Расейскія войскі застаюцца ў Беларусі. «Прынятае рашэнне працягнуць праверку сілаў рэагавання Саюзнай дзяржавы»


Вайскоўцы падчас беларуска-расейскіх вучэнняў «Саюзная рашучасць-2022». 19 лютага 2022 г.
Фота: Henadz Zhinkov / Xinhua News Agency / Forum

Міністр абароны Беларусі Віктар Хрэнін заявіў, што праверка сілаў рэагавання Саюзнай дзяржавы будзе працягнутая ў сувязі з «нарастаннем ваеннай актыўнасці каля вонкавых межаў Саюзнай дзяржавы і абвастрэннем сітуацыі на Данбасе», паведаміла Мінабароны.

«У сувязі з нарастаннем ваеннай актыўнасці ля вонкавых межаў Саюзнай дзяржавы і абвастрэннем сітуацыі на Данбасе прэзідэнтамі Рэспублікі Беларусь і Расейскай Федэрацыі прынятае рашэнне праверку сіл рэагавання Саюзнай дзяржавы працягнуць», – заявіў Віктар Хрэнін, падводзячы папярэднія вынікі вучэнняў «Саюзная рашучасць».

Паводле Хрэніна, будуць «дакладна адпрацаваныя этапы абароны Саюзнай дзяржавы, якія не былі ахопленыя ў такой ступені дэталізацыі вучэбнымі пытаннямі папярэдняга перыяду праверкі».

«Яе накіраванасць застаецца нязменнай – яна закліканая забяспечыць адэкватнае рэагаванне і дээскалацыю вайсковых падрыхтовак нядобразычліўцаў каля нашых агульных межаў», – сказаў Хрэнін.

Так званая праверка сілаў рэагавання Саюзнай дзяржавы мелася прайсці ў два этапы. Першы – да 9 лютага, другі – 10-20 лютага. Акурат у межах другога этапу ладзіліся сумесныя расейска-беларускія вучэнні «Саюзная рашучасць-2022», мэтай якіх было «апрацаванне пытання стрымання і адбіцця вонкавай агрэсіі, а таксама процідзеяння тэрарызму і абароны інтарэсаў Саюзнай дзяржавы».

Аналітыка
Выйдуць – не выйдуць, базы – не базы… Што будзе з расейскімі войскамі ў Беларусі?
2022.02.17 19:59

ЗК belsat.eu

Стужка навінаў