Гасцінны чэмпіянат. Як споўнілася вялікая мара Лукашэнкі (фота і відэа)


Падчас хакейнага першынства святочнаю і гаманкою выглядала не толькі беларуская сталіца, але і ўся Беларусь – прынамсі там, дзе з’явіліся замежныя заўзятары. «Белсат» запытаў аматараў хакею з-за мяжы пра ўражанні, якія зрабіла на іх Беларусь у абвешчаным кіраўніком краіны «годзе гасціннасці».

Шмат замежнікаў мела б быць на матчы Францыя–Данія ў лядовым палацы «Чыжоўка-Арэна». Аднак на трыбунах – пераважна беларусы, якія голасна заўзеюць або за адную, альбо за другую каманду. Пра гарачую атмасферу на трыбунах клапоціцца зубр Волат: ён скача, шалее і заахвочвае заўзятараў пабушаваць разам. Замежнікаў вельмі лёгка пазнаць па футболках ці шаліках з сімволікаю іхных краінаў.

{movie}Свята заўзятараў на чэмпіянаце па хакеі ў Менску |right|16619{/movie}

«Палітыка? Я паняцця не маю»

Мы падыходзім да групы падтрымання французскай зборнай – гэта заўзятары, якія прыехалі з гораду Тынь (Tignes). Пытаем: «Як вам падабаецца ў Беларусі?»«Людзі мала ўсміхаюцца», – чуем у адказ. «А як Менск?» – «Будынак лядовага палацу вельмі сучасны, але некаторыя часткі гораду выглядаюць як у Савецкім Саюзе». Калі пачынаем пытаць пра палітыку, іхная група раптам скарачаецца да аднаго чалавека – рэшта адвярнулася або знікла. «Ці ведаеце вы што-небудзь пра беларускую палітыку?» – «Я паняцця не маю, – адказвае мужчына і кідае падазроныя погляды спадылба. – Я ніколі не цікавіўся».

«Беларусь – адныя лясы»

Наступныя нашыя суразмоўцы – пара ў кашульках з надпісамі «Данія». Выглядаюць яны нібыта выпілі ўжо з дзясятак куфляў піва. Бландзінка з Даніі каментуе: «Людзі вельмі мілыя, але ніхто не ведае англійскай мовы». А як наконт палітыкі? Яе спадарожнік не вагаецца ні хвіліны: «Лукашэнка хворы на галаву, гэта дыктатар». У яго адказе чуецца бязмежная шчырасць. Датчане заявілі, што не збіраюцца яшчэ раз наведваць Беларусь. Як высветлілася, яны прыехалі з самае Даніі аўтамабілем. «Ці вы нешта пабачылі цікавае па дарозе?» – пытаемся. «Не зусім – тут адныя лясы».

«Беларускія парадкі ў Францыі? Ні ў якім разе!»



Ідзем далей. Француз Жэром з Парыжу некалькі апошніх гадоў жыве ў Маскве, дзе займаецца продажам насення, у тым ліку і беларускім прадпрымальнікам. Пытаемся проста ў лоб: ці ў такіх недэмакратычных краінах, як Беларусь можна ладзіць чэмпіянаты свету? Момант няёмкага маўчання: чалавек разумее, што пасля сказанага ім, ужо не зможа пазбавіцца ад нас, заявіўшы, што нічога не ведае.

«Вядома, так, трэба сюды прыязджаць, падтрымліваць зносіны, нельга ізаляваць людзей». Паводле француза, аб’ядноўвае людзей і ягоная праца, бо дазваляе як расейцам, так і беларусам збіраць больш збожжа з пасеянага насення. «Добра, – згаджаемся. – А вы б хацелі, каб у Францыі запанавалі такія ж парадкі, якія ёсць у Беларусі?»«Ну, ажно так я б не хацеў», – у ягоным голасе чуецца насцярога. «А ці ведаеце вы, што перад чэмпіянатам некалькі дзясяткаў людзей у Беларусі прэвентыўна былі кінутыя за краты?»«Не ведаю», – адказвае турыст. Паводле яго, Захад не павінен неяк уздзеяць на такія краіны, як Беларусь, каб дамагчыся змены палітычнага ладу: «Баюся, можа паўтарыцца сцэнар, як ва Украіне». На ягоную думку, свет і так усё больш дэмакратызуецца. «Да прыкладу, у Іране да нядаўняга часу адсякалі рукі за крадзеж, а цяпер сітуацыя нашмат лепшая», – лічыць француз.

Людзі ў скураных куртках на дзяжурстве

Кіруемся ў «фан-зону» каля станцыі метро Пятроўшчына. Тэрыторыя абгароджаная, пры ўваходах і выхадах, апрача людзей ва ўніформе з металашукальнікамі, некалькі мужчынаў у скураных куртках, якія акідваюць усіх крыху грэблівым і насцярожаным позіркам. Пільнуюць, каб усё было ў парадку. Занепакоена зіркаюць, калі на белай саколцы заўзятара ёсць чырвоны колер. Стаіць сцэна, вельмі гучна грае музыка, пад сцэнаю скачуць дзяўчаты ў міні. У вялікімі намёце прадаюць піва, дранікі ды чыпсы, а заўзятары глядзяць тэлетрансляцыю матчу Расея–Беларусь. Зала перапоўненая людзьмі, уваччу стракаціць ад чырвона-зялёных сцягоў, шапак, футболак… Гучыць звонкае «ўра!», спевы і радасныя воклічы.

Расейскія заўзятары пачуваюцца выдатна

Каля намёту мы спатыкаем хлопца, палова твару ў якога памаляваная ў колеры расейскага сцягу, а палова – у колеры афіцыйнага сцягу Беларусі. «За каго заўзееш?», – пытаемся. «Я з мяшанай беларуска-расейскай сям’і. Мне ўсё роўна, хто пераможа, урэшце мы ўсе – славяне», – адказвае маладзён. Увайшоўшы ў намёт, заўважаем Вячаслава, на галаве ў якога востраканцовая будзёнаўка з чырвонаю зоркаю. Нейкія кабеты пазычаюць у яго шапку і фатаграфуюцца ў ёй. Вячаслаў раз-пораз уздымаецца і крычыць: «Россия, Россия!» Але ягоны голас топіцца ў крыку натоўпу: «Беларусь, Беларусь!» Вячаслаў – расеец, але ўжо 12 гадоў жыве ў Менску, і яму тут вельмі падабаецца. «Ніхто тут не парушае маіх правоў», – сцвярджаецца ён. А ці падабаецца яму Аляксандр Лукашэнка? «О, прэзідэнт тут спецыфічны, але лепшага пакуль што няма».

«І што мне рабіць з гэтаю свабодаю?»

Па дарозе сустракаем дзвюх дзяўчат, захутаных у сцяг Латвіі, гэта Крысці ды Ліга з латвійскага гораду Рэзэкнэ (Rēzekne). Сяброўкі кажуць, што яны латышкі, але па-расейску размаўляюць нават без следу акцэнту. Дзяўчаты ў захапленні ад Беларусі. «Ці ведаеце, што Беларусь несвабодная?» Дзяўчаты пагаджаюцца, а ў адной з іх склалася ўражанне, што ейны тэлефон праслухоўваюць. Аднак яе мара – жыць у Беларусі. «Але ж тут менш свабоды, чым у тваёй краіне?», – здзіўляемся мы. «А што мне рабіць з гэтаю свабодаю?» – адказвае маладая латышка, паказваючы рукою на нядаўна пабудаваны высокі жылы дом. «У Латвіі будаўніцтва такога дому, збіранне ўсіх дазволаў працягвалася б гады, а тут раз – і пабудаваны».

«Машэраў харошы»

Нарэшце падыходзім да дваіх заўзятараў з Кітаю. Цяжка сказаць, што яны робяць у Беларусі, акрамя наведвання фан-зонаў. Пэўна, недзе працуюць, але даволі слаба валодаюць расейскаю моваю. Пытаемся, што кітайцы ведаюць пра беларускую палітыку. «Машэраў харошы», – адказвае старэйшы з іх. Мы крыху агаломшаныя: чаму менавіта першы сакратар ЦК Камуністычнай партыі Беларусі 1970-х гадоў так спадабаўся нашым суразмоўцам? Яны, на жаль, не могуць адказаць: бракуе знаёмых словаў.

Сцямнела, а на сцэне фан-зоны абвяшчаюць конкурс. Выходзяць дзве каманды дзяўчат, якія шалёным танцам маюць падтрымаць каманду беларускіх хакеістаў. «Увага, – кажа адзін з вядоўцаў да самай вясёлай паненкі, якую моцна хіляе ў бакі. – Першая частка важнай інфармацыі: канец сцэны тут». Натоўп гледачоў адказвае выбухам смеху. Беларусы, а таксама нешматлікія замежныя госці працягваюць весяліцца, куфлямі носяць халоднае піва, спяваюць, выгінаюцца ў танцах і пляскаюць у ладкі. Беларусь прайграе, але ўсім вясёла. Кіраўнік Беларусі, пэўна, і так ідзе спаць з лёгкім сэрцам: здзейснілася ягоная запаветная мара, каб Менск стаў хакейнаю сталіцаю свету.

ЯБ, МЯ, belsat.eu

Стужка навінаў