Берлін падтрымаў палітвязняў у Беларусі

У суботу ў Берліне адбыліся дзве незалежных акцыі дзеля падтрымання палітвязняў Беларусі.

У 12 гадзін перад амбасадай Беларусі група з 10 беларускіх, украінскіх і нямецкіх актывістаў разгарнула бел-чырвона-белыя сцягі і плакаты ў падтрымку гарадзенскага журналіста Дзяніса Івашына, якому ўчора было прад’яўленае абвінавачванне па артыкуле КК РБ 365 «Умяшальніцтва ў дзейнасць супрацоўніка органаў унутраных спраў».

Берлін падтрымаў палітвязняў у Беларусі. Фота: Белсат

Як мяркуецца, выкарыстанне гэтага артыкула звязана з тым, што Івашын напісаў шэраг артыкулаў з вынікамі расследавання аб тым, што многія былыя супрацоўнікі расфармаванага ў Украіне «Беркута» сёння працуюць у беларускай АМАП.

Прысутныя на акцыі актывісты і мінакі падпісалі паштоўкі са словамі падтрымкі, якія будуць адпраўленыя Дзянісу Івашыну на яго турэмны адрас.

Удзельніца акцыі Ірына ўпэўненая, што пісаць палітвязням трэба:

«Нават калі паштоўкі не перададуць, аб іх будуць ведаць турэмшчыкі. Гэта сігнал і ім, за лёсам Дзяніса сочаць ва ўсім свеце!»

Берлін падтрымаў палітвязняў у Беларусі. Фота: Белсат

Другая акцыя адбылася ў 17:00 у цэнтры Берліна на Александреплатц пад знакамітым гадзіннікам, які паказвае час у розных частках свету.

Удзельнікі акцыі падпісалі некалькі дзясяткаў паштовак і напісалі лісты палітвязням, а таксама інфармавалі мінакоў пра сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі.

Берлін падтрымаў палітвязняў у Беларусі. Фота: Белсат
Берлін падтрымаў палітвязняў у Беларусі. Фота: Белсат

Арганізатар акцыі Віталь Алексяёнак рады, што нягледзячы на ​​«непрыемнае» надворʼе ў Берліне:

«Сёння нас падтрымалі не толькі беларусы. Паштоўкі падпісвалі латышы, расейцы, а нямецкім сябрам мы дапамагалі перакладаць і запісвалі тое, што яны дыктавалі на нямецкай».

Наступная акцыя берлінцаў у падтрымку палітвязняў Беларусі адбудзецца, як мяркуецца, у наступны чацвер. Amnesty International заклікае актывістаў прыняць удзел у пікеце за правы чалавека ў Беларусі 25 сакавіка а 16:00-17:30 перад амбасадай рэспублікі Беларусь.

Жанна Кромер, belsat.eu

Hавiны