«Тут не рэальны свет, час ідзе па іншаму». Дар'і Чульцовай сёння 25 гадоў


«20 чысла ў Дашы дзень нараджэння, яна адзначыць сваё дваццаціпяцігоддзе. Такая прыгожая дата! Шкада што будзе выхадны дзень. За працай дзень прабег хутка і можа гэта не было так сумна» – распавядае belsat.eu мама Дашы Чульцовай Наталля Церабіленка.

Журналістка Даша Чульцова. Фота прадстаўленае рэдакцыі

«Раней Даша любіла адзначаць свой ДН дома. Звычайна збірала сябровак. Я арганізоўвала салодкі стол, і яны весяліліся.

Цяпер у Дашы ўсё нармальна, плыве па плыні. Працуе, чытае, адказвае на лісты, калі такія трапляюць да яе. Наогул з лістамі стала вельмі дрэнна. Калі тэлефануе, імкнецца не выдаваць свой настрой, падбадзёрвае нас. Працуе швачкай. Кажа, што атрымліваецца, разумее, што робіць», – дзеліцца апошнімі навінамі мама Дашы Чульцовай.

«Мне усё гэтак жа 23, а не хутка 25»

Нядаўна Наталля атрымала ліст ад дачкі, дзе дзяўчына піша як адчувае рэальнасць, пра тое, што адчувае сябе на 23 гады (столькі ёй было, калі яе пасадзілі ў турму).

Ліст ад Дашы Чульцовай. Фота прадстаўленае рэдакцыі

«Спадзяваліся што я не легла спаць праз паўгадзіны пасля бою курантаў? Ха-ха! Як жа дрэнна вы пра мяне думаеце! Я легла за 2 гадзіны да бою курантаў 🙂 для мяне Новы год без блізкіх і родных, без тых, каго я люблю, не Новы год зусім. Плюс да ўсяго я затрымалася ў 2020 годзе, для мяне час стаіць на месцы, змянілася толькі лічба (2022). Якую я пішу на заявах там, дзе ставіцца дата. У астатнім мне ўсё таксама 23, а не хутка 25. Гэта дзіўна і думаю складана зразумець, калі не адчуць на сабе… Я ўпэўненая, што ўсё адновіцца калі я буду дома. Проста тут не рэальны свет, час ідзе па-іншаму.

Калі я была ў СІЗА, з камеры не было відаць вуліцу, яшчэ і цёмна амаль заўсёды за акном. І мне здавалася, што акрамя гэтага будынку нічога ў свеце не існуе».

У апошні час Даша атрымлівае мала лістоў. Невядома, ці звязана гэта з цэнзурай калоніі, ці, можа быць, нават проста мала пішуць.

ПК № 4, ВУЛ. АНТОШКІНА, 3, 246035, ГОМЕЛЬ

Напісаўшы Дашы, вы, хутчэй за ўсё, атрымаеце разам з адказам малюнак.

Малюнак Дашы Чульцовай. Фота прадастаўленае рэдакцыі
Малюнак Дашы Чульцовай. Фота прадастаўленае рэдакцыі

Малюнкі Дашы Чульцовай

«Ёсць лісты, на якія хочацца адказваць, у якіх завязваецца размова і чакаеш адказу на такія лісты, ты ляціш з таго месца, не думаеш пра тое, што адбываецца тут, што яшчэ трэба зрабіць, дзе падзяжурыць, куды пайсці (куды зусім не хочацца). Вы не маеце рацыю, калі кажаце, што не варта дзякаваць за лісты. Я ў свой час так нічога і не адправіла. Казала сабе: «зраблю заўтра, цяпер няма часу», – піша Даша.

Ліст ад Дашы Чульцовай. Фота прадстаўленае рэдакцыі

У калоніі цяпер шмат дзяўчат асуджаных паводле палітычных артыкулаў. Але ім забаронена размаўляць адзін з адным.

Выразка з Гомельскай газеты. Даша ўдзельнічала ў конкурсе «Міс-восень». Тут некалькі палітвязняў

«Я працягваю насіць цёмную шапку, у якой я падобная на паненку з 19 стагоддзя»

На волі Даша ўяўляе сябе ў ложку, акружаную падушкамі, віном і ежай. Яна будзе глядзець «Забіць Біла» і «Шалёныя сабакі» Квенціна Таранціна.

Ліст ад Дашы Чульцовай. Фота прадстаўленае рэдакцыі

У зняволенні Дар’ю паставілі на прафілактычны ўлік як «схільныя да экстрэмізму і іншых дэструктыўных дзеянняў». Такі статус прадугледжвае ўзмоцнены кантроль з боку адміністрацыі. Яна павінная насіць жоўтую бірку-такім колерам пазначаюць асоб нібыта «схільных да экстрэмізму».

Тэрмін Дар’і павінен скончыцца 5 верасня 2022 года.

Артыкулы
Кацярыну Андрэеву перавялі ў СІЗА ў сувязі з «працэсуальнымі дзеяннямі». Яе статус невядомы
2022.02.19 14:25

АГ/СС belsat.eu

Стужка навінаў