У Смаргоні затрымліваюць актывістаў. Імаверна, праз «Жыве Беларусь!» на палітычным судзе


19 лютага ў Смаргоні адбылося некалькі затрыманняў мясцовых актывістаў, паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна».

Спачатку стала вядома пра затрыманні прадпрымальніка Рамуальда Улана, які аказвае паслугі друку, і 54-гадовай Людмілы Сульжыцкай – яна ледзьве не кожны дзень выходзіць на пратэставыя акцыі.

Людміла Сульжыцкая. Смаргонь, Беларусь. Студзень 2021.
Фота: ВШ / Белсат

Ілля Петуноў у 16:00 панёс нейкую скаргу ў РАУС і не вярнуўся, бо там быў і затрыманы.

Супрацоўнікі міліцыі таксма прыходзілі па Руслана і Любоў Валюкоў. Дзяўчыны дома не было, а пра хлопца маці сказала, што яму дрэнна, выклікае яму хуткую.

Затрыманыя яшчэ Яўген Новік і Сяргей Трай. Ёсць звесткі, што на затрыманых складаюць пратаколы па артыкуле 23.34 КаАП.

Праваабаронцы мяркуюць, што затрыманні мог выклікаць вокліч на палітычным судзе.

18 лютага суд Смаргонскага раёну абвесціў вырак у крымінальнай справе Руслана Валюка ды Інэсы Маркавай. Іх вінавацілі паводле ч. 2 арт. 188 КК за паклёп. У верасні 2020 года яны нібыта расклеілі ў Смаргоні ўлёткі, у якіх змяшчаліся «заведама ілжывыя» звесткі, што нібыта зганьбілі міліцыянтаў. Мужчына атрымаў два гады «хіміі», жанчына – два гады «хатняй хіміі».

Пасля абвяшчэння прысуду ў калідоры скандавалі «Жыве Беларусь!». Адразу ж старшыня суда Людміла Пятрова забараніла дзяжурнаму міліцыянту выпускаць з суда прысутных, а сама выклікала міліцыю. У будынку заблакавалі каля 20 асобаў. Некаторыя ўцяклі праз акно. Дзевяцёх астатніх павялі ў мясцовы РАУС.

ЯП belsat.eu

Стужка навінаў