Хто падпаліў дом стваральніка эсперанта ў Горадні?


Напрыканцы мінулага працоўнага тыдня загарэўся гістарычны дом Замэнгофа ў Горадні. З’явіліся факты, паводле якіх дом маглі падпаліць.

Пажар распачаўся на мансардзе двухпавярховага асабняка (Кірава 5), дзе цяпер ідзе рэканструкцыя, прыкладна а 17:20 у пятніцу. Пажарныя прыехалі прыкладна а 17:40 і цягам 15 хвілінаў пагасілі полымя. У той дзень было даволі горача. Але пажарнікі ўстанавілі, што агонь распачаўся не з даху ад сонца, а з-пад даху – загарэлася падлога мансардавага паверху. Першапачатковаю версіяй было «неахайнае карыстанне агнём», маўляў, нехта мог кінуць цыгарэту. Але ў гэты момант працаўнікоў на месцы не было. Яны сышлі а 17:00. Апошнім выходзіў уласнік будынку, які не заўважыў нідзе дыму ці агню. Сам ён дбайна ставіцца да рэканструкцыі свайго дому. Імаверна, хтосьці адмыслова зайшоў у будынак, каб «кінуць цыгарэту». Зайсці туды не гэтак проста – даволі высокія брамы замыкаюцца, але ж ёсць яшчэ незашклёныя вокны на першым паверсе, праз якія можна пралезці ў сярэдзіну.

Калі пажарныя машыны з’ехалі, высветлілася цікавая акалічнасць. З суседняга запусцелага дому (Кірава 3) ішоў дым. Хтосьці кінуў абсмаленую анучу і падпаліў яе, ад чаго прагарэла невялікая частка падлогі. Але перад гэтым, пэўна, крыніцу агню трымалі каля драўляных дзвярэй, бо яны таксама абгарэлі, пачынаючы з сярэдзіны. Злодзеі ўвайшлі, збіўшы дошкі з забітага ўваходу з дваровае часткі пабудовы. На наступны дзень працаўнікі ЖЭСу забілі ўваход дошкамі зноўку.

Калі ж рабочыя прыйшлі на наступны дзень перакрываць дах у доме Замэнгофа, не змаглі знайсці сваёй каністры з бензінам. Там заставалася прыблізна 4 літры бензіну. А пасля знайшлі яе ў расплаўленым выглядзе на мансардавым паверсе ў цэнтры былога пажару. Выглядае на тое, што зламыснікі вылілі бензін і падпалілі яго.

Калі дом падпалілі, то чаму ўдзень, а не ўначы? Магчыма, працаваў недасведчаны падпальнік або нехта не хацеў спаліць дом ушчэнт. Ёсць і трэці варыянт: дом месціцца на адной з цэнтральных гарадзенскіх вуліцаў, але яна вельмі вузкая. Звычайна ў гэты час паміж 17:00 і 18:00 яна стаіць у шчыльным корку праз аўты. Мажліва, разлік быў на тое, што пажарнікі фізічна не змогуць пад’ехаць да дому ў агні.

Уласнік дома мяркуе, што калі гэта быў падпал, то дзеяў нехта, хто працаваў на ягонай рэканструкцыі. Бо гэты чалавек мусіў ведаць, калі будаўнікі звычайна сыходзяць з працы, размяшчэнне дому і дзе стаяла каністра з бензінам.

Цяпер правяранне вядзе Следчы камітэт, крымінальнай справы не распачыналі.

Пасля рэканструкцыі, якая пачалася ў 2011 годзе, у доме Замэнгофа плануюць зрабіць гандлёвы цэнтр. Пажар пашкодзіў дом прыкладна на € 500 – абгарэла некалькі квадратных метраў даху, а таксама мансардавае вакно.

Настасся Фрода, belsat.eu

Стужка навінаў