Мутацыя віруса. Польшча рыхтуецца да найгоршага

Канца пандэміі не відаць. З суботы пачынаюць дзеяць чарговыя абмежаванні на тэрыторыі ўсёй краіны.

Сітуацыя кепская, і сведчыць пра гэта нават тое, што прэс-канферэнцыя польскага ўраду, якая павінна была адбыцца ў чацвер, адбылася ў сераду. Сітуацыя настолькі дынамічная, што чакаць было нельга, каб не спаралізаваць сістэмы аховы здароўя цалкам. 17 сакавіка паведамлялі пра больш за 25 тысячаў новых захворванняў, 453 асобы памерлі. Паводле звестак з серады, у польскіх шпіталях былі занятыя 21 511 ковідных ложкаў (72 % ад усіх даступных), 2193 апараты штучнай вентыляцыі лёгкіх (74 %). Міністэрства аховы здароўя Польшчы паведамляе таксама, што 52 % усіх новых захворванняў – гэта брытанская мутацыя каронавіруса, значна больш агрэсіўная ў дачыненні арганізму чалавека.

Таму з суботы па ўсёй краіне зачыняюцца гатэлі (акрамя тых, якія засяляюць работнікаў), абмяжоўваецца дзейнасць гандлёвых цэнтраў, зачыняюцца ўсе аб’екты культуры (кіно, тэатры, музеі) і казіно. Ізноў сваю дзейнасць прыпыняюць усе спартовыя цэнтры і басейны. Але для шмат каго з палякаў, якія прызвычаіліся да абмежаванняў, найбольш адчувальным будзе вяртанне дзяцей з 1–3 класаў да дыстанцыйнага навучання. Аднаму з бацькоў давядзецца застацца ўдома, калі не здолее выконваць сваю працу таксама дыстанцыйна.

У Варшаве ўсе надзеі ўскладаюць на вакцынацыю. Да серады былі прышчэпленыя апаратамі «BioNTech/Pfizer», «Moderna» i «AstraZeneca» больш за 4,6 мільёна чалавек, з чаго 3 мільёны чакаюць другую дозу вакцыны. Да масавага ж імунітэту дарога няблізкая, бо трэба прывіць хаця б 70 % дарослага насельніцтва, а колькасць вакцынаў абмежаваная. Пагатоў кожны цягне коўдру на сябе, як, напрыклад, Брытанія, якая імпартуе вакцыны з прадпрыемстваў на тэрыторыі ЕЗ, а экспарт сваіх («AstraZeneca») абмяжоўвае.

Барацьба з эпідэміяй – справа вельмі каштоўная, яна павялічвае запазычанасць краіны. На падтрыманне эканомікі Польшча прызначыла ўжо 312 мільярдаў злотых (больш за $ 82 мільярды). Гэта больш за гадавы ВУП Беларусі, які ў 2020 годзе склаў крыху больш за $ 56 мільярдаў. Але калі вялікія польскія прадпрыемствы дзякуючы сталым і буйным кантрактам трымаюцца някепска, то дробны і сярэдні бізнес трэцяй хвалі пандэміі можа не перажыць. Асабліва дробныя, часта аднаасабовыя фірмы. Шмат якія з іх адзначаюць, што ўрадавага падтрымання хапае толькі на пакрыццё рахункаў (напрыклад, арэнды памяшкання).

– Спадзяёмся, што гэта будзе апошні локдаўн, – каментаваў новыя абмежаванні Мацей Вітуцкі, прэзідэнт канфедэрацыі «Левіятан» (Konfederacja Lewiatan), якая аб’ядноўвае вакол сябе некалькі тысяч фірмаў, дзе працуюць больш за мільён палякаў. Кажа пра патрэбу працягнуць дзяржаўнае падтрыманне прадпрымальнікаў, але таксама пра асноўнае: выкананне санітарных нормаў.

Варшава амаль штодзень тлумачыць: калі людзі не будуць ужываць масак (абавязковыя ў публічных месцах), дэзынфікаваць рук і абмяжоўваць да мінімуму кантакты з блізкімі і знаёмымі, вірус не перамагчы. Урад наўпрост кажа: калі ўведзеныя ў суботу абмежаванні не запаволяць трэцяй хвалі эпідэміі, наступным крокам уладаў будзе поўны локдаўн, і «зачынена будзе ўсё». Чарговым тэстам для польскага грамадства будзе Вялікдзень (4 красавіка), які ўжо другі год запар адбудзецца ў ценю заразы.

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў