клетцы»). Дарэчы, са знакамітай Алай Ільнічнай, пра якую расказвала Вольга Хіжанкова, мы пазней таксама сядзелі. <…> Я ведала, што я гэта перажыву, нічога смяротнага тут няма. Пераймалася адно, каб не білі, бо і на Акрэсціна, і пазней у Магілёве мужчынаў збівалі – «непалітычных», наколькі я разумею. Было чуваць крыкі, з імі па-быдляцку абыходзіліся».

Апісваючы ўмовы на Акрэсціна, Дзіяна распавядае тое ж, праз што цягам апошніх амаль двух гадоў прайшлі сотні затрыманых.

«У душ нас не вадзілі, перадач у ЦІПе не было, але была гарачая вада і можна было хоць неяк з бутэлек мыцца. Як скарб у нас была зубная паста, што засталася ад кагосьці з «непалітычных». Зубы чысцілі пры дапамозе ахоўных масак. Іх жа можна было выкарыстоўваць у якасці вяхотак, гумак для валасоў, губак для мыцця посуду, замест шнуркоў, у якасці фіксатараў для дзвярэй у прыбіральні… Спалі збольшага на падлозе. Нары там з жалезнымі рашоткамі, на іх немагчыма нават сядзець, не тое што ляжаць. Дзяўчаты, якія спалі на іх, потым усе ў сіняках былі. А я спала на самым класным месцы – пад нарамі на падлозе».

Hавiны
У ААН прызналі факты сексуальнага гвалту над пратэстоўцамі ў Беларусі
2022.03.19 16:59

Міліцыянты адказвалі па-беларуску

12 сакавіка Дзіяну перавялі ў Магілёў.

«У магілёўскую турму нас перавозілі ў аўтазаках. Прывезлі – адразу ў кайданкі, «лицом к стене», лаянка. Павялі на дагляд. На Акрэсціна дагляд з распрананнем быў толькі адзін раз. А ў Магілёве гэта тры разы на дзень, – распавяла журналістка. – Там нас кожны дзень пераводзілі ў новую камеру – каб не прывыкалі, каб не было камфортна. Магілёўская турма вельмі брудная, там усё старое, вельмі холадна, мы моцна мёрзлі. Канечне, ніякіх пасцеляў, нічога такога нам не давалі, але, з іншага боку, і дзякуй Богу, бо невядома, што водзіцца ў тых матрацах. Не было гарачай вады, таму памыцца нават з бутэлькі было цяжка».

І на Акрэсціна, і ў Магілёве Дзіяне Серадзюк трапіліся добрыя сукамернікі.

«У нас камера на Акрэсціне была амаль уся беларускамоўная, дык і міліцыянты сталі нам па-беларуску адказваць, хоць гэта нібыта з іх боку сцёб, але ўсё ж. Мы ім казалі: «Мы спадзяёмся, вы ж нам дасцё туалетную паперу?» «Спадзявайцеся», – адказвалі. Жанчыне-расейцы, якую затрымалі на вакзале за ўлёткі, міліцыянт так і сказаў: «За ўлёткі!» Таму працэсы ідуць, як бы там ні было. Нас – большасць, бо каго ні затрымай – усе «нашыя». Гэта надае нейкай надзеі», – зазначае журналістка.

ГГ belsat.eu

Стужка навінаў