«Аперацыі пад чужым сцягам» – як развязаць вайну пад маскай ахвяры


NATO бачыць спробы Масквы арганізаваць аперацыю пад чужым сцягам супраць Украіны, заявіў на гэтым тыдні генеральны сакратар арганізацыі Енс Стольтэнбэрг. «Мы занепакоеныя тым, што Расея намагаецца стварыць нагоды для ўзброенага наступу супраць Украіны», – сказаў нарвежскі палітык.

«Аперацыяй пад чужым сцягам» называюць дзеянні, якія робяцца такім чынам, каб адказнасць за іх перанесці на іншыя арганізацыі ці дзяржавы. Прыкладаў такіх аперацыяў даволі шмат, давайце паглядзім бліжэй на некалькі з іх.

Стварэнне японскай «ДНР»

Пасля перамогі Японіі ў вайне з Расеяй (1904–1905) Маньчжурыя зрабілася рэгіёнам Кітаю з вельмі значным японскім уплывам – сярод іншага японцы цалкам кантралявалі Паўднёва-Маньчжурскую чыгуначную зону. Гэты кантроль трымаўся не толькі на дакументах і грошах, але і на штыках – японскія жаўнеры ахоўвалі чыгунку і чыгуначныя станцыі. Акрамя таго, адбывалася паступовая японская каланізацыя – японцы куплялі зямлю побач з чыгункаю, сяліліся, стваралі больш ці менш дробныя прадпрыемствы.

Гэта выклікала канфлікты паміж кітайцамі і японцамі – і, адпаведна, паміж дзвюма краінамі. З канца 1920-х гг. тут таксама пачаў расці савецкі ўплыў, што дадало нестабільнасці ў рэгіёне.

Японскія спецыялісты разглядаюць месца інцыдэнту. Фота Rekishi Shashin

У гэтай атмасферы група японскіх афіцэраў з ведама камандавання распрацавала план правакацыі, каб мець фармальную нагоду акупаваць усю Маньчжурыю. Яны заклалі невялікі зарад выбухоўкі пад другарадную лінію чыгункі і падарвалі яго позна вечарам 18 верасня 1931 г. Выбух быў такі слабы, што пашкодзіў толькі 1,5 м рэек.

Гэта афіцыйна назвалі кітайскаю дыверсіяй супраць Японіі.

На наступны дзень японцы пачалі абстрэльваць пазіцыі кітайскіх войскаў у гэтым раёне, а потым напалі на фартэцыю Бэйдаін і горад Мукдэн. У наступ перайшлі і астатнія войскі Японіі – і 1 сакавіка 1932 г. яны занялі ўсю Маньчжурыю, абвесціўшы яе незалежнай ад Кітаю Маньчжурскай дзяржавай.

Марыянеткавае ўтварэнне, у якім уся ўлада належала японскай адміністрацыі і вайскоўцам, праіснавала да 1945 г.

Гляйвіц – Гітлер «абараняецца»

Нацысцкая Нямеччына напала на Польшчу 1 верасня 1939 г. – праз тыдзень пасля падпісання пакту Молатава – Рыбэнтропа і на наступны дзень пасля таго, як СССР афіцыйна ратыфікаваў гэты дакумент. 17 верасня на Польшчу з усходу нападуць савецкія войскі.

Аднак для агрэсіі нацыстам была патрэбная хаця б фармальная нагода. Гітлер заявіў перад вайною: «Я забяспечу прапагандысцкі casus belli. Праўдзівасць няважная. Пераможцу не будуць пытацца».

З гэтаю мэтай атрад СС у польскай уніформе ноччу 31 жніўня атакаваў і захапіў радыёстанцыю каля гораду Гляйвіц у Сілезіі, а потым з яе перадаў у эфір антынямецкі прапагандысцкі зварот. Акрамя таго, нацысты схапілі аднаго з каталіцкіх антынацыстаў у гэтым раёне, узялі некалькі вязняў з канцлагеру Дахаў і забілі іх, пакінуўшы целы каля радыёстанцыі.

Некалькі падобных правакацыяў арганізавалі і на іншых адцінках польска-нямецкай мяжы.

Гітлер выступіў з прамоваю: «Нядаўна за адну ноч адбыўся 21 памежны інцыдэнт, мінулаю ноччу іх было 14, з якіх тры былі даволі сурʼёзнымі. Таму я пастанавіў размаўляць з Польшчаю на той жа мове, на якой Польшча месяцамі размаўляла з намі».

Майніла – савецкі стыль

У 1939 г. СССР пачаў усё гучней патрабаваць ад Фінляндыі тэрытарыяльных саступак і размяшчэння ваенных базаў на фінскай тэрыторыі – быццам бы для забеспячэння абароны Ленінграду. У Фінляндыі ж падазравалі, што рэч не толькі ў тым, каб атрымаць добра развітыя тэрыторыі Карэліі і ваенныя базы, але і паставіць краіну ў выніку пад поўны савецкі кантроль.

26 лістапада 1939 г. пад вёскаю Майніла прагучалі артылерыйскія стрэлы – і савецкае кіраўніцтва заявіла, што ад фінскіх снарадаў загінулі чацвёра савецкіх вайскоўцаў, а 9 былі параненыя. Ад фінаў патрабавалі адвесці войскі на 20–25 км ад мяжы.

Паведамленне агенцтва ТАСС. Крыніца https://twitter.com/MirovichMedia

У адказ фінскі ўрад заявіў, што паводле іхных назіранняў абстрэл савецкай тэрыторыі адбыўся з савецкага ж боку, і дадаў, што фінскія войскі, якія стаяць у гэтай мясцовасці, проста не маюць артылерыі дастатковай дальнасці, каб здзейсніць гэтакі абстрэл. Фіны прапанавалі стварыць супольную камісію для вывучэння інцыдэнту і адвесці войскі абодвух бакоў ад мяжы. Фінскія прапановы былі адхіленыя Масквою.

Праз чатыры дні СССР напаў на Фінляндыю і заявіў, што плануе ўсталяваць там «уладу фінскіх працоўных і сялянаў». Хлусня не спынялася – ужо 1 снежня, калі фінскія войскі адступілі з памежнага гораду Тэрыёкі, Саветы абвесцілі там пра стварэнне «ўраду Фінскай Народнай Рэспублікі – адзінага легітымнага фінскага ўраду», з якім ужо на наступны дзень Масква заключыла «дамову пра ўзаемадапамогу і сяброўства». СССР афіцыйна заявіў, што будзе весці перамовы толькі з новым урадам.

25 снежня 1939 г. савецкая газета «На страже Родины» пісала, што фінскі народ паўстаў, каб дапамагчы Чырвонай арміі. Крыніца: https://twitter.com/MirovichMedia

Аднак, дзякуючы адчуванню нацыянальнай еднасці, мужнасці і добрай падрыхтаванасці фінскіх вайскоўцаў, Фінляндыя захавала незалежнасць. Страты савецкіх войскаў былі ў некалькі разоў большымі, чым страты фінаў. Пра «Фінскую Народную Рэспубліку» і яе «ўрад» прыйшлося назаўсёды забыцца.

У 1990-я гг. вывучэнне савецкіх архіваў паказала, што савецкія войскі хутчэй за ўсё не мелі ніякіх стратаў 26 лістапада пад Майнілаю, а абстрэл праводзілі савецкія артылерысты.

АБ belsat.eu

Стужка навінаў