Віцябчанка тройчы ўдарыла міліцэйскі бус і цяпер можа атрымаць шэсць гадоў калоніі


Юлія Кашаверава ў судзе.
Фота: spring96.org

19 лютага ў судзе Кастрычніцкага раёну Віцебску скончыліся судовыя слуханні ў крымінальнай справе віцябчанкі Юліі Кашаверавай, якую вінавацяць паводле часткі 2 артыкулу 339 КК («Злоснае хуліганства»). Яна можа атрымаць 6 гадоў зняволення, паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна».

Юлію Кашавераву вінавацяць у нанясенні некалькіх удараў па амапаўскім мікрааўтобусе. Таксама яна нібыта сарвала маску і кепку ў камандзіра звяна АМАПу Аляксея Альхімовіча.

Дзяўчына прызнала віну часткова. Яна распавяла, што хацела аказаць медыцынскую дапамогу хлопцу, які ўпаў на зямлю пры ўцёках ад АМАПу. У яе не атрымалася гэта зрабіць – «нахлынулі эмоцыі, ударыла па машыне». Мінулым летам Юлія, паводле яе словаў, страціла маму і цяжка перажывала яе смерць. Яна не адмаўляла, што пасля таго, як ёй не далі аказаць дапамогу пацярпеламу, не стрымалася і нанесла тры ўдары па задніх дзвярах міліцэйскага мікрааўтобуса. Але запэўніла, што па правых бакавых – удараў не наносіла, маску і кепку з супрацоўніка МУС не зрывала.

Абаронца Кашаверавай звярнула ўвагу суду на супярэчлівыя сведчанні камандзіра звяна АМАПу Аляксея Альхімовіча, з якога дзяўчына нібыта сарвала маску і кепку. Між іншага, ён паказаў, што не бачыў моманту, калі іх зрывалі. Адвакатка настойвала, што супярэчлівыя паказанні амапаўца не могуць быць прызнаныя дакладнымі і пакладзенымі ў аснову абвінавачання.

Адвакатка нагадала, што першапачаткова пры выстаўленні абвінавачвання Кашевераву не вінавацілі ў зрыванні маскі, кепкі і ў пашкоджанні бакавых дзвярэй мікрааўтобуса. А дзеянні кваліфікаваліся паводле ч.1 арт. 339 КК («Хуліганства»). Юлія Кашаверава неаднойчы запэўнівала, што кепку яна падняла з зямлі і перадала іншай дзяўчыне. Момант перадачы зафіксаваны на відэа.

Амапаўскі бус, які ўдарыла Юлія Кашаверава.
Фота: скрыншот з відэа МУС

Апытаныя ў судовым паседжанні сведкі паказалі, што пашкоджанне бакавых дзвярэй магло адбыцца ў выніку ўдару аб яе грамадзяніна, якога тады затрымлівалі. Ніхто з апытаных не засведчыў, што пашкоджанні маглі быць зробленыя Кашаверавай.

Што тычыцца ўдараў па мікрааўтобусе, то Кашаверава прызналася ў гэтым яшчэ да завядзення крымінальнай справы – гэта можна лічыць за яўку з павіннай.

Пракурор Лабацкі настойвае, што ўчынак Кашаверавай трэба лічыць як наўмысная дзеянні, якія груба парушалі грамадскі парадак, выказвалі яўную непавагу да грамадства і суправаджаліся пашкоджаннем чужой маёмасці. Абвінаваўца просіць пакараць яе шасцю гадамі калоніі агульнага рэжыму.

«4 кастрычніка ў натоўпе я пабачыла чалавека, які ляжаў тварам уніз. Першае, што прыйшло ў галаву, – гэта даведацца, што здарылася, ці не страціў ён прытомнасць, і дапамагчы. У гэты момант я прыгадала маці, за жыццё якой змагалася ўся сям’я», – тлумачыла ў апошнім слове Юлія Кашаверава.

Дзяўчына некалькі разоў спрабавала падысці да чалавека, а потым міліцыянты ўжылі газ, а на зямлі ўжо нікога не было – невядомы хлопец знік.

«Мне стала крыўдна за сябе, бо не здолела дапамагчы. Так, я прызнаю сваю віну: я ўдарыла па машыне тры разы. Я ўчыніла правапарушэнне, але не судзіце мяне строга. Не пазбаўляйце мяне свабоды!» – папрасіла абвінавачаная.

Вырак агучаць 22 лютага.

ЯП belsat.eu

Стужка навінаў