Жыхара Наваполацку пакаралі 11 гадамі калоніі за замах на праўладны аўтапрабег


Суд Полацкага раёну прызнаў Руслана Слуцкага вінаватым у замаху на прывядзенне ў непрыдатнасць шляхоў зносінаў (ч. 1 арт. 14, ч. 1 арт. 309 КК) і акце тэрарызму (ч. 1 арт. 289 КК), паведамляе «Вясна».

Суддзя Андрэй Дзергачоў падтрымаў прапанову дзяржаўнага абвінаваўцы Таццяны Шабекі і пакараў 38-гадовага жыхара Наваполацку, рамесніка Руслана Слуцкага, 11 гадамі калоніі ўзмоцненага рэжыму. Ён прызначыў такое пакаранне за тое, што Руслан раскідаў па дарозе шыпы, «дзейнічаючы наўмысна з матываў палітычнай варожасці», перад тым, як там праехалі машыны праўладнага аўтапрабегу.

Паводле версіі абвінавачання, мужчына нанёс шкоду не менш як чатыром аўтамабілям, агульны памер шкоды склаў 63 рублі 51 капейку. Сярод пацярпелых быў запісаны Рыгор Азаронак ды іншыя, агулам 70 асобаў.

Пацярпелыя заявілі, што аўтамабілі, якія рухаліся першымі ў калоне аўтапрабегу, наехалі на шыпы і зменшылі хуткасць, а потым спынілі рух транспартавых сродкаў, прыпаркаваўшы іх на ўзбочыне. Першыя два аўтамабілі належалі мясцовым рэгіянальным СМІ, яшчэ адзін – аднаму з кіраўнікоў грамадскай арганізацыі «Патрыёты Беларусі». Пацярпелыя не патрабавалі маральнай кампенсацыі.

Руслан Слуцкі віну прызнаў часткова.

Артыкулы
За «відэазапісы пабуджальнага характару» журналісту і футбалісту далі 2 гады калоніі
2022.01.19 16:31

МГМ, belsat.eu

Стужка навінаў