Галоўнае за дзень: расейскія вайскоўцы застаюцца, арышты перад «рэферэндумам», завершылася Алімпіяда


«Белсат» падводзіць вынікі нядзелі, 20 лютага.

20 лютага мусілі скончыцца расейска-беларускія вучэнні «Саюзная рашучасць», але міністр абароны Беларусі Віктар Хрэнін сёння заявіў, што праверка сілаў рэагавання Беларусі і РФ будзе працягнутая ў сувязі з «нарастаннем ваеннай актыўнасці каля вонкавых межаў Саюзнай дзяржавы і абвастрэннем сітуацыі на Данбасе». Такім чынам расейскія войскі пакуль застаюцца ў Беларусі.

У Офісе Святланы Ціханоўскай адзначаюць, што такім чынам «Беларусь уцягваюць у чужую вайну і ператвараюць у краіну-агрэсара». Офіс будзе дамагацца разгляду гэтага пытання ў Радзе Бяспекі ААН, а таксама прапануе новыя санкцыі супраць рэжыму.

Спецслужбы працягваюць пераслед іншадумцаў у звязку з «рэферэндумам», які мае адбыцца 27 лютага. У КДБ распавялі пра затрыманне ўдзельнікаў групаў, якія нібыта «планавалі зрыў рэферэндуму» – яны адпраўлялі сябрам выбарчых камісіяў улёткі з заклікам лічыць галасы сумленна. У МУС заявілі пра шматлікія затрыманні ўдзельнікаў «дэструктыўных каналаў», якія планавалі зладзіць правакацыі падчас рэферэндуму.

У Калінкавічах актывіста АГП Аляксандра Елісеева затрымалі пасля таго, як ён паўдзельнічаў у так званай «дыялогавай пляцоўцы» да «рэферэндуму». Жыхар пасёлку Чонкі Гомельскага раёну Мікалай Сушкоў атрымаў 12 содняў арышту пасля таго як паспрабаваў зарэгістравацца назіральнікам на мясцовым выбарчым участку.

У Менску затрымалі дацэнтку БДУ Ганну Курэйчык і былую выкладчыцу Таццяну Сініцу. Стала вядома, што 18 лютага працаўнікі КДБ прыйшлі да дому да актывісткі Беларускіх Маладых Зялёных Паліны Бурко. А паколькі дзяўчына жыве не ў Беларусі, то сілавікі затрымалі яе маці Алёну Бурко.

Актор Аляксандр Ждановіч (Маляваныч) з’ехаў з Беларусі пасля таго як ім зацікавіліся спецслужбы. Цяпер ён знаходзіцца ў бяспецы.

Працягваецца эскалацыя крызісу на Данбасе. Дзяржаўны сакратар ЗША Энтані Блінкен заявіў, што Расея знаходзіцца на парозе ўварвання ва Украіну. Прэзідэнт Францыі Эманюэль Макрон 20 лютага правёў тэлефонныя перамовы расейскім прэзідэнтам Уладзімірам Пуціным, а потым з украінскім лідарам Уладзімірам Зяленскім. Яны дамовіліся пра тэрміновае скліканне Трохбаковай кантактнай групы (ТКГ) па сітуацыі на Данбасе з тым, каб дамагчыся спынення агню на лініі судакранання.

У Кітаі завяршыліся XXIV зімовыя Алімпійскія гульні. Зборная Беларусі заваявала два сярэбраныя медалі і стала 24-й у медальным заліку – гэта найгоршы вынік удзелу ў зімовых Алімпійскіх гульнях у гісторыі краіны.

Артыкулы
«Тут не рэальны свет, час ідзе па іншаму». Дар’і Чульцовай сёння 25 гадоў
2022.02.20 11:19

РР belsat.eu

Стужка навінаў