Другі прысуд Вользе Класкоўскай суд пакінуў без зменаў, палітзняволеную вярнулі ў калонію


Берасцейскі абласны суд разгледзеў апеляцыйную скаргу палітзняволенай Вольгі Класкоўскай на вырак суда Маскоўскага раёну Берасця за абразу міліцыянта, паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна».

Даведка
Вольга Класкоўская.
Фота: Праваабарончы цэнтр «Вясна»

Абласны суд пакінуў вырак без зменаў, праз некалькі дзён Вольгу перавялі ў жаночую калонію № 4, дзе жанчына ўжо адбывала пакаранне да выстаўлення новага абвінавачання.

Вольга Класкоўская – былая журналістка газеты «Народная воля». Жанчыну затрымалі 14 кастрычніка 2020 года ў Менску, яе абвінавацілі ў перакрыцці руху транспарту на скрыжаванні праспекту Ракасоўскага і вуліцы Пляханава ўвечары 13 кастрычніка 2020 года. Акцыю ладзілі прыблізна 7 чалавек, сярод якіх нібыта была і Вольга Класкоўская.

Вользе паставілі ў віну здзяйсненне злачынства, прадугледжанага арт. 342 Крымінальнага кодэксу Беларусі («Арганізацыя групавых дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак і пацягнулі парушэнне працы транспарту»). Суд пакараў жанчыну двума гадамі калоніі.

У канцы лістапада 2021 года Вольгу этапавалі з гомельскай жаночай калоніі ў берасцейскі СІЗА № 7 для правядзення следчых дзеянняў паводле новай крымінальнай справы, паводле арт. 369 КК («Абраза прадстаўніка ўлады»), за каментар у сацыяльных сетках, у якім Вольга нібыта абразіла міліцыянта з Берасця. Гэты каментар быў размешчаны яшчэ да ейнага арышту.

Артыкулы
Палітзняволеную Вольгу Класкоўскую перавялі з калоніі ў берасцейскі СІЗА, каб зноў судзіць
2021.12.01 15:50

Разгляд новай справы супраць Вольгі распачаўся ў судзе Маскоўскага раёну Берасця 19 студзеня 2022 года. У працэсе палітзняволеная браць удзел адмовілася, бо «суд незаконны і несправядлівы», і са словамі «Жыве Беларусь» пакінула паседжанне. 20 студзеня 2022 года суддзя Марыя Аліферук прысудзіла Вользе 1,5 года хатняй «хіміі». Шляхам складання тэрмінаў Класкоўскай прызначылі 2 гады і 6 месяцаў калоніі агульнага рэжыму.

На спатканні з маці Вольга распавяла, што ёй не далі належным чынам азнаёміцца з матэрыяламі справы: следчы даў толькі пару гадзінаў перад судом. Вольга лічыць, што гэтым былі парушаныя ейныя працэсуальныя правы. Свой прысуд Класкоўская слухала седзячы, а пачуўшы яго, звярнулася да суддзі са словамі: «Як вам не сорамна? Гэты рэжым хутка абрынецца! Жыве Беларусь!»

Артыкулы
Палітзняволеную Вольгу Класкоўскую зноў змяшчалі ў ШІЗА
2021.10.17 19:58

Берасцейскі абласны суд 14 сакавіка 2022 года разглядзеў апеляцыйную скаргу Вольгі Класкоўскай і пакінуў прысуд без зменаў. Палітзняволеную вярнулі ў жаночую калонію ў Гомлі.

ГГ, belsat.eu

Стужка навінаў