Патаптацца па расейскім самалюбстве? А што – так было можна?!

Мінулы тыдзень прынёс самую нечаканую навіну: Уладзімір Зяленскі раптам адчуў сябе прэзідэнтам краіны, якая знаходзіцца ў стане канфлікту з Расеяй. Далей усё было па плане. Спачатку тры папулярныя навінныя тэлеканалы, кантраляваныя Віктарам Медзвядчуком, пазбавілі ліцэнзіяў на вяшчанне. А цяпер Медзвядчука пазбавілі магчымасці карыстацца ўласнасцю, ажыццяўляць банкаўскія аперацыі, а таксама адабралі прыватызаваны ім у 2014 годзе трубаправод.

Трэба ведаць, хто такі Віктар Уладзіміравіч Медзвядчук. Гэта кум самога Пуціна!

Не, украінскі палітык – сапраўды кум Уладзіміра Пуціна. Пуцін хрысціў яго дачку Дар’ю, а хроснай мамай была Святлана Мядзведзева, жонка Дзмітрыя Мядзведзева. Вы ж разумееце, хросныя бацькі такога ўзроўню павінны былі добра падумаць, перш чым даць згоду ўзяць на сябе адказнасць за нованароджаную. І калі ўзялі, то…

… то рэальны бацька Дарʼі Віктараўны Медзвядчук аўтаматычна становіцца ўвахожым ў найвышэйшыя кругі расейскага кіраўніцтва. Невыпадкова менавіта Віктар Медзвядчук стаў адным з найбольш уплывовых перагаворнікаў у працэсе абмену палоннымі з непрызнаных ДНР і ЛНР. Менавіта яму ўдалося вярнуць у вялікую ўкраінскую палітыку Партыю рэгіёнаў ужо пад новым імем – апазіцыйнай платформы «за жыццё». А паколькі грашовага дэфіцыту ў кума Пуціна быць па вызначэнні не можа (бізнес з Расеяй ён вядзе ўжо даўно), то ён здолеў стварыць магутную медыя-імперыю і ўнушыць усім, што ў выпадку роспуску цяперашняга складу Вярхоўнай Рады Украіны яго партыя будзе прэтэндаваць, як мінімум, на ўдзел у фармаванні ўрада.

Віктар Медзвядчук і Уладзімір Пуцін падчас сустрэчы ў Нова-Агарове, 2020 год.
Фота: Аляксей Дружынін / ТАСС / Forum

І гэта – той варыянт, які цалкам задавальняе Крэмль. Стварэнне моцнай прарасейскай партыі, якая ўдзельнічае ў фармаванні ўрада і блакуе не адпаведныя планах расейскага кіраўніцтва рашэння.

Цяпер Уладзімір Зяленскі падсек нашу «ялінку» пад самы карэньчык. Медзвядчук застаўся членам парламента, кіраўніком вялікай фракцыі, але інструменты з рук у яго выбілі. Ні табе грошай, ні табе тэлеканалаў.

– Пры чым тут Беларусь? – спытаеце вы. Адказваем.

Напэўна, Зяленскі доўга думаў і ўзважваў усе абставіны, у якіх рашэнне па Медзвядчуку прымалася. І абранне прэзідэнтам ЗША Джозэфа Байдэна адыграла не апошнюю ролю. Але той факт, што ў абмеркаванні не раз фігуравала прозвішча Аляксандра Лукашэнкі, уяўляецца мне таксама вельмі магчымым.

Што было ў анамнезе? Арышт кіраўніка найбуйнейшай расейскай кампаніі «Уралкалій» Уладзіслава Баўмгертнера. Шматлікія дэпартацыі расейскіх журналістаў – у тым ліку дзяржаўных расейскіх тэлеканалаў, – якія цягнуцца з 1996 года. Захоп расейскіх наймітаў з абяцаннем дацягнуцца да іх маскоўскіх лялькаводаў – пры гэтым распускалася нічым не пацверджаная інфармацыя пра яшчэ адну групу «расейскіх баевікоў», якія блукаюць па беларускіх лясах. Нарэшце, рэйдэрскі адбор ўласнасці найбуйнейшага расейскага банка ў Беларусі – так, так, «Белгазпрамбанка» – даччынае прадпрыемства «Газпрома» і «Газпромбанка»… Так і ўяўляеш сабе Зяленскага, які вывучае ўсе гэтыя падзеі і запытальна паглядаў на сваіх дарадцаў: а што, так – можна?!

Можна! Лукашэнка яшчэ і грошы – прычым вялікія – пасля гэтага атрымліваў! Неаднаразова атрымліваў!

Усебеларускі народны сход-2021, прамаўляе Аляксандр Лукашэнка. 12 лютага 2021 года.
Фота: Pavel Orlovsky / TASS / Forum

Што гэта, калі не хамства? У выпадку з Украінай – прынамсі непрыхаваны канфлікт. У выпадку ж з Беларуссю – пастаянныя запэўніванні ў братэрскай любові, патрабаванне льгот і крэдытаў. Так што Зяленскі, які паквапіўся не на грамадзян Расеі, не на расейскую ўласнасць, а ўсяго толькі на расейскую палітыку ў сваёй краіне, выглядае цалкам прыстойным чалавекам.

І вось на гэтым фоне Аляксандр Лукашэнка паляцеў на сустрэчу з Уладзімірам Пуціным. Чалавек, які гадамі таптаўся па самалюбстве расейскай эліты, паўстане ў ролі просьбіта – не саюзніка нават – перад тварам чалавека, якому толькі што нанесены вельмі жорсткі ўдар. Вельмі жорсткі!!!

Тым больш, што і сам Лукашэнка нанёс толькі што – так, не ўдар, але камарыны ўкус па пуцінскім самалюбстве. Вы чакалі, што да канца года пройдзе канстытуцыйная рэформа ў Беларусі? Дык вось не будзе яе! Усебеларускі сход на наступны год запланаваў. Народ наогул Канстытуцыю мяняць не хоча. Ды і я абыдуся без яе – да пары, прынамсі.

Як вы думаеце, перажыўшы аплявуху, ці зверне ўвагу Пуцін на гэты камарыны ўкус? «Пытаннечка» – як сказаў бы вядомы журналіст Зміцер Лукашук. Бо калі цяпер ад камароў не пачаць адмахвацца, наступным асёл які-небудзь лягнуць цябе можа.

Хто лягне Пуціна пасля таго, як Лукашэнку зноў даруюць?

Расследaванні
Бізнес на Мальце, сямейныя актывы ў Аўстрыі і санкцыйны манеўр. Распавядаем пра алігарха Вараб’я
2020.12.24 07:00

Аляксандр Фядута belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў