АМАП выкарыстоўвае супраць пратэстоўцаў траўматычны пісталет: вырабляецца ў Беларусі і Расеі, з яго можна забіць


«Прыйшоў час, калі, атрымліваецца, ніводны працаўнік праваахоўных органаў, нават, атрымліваецца, амапавец не павінен выходзіць на масавыя закалоты, не маючы з сабой агнявой зброі», – гэтак кіраўнік Унутраных войскаў Мікалай Карпянкоў апісваў сітуацыю на вуліцах беларускіх гарадоў.

У жніўні 2020-га беларускія сілавікі ўпершыню стралялі ў пратэстоўцаў. Агнястрэльную зброю выкарыстоўвалі рэдка (хаця менавіта з яе быў забіты Генадзь Шутаў), аднак і траўматычныя патроны могуць прывесці чалавека ў труну. У нядаўнім дакладзе BYPOL і ISANS прысутнічаў траўматычны пісталет «Аса», які стаіць на ўзбраенні ў МУС. Выявілася, што ягоныя дэталі вырабляе беларускі завод. А купляюць яго, хутчэй за ўсё, у Расеі.

Што гэта за пісталет?

Траўматычны пісталет «Аса».
Фота: arsenal-info.ru

«Аса» – траўматычны пісталет. На ўзбраенні беларускага МУС ёсць некалькі варыянтаў ягоных патронаў – два траўматычныя (18,5х55 і 18,5x60T) і два светлагукавыя (18,5×55 і 18,5х60СГ). Часткова яго вырабляюць у Беларусі, на менскім заводзе імя Вавілава, які ўваходзіць у склад «БелОМА».

Вавілаўцы вырабляюць дэталі для «Асы» з 2009 году. Поўнасцю пісталет збіраюць на заводзе ў Сергіевым Пасадзе. Праз гэтую схему нават здарыўся карупцыйны скандал. Дамову на пастаўку дэталяў заключылі з маскоўскай кампаніяй «Оптопром-ИТ». Ейнае кіраўніцтва паабяцала штоквартальную «падзяку» беларускім партнёрам. Яе забіраў намеснік гендырэктара «БелОМА» Уладзімір Кіскін падчас камандзіровак у Маскву. 25% сумы ён аддаваў гендырэктару холдынгу Вячаславу Бурскаму – рэшту пакідаў сабе.

У судзе Першамайскага раёну Менску судзяць былога генеральнага дырэктара «БелОМА» Вячаслава Бурскага і былога камерцыйнага дырэктара Уладзіміра Кіскіна.
Фота: Белсат

КДБ затрымала менеджараў у студзені 2019-га. Віну абодва вызналі. Бурскі сцвярджаў, што лічыў гэта не хабарамі, а падарункамі: пры заробку каля 4000$ ён атрымліваў 100-500$ такой «падзякі». Агулам кіраўніцтву «БелОМА» нібыта заплацілі не менш як 22,2 тысячы беларускіх рублёў. 73-гадоваму Бурскаму прысудзілі 5 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму, 72-гадоваму Кіскіну – тры гады калоніі.

Як яго вырабляюць?

Вытворчасць дэталяў для траўматычнага пісталету «Аса».
Фота: Belsat.eu

Да нас звярнуўся Андрэй (імя змененае), які працаваў на заводзе імя Вавілава, але сышоў адтуль, бо прапанавалі новую працу. Мужчына сцвярджае, што вавілаўцы вырабляюць корпус для «Асы». Пасля яго адвозяць у Расею, дзе і збіраюць пісталет. А ўжо гатовую зброю расейцы, хутчэй за ўсё, прадаюць беларускім сілавікам.

«Згодна з замовай, зборкі тут няма. Але ўвесь гэты корпус вырабляецца ў нас. На відэа бачыў яго ў нашых сілавікоў, калі тыя разганялі пратэсты. Гэта дакладна яго выкарыстоўваюць», – запэўнівае Андрэй.

Відаць, «Аса» прыйшлася да спадобы не толькі беларускім сілавікам. Яшчэ на пачатку зімы завод атрымаў буйную замову на гэтыя карпусы. Якраз напярэдадні расейскіх пратэстаў. Ці гэта простае супадзенне, наш суразмоўца не ведае, але згадвае: як толькі ў Расеі пачаліся маніфестацыі, пайшлі чуткі пра буйную замову ад усходніх суседзяў.

«Завод і цяпер загружаны гэтай замовай. Яна асноўная. Корпус вырабляюць на заводзе даўно, але ніколі не бачыў, каб гэта было ў такіх аб’ёмах. Раней стаяў на адным-двух станках, а цяпер іх было багата».

Вытворчасць дэталяў для траўматычнага пісталету «Аса».
Фота: Белсат

Што тычыцца працэсу вырабу, то спачатку вузлы корпусу адліваюць у адным цэху, а пасля на станках падганяюць пад патрэбныя памеры і характарыстыкі.

Корпус «Асы» не адзіны прадукт заводу, звязаны са зброяй. Раней былі пастаўкі ў Турэччыну.

«Гэта таксама была вялікая замова – у 2019-2020-я гады. Рабілі адмысловы вайсковы прыцэл. Гэта ўжо сурʼёзная ваенная замова. Але неяк так супала, што яна чамусьці знікла падчас леташніх падзеяў у Карабаху. Дакладнай прычыны мы не ведалі. Нам сказалі, што Турэччына знайшла таннейшага вытворцу. Але замова была сурʼёзная. Апошнія гады завод на ёй жыў».

Мы звязаліся з яшчэ адным чалавекам, які працаваў на заводзе імя Вавілава. Ён амаль поўнасцю пацвердзіў словы Андрэя.

«Летась [дэталі для «Асы»] выраблялі мала. Сёлета план вырас значна. Каля некалькіх тысяч на месяц».

Суразмоўца сцвярджае, што на заводзе імя Вавілава вырабляюць механіку і лазерны цэлеўказальнік. Поўнасцю «Асу» збіраюць у Сергіевым Пасадзе. Там устаўляюць электроніку, без якой страляніна немагчымая.

Як «Асу» выкарыстоўваюць у Беларусі?

Экіпаж машыны «Рубеж». Сярод іншага ягоныя байцы маюсь траўматычны пісталет «Аса».
Фота: Аляксей Мацюш/SB.BY

У ByPOL нам распавялі, што пісталет знаходзіцца на ўзбраенні Міністэрства ўнутраных спраў, але звестак пра ягонае размеркаванне па падраздзяленнях пакуль няма. Сцвярджаюць, што ў РУУС яго дакладна не атрымліваюць. Хутчэй за ўсё, «Асу» распаўсюджваюць сярод супрацоўнікаў спецпадраздзяленняў: у верасні пісталет выкарыстоўвалі супрацоўнікі менскага АМАПу.

Гэткай думкі прытрымліваецца і вайсковы эксперт Ягор Лебядок. Ён пацвердзіў, што «Аса» стаіць на ўзбраенні МУС – імаверна, у некаторых спецпадраздзяленнях. Гэты пісталет ужываюць на блізкай адлегласці, таму наўрад ці яго могуць выкарыстоўваць у «Алмазе». А вось для АМАПу ён падыходзіць.

Пошук у інтэрнэце паказвае, што «Асой» амапаўцы сапраўды карыстаюцца. У жніўні 2019-га яе заўважылі на трэнаванні менскага атраду. А ў 2018-м гомельскія байцы выкарысталі пісталет пры затрыманні расейца, які вербаваў беларускіх дзяўчат займацца прастытуцыяй.

Летась 13 верасня, калі пратэстоўцы завіталі ў Дразды, затрымалі мужчыну, які нібыта паваліў амапаўца і адабраў у яго «Асу». Аднак міліцыянт быццам бы усё ж такі вярнуў пісталет і зрабіў папераджальны стрэл угару. На відэа эпізоду гэтага не відаць.

Ці небяспечны гэты пісталет?

Так, «Аса» можа быць небяспечнай, як і любая траўматычная зброя, як то было ў выпадку з забітым Аляксандрам Тарайкоўскім. Ягор Лебядок адзначае, што цяжкія наступствы можа выклікаць пападанне кулі ў сонную артэрыю. Тое ж самае тычыцца нырак і печані, калі ў чалавека ёсць з імі праблемы.

Вядомыя і выпадкі смерці ад «Асы». Гэтак, у 2010 годзе наведвальнік маскоўскай крамы забіў ейнага ахоўніка стрэлам у вока. За два гады да таго п’яны баксёр зборнай Расеі Раман Раманчук пасварыўся са сваім прыяцелем ва Уладзівастоку і стрэліў яму ў вока – хлопец сканаў. Вінаватай зноў была «Аса».

Янка Падняпроўскі belsat.eu

Стужка навінаў