Палітолаг Павел Усаў пра тактыку Аляксандра Лукашэнкі падчас планаванага візіту ў Расею


Грошай Лукашэнка не будзе прасіць у Пуціна, а санкцыямі яму з Расеяй не трэба парыцца. Ёсць пытанні, важнейшыя за грошы – пытанні бяспекі і абароны нашай дзяржавы, якія ён абмяркуе падчас спаткання з Дзмітрыем Мядзведзевым. Такія заявы зрабіў 18 лютага кіраўнік Беларусі за некалькі дзён да спаткання з Уладзімірам Пуціным, якое запланаванае на 22 лютага. Сяргей Пеляса абмяркоўвае гэтыя заявы з палітолагам Паўлам Усавым. Таксама эксперт агучвае прагноз развіцця палітычнай сітуацыі ў Беларусі ў бліжэйшыя месяцы.

Нетыповы фармат сустрэчы Лукашэнкі з Мядзведзевым, намеснікам старшыні Рады Бяспекі. Яны будуць абмяркоўваць пытанні бяспекі і абароны. Што, вяртаецца пытанне расейскай вайсковай базы ці нейкай іншай расейскай прысутнасці ў Беларусі? Ці гэта проста рыторыка?

Гэта адная з тых праблемаў ці адзін з аспектаў, што будуць абмяркоўваць. Я ўпэўнены ў тым, што падчас сустрэчы Пуціна і Лукашэнкі абмяркоўвалася пытанне размяшчэння вайсковай базы як аднаго з варыянтаў аплаты за расейскае падтрыманне. Сёння Масква, безумоўна, патрабуе аплаты, бо яна бачыць, што Лукашэнку ўдалося нейкім чынам стабілізаваць сітуацыю. За тое, што яна падтрымала і грашыма, і палітычна, і на міжнароднай арэне. Таму пытанне вайсковай базы – гэта найменшая цана, якую Лукашэнка можа заплаціць Пуціну ці Расеі за падтрыманне. Я думаю, што аспекты, звязаныя з размяшчэннем вайсковай базы, будуць абмяркоўвацца з Мядзведзевым. Але гэта не асноўнае пытанне, якое Лукашэнка будзе падымаць у Расеі, бо ён едзе менавіта па грошы. Падымаючы звычайную рыторыку, якая датычыць бяспекі Саюзнай дзяржавы, ён хоча бяспеку прадаць за грошы, не даючы Расеі тых выплатаў, якія Пуцін патрабаваў і патрабуе цяпер ад Лукашэнкі.

ВІДЭА
Вярнуўся да старой гульні. Што Лукашэнку трэба ад Пуціна, а што – ад Захаду?
2021.02.19 12:17

Што датычыць санкцыяў, Лукашэнка зрабіў дзіўную заяву: маўляў, чаго мы парымся, мы можам цалкам сябе забяспечыць. Што гэта значыць – Лукашэнка рыхтуе Беларусь да большых санкцыяў супраць ягонага рэжыму?

Гэтая праблема, якую ён абмяркоўваў, звязаная з тым, што беларускі дыктатар хоча спалучыць інтарэсы свае з інтарэсамі Пуціна, паказаць, што мы ў адной лодцы – маўляў, не цісніце на мяне, будзем бараніцца супольна ад Захаду, аб’яднаем высілкі. Якраз гэтае пытанне звязанае з жаданнем Лукашэнкі забалбатаць тыя патрабаванні, патрабаванні саступак інтэграцыі ці вайсковай базы, якія высоўвае Расея. І, што цікава, ён укідвае гэтую рыторыку ў расейскую прастору праз дзяржсакратара Саюзнай дзяржавы Рапоту. Я падумаў, чаму Мядзведзеў і ягоная фігура выходзяць на першы план менавіта ў пытаннях бяспекі, пытаннях Беларусі. Тут два варыянты: або Мядзведзеў можа стацца наступным дзяржсакратаром Саюзнай дзяржавы, што будзе вельмі непрыемным для Лукашэнкі, бо гэта будзе працяг інтэграцыйнага ціску на Беларусь. Або Мядзведзева рыхтуюць на пасаду прэзідэнта Саюзнай дзяржавы. Я думаю, што менавіта постаць Мядзведзева ў гэтых пытаннях будзе ключавая.

Hавiны
Валерыя Касцюгова: Ніякага рэферэндуму ў прынцыпе быць не можа
2021.02.12 19:24

Прагноз на залагоджванне палітычнага крызісу ў Беларусі. Зʼяўляюцца дзіўныя, нерэальныя заявы, што ледзь не ў траўні вернуцца Латушка з Ціханоўскай у Беларусь. Ці ты верыш у такія фантастычныя сцэнары? Як будзе развівацца сітуацыя?

Я гляджу на тое, што адбываецца цяпер. Цяпер палітычны крызіс залагоджваецца з пазіцыі Лукашэнкі абсалютна неабмежаваным тэрорам, рэпрэсіямі ў дачыненні ўсіх, хто нейкім чынам актыўна праявіў сябе падчас выступаў у 2020 годзе, і гэты тэрор не спыніцца. Больш за тое – увесну, бо пра гэта казаў кіраўнік КДБ: улады рыхтуюцца да магчымых забастовак або пратэстаў. Дзеля таго, каб гэтага не дапусціць, чым бліжэй вясна, тым больш маштабным будзе тэрор. Толькі праз тэрор Лукашэнка будзе развязваць гэтае пытанне. Ён не пойдзе ані на саступкі, ані на лібералізацыю, пакуль палітычная прастора татальна не будзе зачышчанаю.

Інтэрв’ю паказалі ў праграме «ПраСвет» 18 лютага 2021 г.

Калаж з фота: Mikhail Klimentyev / TASS / Forum; Mikhail Metzel / TASS / Forum

Стужка навінаў