Новыя крымінальныя справы: у Менску – за «негатыўныя каментары», у Берасці – за надпіс «ПКМ»


Прэс-служба МУС распавяла пра новыя крымінальныя справы, звязаныя з палітыкай.

У Менску быў затрыманы 30-гадовы кладаўшчык, які ў тэлеграм-канале «пісаў абразлівыя каментары на адрас міліцыянтаў». Каментары ён пісаў у інтэрнэце ананімна, пад выдуманым нікнэймам.

«Аўтара негатыўных пастоў затрымалі па месцы жыхарства. Ён растлумачыў, што рабіў усё ненаўмысна і не хацеў нікога пакрыўдзіць», – кажуць у МУС.

Затрыманы кладаўшчык. Скрыншот МУС

Па традыцыі сілавікі прымусілі затрыманага каяцца на камеру і казаць, што ён прызнае сваю памылку. Таксама з яго словаў зразумела, што абразлівыя каментары тычыліся начальніка менскага АМАПу Дзмітрыя Балабы.

Скрыншот з відэа МУС

Супраць мужчыны распачалі крымінальную справу «за абразу прадстаўніка ўлады».

У Берасці крымінальную справу «за апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці» распачалі супраць 24-гадовага анархіста. Яго абвінавачваюць у тым, што ноччу 2 студзеня ён спісаў фарбай сцены будынкаў, платы і інфармацыйныя стэнды. Усяго было нанесена не менш за 15 надпісаў і малюнкаў. Хлопца затрымалі байцы ГУБАЗіК.

Затрыманы анархіст. Скрыншот з відэа МУС

«Высветлілася, што выхадкі звязаныя з яго экстрэмісцкімі поглядамі, накіраванымі на дэстабілізацыю становішча ў Беларусі. Затрыманы зʼяўляецца актыўным удзельнікам радыкальна настроенага моладзевага руху антыфашысцкай і анархічнай накіраванасці, чальцамі рэгбійнага клуба. У планах прыхільнікаў гэтых абʼяднанняў – несанкцыянаваныя пікеты, сходы і шэсця ў вобласці«, – сцвярджаюць у МУС.

Цікава, што берасцеец пісаў на будынках і стэндах проста тры літары – ПКМ. Як ён тлумачыць на відэа МУС, ПКМ – гэта значыць «пад кобрынскім мастом». «Калісьці была кампанія, у якой мы разам адпачывалі пару гадоў таму», – кажа ён.

Hавiны
Супраць 19-гадовага жыхара Воршы распачатая крымінальная справа за гнеўныя паведамленні Дзмітрыю Балабе
2020.12.24 20:49

Паводле праваабаронцаў, з лета 2020 года адбываюцца самыя масавыя ў найноўшай гісторыі Беларусі рэпрэсіі. Са жніўня былі распачатыя больш за 2400 крымінальных справаў, звязаных з пратэстамі, 288 чалавек па стане на 20 сакавіка прызнаныя палітвязнямі. Тысячы пратэстоўцаў па ўсёй краіне сталіся ахвярамі мэтанакіраваных катаванняў, больш за 33 тысячы чалавек былі затрыманыя ў адміністратыўным парадку. Паводле розных ацэнак, ад 4 да 10 асобаў загінулі ў выніку дзеянняў сілавікоў. Пры гэтым ні за катаванні, ні за забойствы да адказнасці нікога не прыцягнулі.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў