Азбука пратэсту. Галоўныя словы беларускай рэвалюцыі


21 лютага Арганізацыя Аб’яднаных Нацыяў святкуе Міжнародны дзень роднай мовы. Летась, калі пачалася Беларуская рэвалюцыя, не толькі беларусы даведаліся больш самі пра сябе і сваіх сяброў, сваякоў, калегаў і суседзяў, але і ўвесь свет пачуў пра Беларусь. З гэтай нагоды карэспандэнты «Белсату» падрыхтавалі беларускую Азбуку пратэсту – ад А да Я.

Ілюстрацыя Белсат

Акрэсціна. Праз гэты завулак у Менску, на якім змешчаны ізалятар часовага ўтрымання, прайшлі тысячы чалавек, а тыя катаванні, якія яны зазналі, зрабілі Акрэсціна адным з сінонімаў савецкіх і нацысцкіх канцлагераў.

«Белсат». Па-над нашымі галовамі ўзрываліся гранаты, у нас стралялі, труцілі газам, нас затрымлівалі ды білі, але мы ўсё адно працягвалі рабіць сваю працу і даносіць праўду пра падзеі ў краіне. За гэта нашыя калегі цяпер за кратамі.

Валанцёры. Спачатку дапамагалі дактарам падчас пандэміі каронавіруса, затым узялі апеку над вязнямі Акрэсціна, іншых вязніцаў. Людзі жылі пад турмамі, каб дапамагчы зняволеным.

Гарбата. Людзі пачалі выходзіць ва ўласныя двары, знаёміцца з суседзямі ды разумець, што нас – тых, хто за змены і супраць гвалту, – большасць. Гарызантальныя сувязі пачалі выпрацоўвацца за кубкамі гарбаты.

Двары. Гарбатныя сустрэчы ўжо фактычна сталі забароненыя. Але двары дагэтуль застаюцца сэрцам пратэсту. Дваравыя маршы, дваравыя чаты, супольная праца – гэта тое, што набліжае надыход новай Беларусі.

Ежа. Тое, чаго соднямі не атрымлівалі вязні Акрэсціна ды іншых катавальняў. Тое, што забаранялі перадаваць вязням. І толькі дзяржаўныя прапагандысты атрымлівалі некалькі порцыяў. Рыхтаваліся да будучыні?

Ёсць. У кнізе «Код адсутнасці» філосаф Валянцін Акудовіч адной з асноўных характарыстык беларускай нацыі называе адсутнасць фактару кансалідацыі грамадства. Але пратэст вывеў станаўленне нацыі на новы ўзровень. Нацыя ёсць.

Ілюстрацыя Белсат

Жыве. Як бы хто ні стараўся. Як бы нас ні запэўнівалі. Як бы нас ні білі. Мінулы год яскрава паказаў нам і нават усім за мяжою: жыве Беларусь і будзе жыць!

Зефір. Хтосьці любіць зефір у шакаладзе, хтосьці – просты, іншым даспадобы з арэхамі. Але бел-чырвона-белы зефір любяць усе, калі вы толькі не ябацькі і не гатовыя нават за гэта асудзіць чалавека.

Інаўгурацыя. Таемна раніцай, пакуль увесь горад спаў, у Менску сабраліся некалькі соцень чалавек, не ведаючы нават, навошта. Гэтак святкаваў сваю перамогу той, хто перамог на выбарах з падтрыманнем больш як 80 % выбарцаў.

СтраЙк. Страйкуюць заводы, страйкуюць студэнты, страйкуе прыватны і дзяржаўны сектар. Страйкуюць, нягледзячы на звальненні ды закрыццё. Страйк – не новае, але добра забытае слова, летась вярнулася ў беларускі лексікон.

Купалаўцы. Яны насілі імя Янкі Купалы – аўтара лозунгу «Жыве Беларусь!», працавалі там, дзе прайшоў Першы Усебеларускі з’езд. Паказалі, што беларуская культура жывая. Прыйдзе час, калі купалаўцы вернуцца ў родны тэатр.

Ланцугі салідарнасці звязалі беларускіх пратэстоўцаў. Звязаныя адной мэтай – перамогі праўды над хлуснёй і міру над гвалтам – людзі ў ланцугах паказалі, што яны могуць не толькі закоўваць у рабства, але і вызваляць з яго.

Ілюстрацыя Белсат

Мурал. Пратэставая энергія вылілася ў надзвычайны выбух творчасці. То тут, то там узнікалі муралы памяці затрыманых, памяці забітых, у гонар сімвалаў барацьбы і ўсяго таго, што нас яднае.

Неймаверныя – гэтае слова стала адным з сімвалаў тых, хто змагаецца супраць дыктатуры. Змагаецца мірна, але настойліва. Хто не здаецца. Хто працягвае даўбіць, даўбіць і даўбіць гэтую ўладу.

Оксфард. Беларусы былі настолькі неймаверныя, Беларусь настолькі зажыла, што брытанскі Оксфардскі слоўнік абвесціў Belarusian адным са словаў мінулага года.

Перамены – тое, чаго чакаюць беларусы пасля 26 гадоў кіравання аднаго чалавека. Перамены – тая песня, як гучала ледзь не з кожнага праса. Перамены – гэта тое, у чаго з’явілася нават свая плошча.

Рэвалюцыя. Тое, чаго так баіцца Аляксандр Лукашэнка, адбылося. Рэвалюцыя пакуль не перамагла канчаткова. Але змены адбываюцца ўжо незваротныя.

Ілюстрацыя Белсат

Са-бач-ка. Са спробамі крычаць «За бацьку!» на акцыях у падтрыманне Лукашэнкі нешта пайшло не так, у выніку чаго людзі больш чулі «са-бач-ку». Замест гучнага слогану ўтварылася безліч мэмаў.

«Тэлеграм». Пакуль улады спрабуюць вярнуць людзей у тэлевізар, усё большую папулярнасць набірае «Тэлеграм». Ён дапамагае хутка даведвацца інфармацыю, каардынаваць дзейнасць і абыходзіць цэнзуру.

Уцякаць. Ці не кожнаму, хто падчас беларускай рэвалюцыі выходзіў на пратэст, даводзілася таксама і ўцякаць. Камусьці трушком, а камусьці і на ўсю моц.

КоЎзанка. Зіма прынесла новыя формы пратэсту. Можна зляпіць снежную бабу ў нацыянальных колерах, напісаць на снезе: «Жыве Беларусь!», а можна заліць у лёд на возеры ці сажалцы сцяг альбо пракаціцца з ім на коўзанцы.

Фіранкі. А колькі было розных упрыгожанняў «паводле схемы БЧБ»! Тут вам і ліхтарыкі, і сняжынкі на вокнах, і нават фіранкі. Праўда, як выявілася, цяпер у Беларусі гэта па-за законам. Як зрэшты, і амаль усё астатняе.

Хапун з пачатку прэзідэнцкай кампаніі набыў незвычайныя маштабы. Яго ахвярамі сталі каля 35 тысячаў чалавек ва ўсёй Беларусі. Пры тым трапляліся пад хапун і звычайныя ябацькі, якія проста не там стаялі ці не там ішлі.

Ціханоўская. Год таму пра яе ніхто не ведаў. Святлана Ціханоўская паднялася замест мужа, якога затрымалі ўлады, аб’ядналася са штабамі іншых прэтэндэнтаў і гэтак разгайдала муры, што яны ледзь не абваліліся.

БЧБ. Нацыянальны бел-чырвона-белы сцяг, пад якім Беларусь абвяшчала сваю незалежнасць у 1918 і 1991 гады, набыў моцы настолькі, што сапраўды зрабіўся нацыянальным сімвалам для мільёнаў беларусаў.

Шчучыншчына. Гэты спеў ад купалаўцаў скарыў усю Беларусь. Яго цытавалі і пратэстоўцы, і «Пул Первого», а сёстры Груздзевы нават збіралі дапамогу выканаўцы. Бо гэта Шчууу-чын-шчы-на! Шчу-чын-шчы-нааа!

Ілюстрацыя Белсат

СудЫ. 1800 крымінальных справаў, 35 тысяч затрыманняў, звальненні ды адлічэнні. Суды сталі прыкрай нормаю беларускага жыцця. І канца і краю ім пакуль не відаць.

БолЬ. Улады разлічвалі, што задушыўшы ў крыві паслявыбарчыя пратэсты, здолеюць перагарнуць старонку з фальсіфікацыямі і жыць далей. Але боль, які быў выкліканы гэтым гвалтам, не можа сціхнуць. Забыць яго немагчыма.

Экстрэмізм. У 2020 годзе ў Беларусі экстрэмізмам стала ледзь не ўсё, што не ўхваляе ўладу: і зефір, і фіранкі. Але формаў пратэсту ад гэтага не меншае. Пагатоў, мы ведаем, хто тут сапраўдны экстрэміст.

Юрысты. Беларусь цяпер – краіна прававога дэфолту. Калі адны юрысты, забыўшы пра закон і справядлівасць, штампуюць аднатыпныя справы пратэстоўцам, іншыя працягваюць абараняць невінаватых.

Я гуляю. Пакуль у Беларусі рэвалюцыя не перамагла, пакуль улады працягваюць парушаць закон, варта ўслед за Нінаю Багінскай ісці далей, велічна ўзняўшы сцяг. «Я гуляю». «Мы гуляем». «Я/Мы гуляем».

МГ малюнкі ДэЛёс belsat.eu

Стужка навінаў