224-ы дзень пратэстаў. Амапаўцы выкарыстоўваюць смяротную траўматычную зброю, суды абвяшчаюць рэсурсы экстрэмісцкімі


Акцыі пратэсту працягваюцца з 9 жніўня мінулага году. Ужо 224-ы дні грамадзяне нашай краіны патрабуюць спыніць гвалт, пакараць адказных за бязмежжа і фальсіфікацыі. Чым яшчэ адметны дзень – у аглядзе «Белсату».

АМАП выкарыстоўвае супраць пратэстоўцаў траўматычны пісталет

У жніўні 2020-га беларускія сілавікі ўпершыню стралялі ў пратэстоўцаў. Агнястрэльную зброю выкарыстоўвалі рэдка (хаця менавіта з яе быў забіты Генадзь Шутаў), аднак і траўматычныя патроны могуць прывесці чалавека ў труну. У нядаўнім дакладзе BYPOL і ISANS прысутнічаў траўматычны пісталет «Аса», які стаіць на ўзбраенні ў МУС. Выявілася, што ягоныя дэталі вырабляе беларускі завод. А купляюць яго, хутчэй за ўсё, у Расеі.

Экіпаж машыны «Рубеж». Сярод іншага ягоныя байцы маюсь траўматычны пісталет «Аса».
Фота: Аляксей Мацюш / SB.BY

«Аса» можа быць небяспечнай, як і любая траўматычная зброя, як то было ў выпадку з забітым Аляксандрам Тарайкоўскім. Эксперт Ягор Лебядок адзначае, што цяжкія наступствы можа выклікаць пападанне кулі ў сонную артэрыю. Тое ж самае тычыцца нырак і печані, калі ў чалавека ёсць з імі праблемы.

Вядомыя і выпадкі смерці ад «Асы». Гэтак, у 2010 годзе наведвальнік маскоўскай крамы забіў ейнага ахоўніка стрэлам у вока. За два гады да таго п’яны баксёр зборнай Расеі Раман Раманчук пасварыўся са сваім прыяцелем ва Уладзівастоку і стрэліў яму ў вока – хлопец сканаў. Вінаватай зноў была «Аса».

Hавiны
АМАП выкарыстоўвае супраць пратэстоўцаў траўматычны пісталет: вырабляецца ў Беларусі і Расеі, з яго можна забіць
2021.03.20 15:00

Спецдакладчыца ААН супраць ціску на беларускіх праваабаронцаў

Спецыяльны дакладчык па пытанні аб становішчы праваабаронцаў Мэры Лолар заявіла аб сваёй занепакоенасці, выкліканай узмацненнем ціску на праваабаронцаў у Беларусі.

Мэры Лолар.
Фота: belarus.un.org

Як адзначае Лолар, ператрусы ў офісах, арышты праваабаронцаў і перашкода працы адвакатаў сталі агульнай практыкай. «Некаторыя прыцягваюцца да крымінальнай адказнасці за супрацу з ААН і падвяргаюцца жорсткаму абыходжанню падчас утрымання пад вартай», – кажа спецдакладчыца.

Hавiны
Спецдакладчыца ААН выказалася наконт ціску на беларускіх праваабаронцаў
2021.03.20 14:14

Тым часам праваабаронца Марфа Рабкова застанецца пад вартай да 17 чэрвеня. Ёй працягнулі тэрмін утрымання пад вартай на тры месяцы, паведамляе «Вясна».

Марфа Рабкова.
Фота: Facebook

Каардынатарка валанцёрскай службы праваабарончага цэнтру «Вясна» Марфа Рабкова больш за 6 месяцаў знаходзіцца ў СІЗА № 1 на Валадарскага. Следчыя працягнулі ёй тэрмін утрымання пад вартай на тры месяцы. Яна застанецца за кратамі да 17 чэрвеня, гэта будзе 9 месяцаў з дня затрымання.

Усё больш Telegram-каналаў прызнаюць экстрэмісцкімі

У Берасці суд Ленінскага раёну прызнаў два рэсурсы ў Telegram экстрэмісцкімі матэрыяламі. Справу ў судзе разглядалі з ініцыятывы мясцовага ГУБАЗіК. Экстрэмісцкімі прызнаныя канал «Берасце: Чуткі і факты» і чат «Берасце 97 %». Цяпер публікаванне (рэпост) інфармацыі з гэтых суполак цяпер за сабою адміністрацыйную адказнасць паводле арт. 19.11 КаАП.

Hавiны
Шэраг Telegram-каналаў у сакавіку прызналі экстрэмісцкімі
2021.03.20 15:35

Акрамя таго, у сакавіку, як паведамляе МІнінфармацыі, экстрэмісцкімі сталі Telegram-чат «Мазыр 97 %», «Гомель Савецкі 97», Telegram-канал «Кіроўцы 97» і Telegram-група «Рэчыца для Жыцця ЧАТ». Раней у 2020 годзе экстрэмісцкімі прызналі каналы «NEXTA», «NEXTA Live» і «LUXTA», а таксама лагатып «NEXTA».

Віктар Бабарыка даў інтэрв’ю з-за кратаў

Экс-кіраўнік «Белгазпрамбанку» Віктар Бабарыка здолеў перадаць з СІЗА адказы на пытанні для РБК, у якіх распавёў пра сваё бачанне на існы палітычны крызіс у Беларусі.

Віктар Бабарыка распавёў, што сцверджанні ўладаў Беларусі пра нібыта вонкавую пагрозу для краіны і ратаванне незалежнасці з’яўляюцца няпраўдай. Былы банкір і палітык кажа, што кіраўніцтва краіны ратавала «ўласную ўладу ад людзей, якія хацелі б змяніць жыццё да лепшага, і дзеля гэтага гатовае было выкарыстоўваць нават прыцягненне вонкавых узброеных сілаў».

Віктар Бабарыка.
Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Пры гэтым Віктар Бабарыка выказвае меркаванне, што захаваць сапраўдную незалежнасць краіны не ўдалося.

«Як і ў любога чалавека, у дзяржавы незалежнасць абапіраецца на эканоміку. Калі не можаш забяспечыць сам сябе, а бярэш сродкі на сваё ўтрыманне ў бацькоў, сваякоў ці сяброў, то казаць пра незалежнасць складана», – выказвае меркаванне Віктар Бабарыка.

Артыкулы
Бабарыка: Кіраўніцтва краіны ратавала сваю ўладу ад людзей, якія хацелі змяніць жыццё да лепшага
2021.03.20 17:05

СК belsat.eu

Стужка навінаў