Па выніках экзіт-полу на прэзідэнцкіх выбарах ва Украіне перамог Парашэнка (абнаўляецца)


Ва Украіне прайшлі датэрміновыя прэзідэнцкія выбары. На найвышэйшую пасаду ў краіне прэтэндавалі 19 кандыдатаў.

Прэзідэнцкія выбары ва Украіне адбыліся, нават у Луганскай і Данецкай аблясцях, хоць і не на ўсіх участках, паведамілі ў Цэнтральнай выбарчай камісіі. На ваыбарчыя ўчасткі прыйшло каля 60% грамадзянаў Украіны.

Па выніках нацыянальнага экзіт-полу, ва Украіне перамогу ўжо ў першым туры выбараў атрымаў алігарх Пятро Парашэнка, які набраў 55,9 % галасоў. Другое месца ў Юліі Цімашэнкі – 12,9 %. Трэцяе месца заняў дэпутат Алег Ляшко – 8,0 %.



{movie}Сяргей Падсасонны пра папярэднія вынікі выбараў ва Украіне |right|16625{/movie}

21:00 Узброеныя баевікі намагаліся перашкодзіць удзелу жыхароў усходняй часткі Украіны ў выбарах, але кіраўнік Данецкай вобласці выказаў перакананне, што выбары адбыліся. Пра хаду галасавання і сітуацыю на Данбасе – у размове з карэспандэнтам Алесем Баразенкам.

{movie}Алесь Баразенка пра хаду галасавання і сітуацыю на Данбасе |right|16622{/movie}

20:30 На стан вечара 25 траўня выбары не адбыліся ў 23 гарадах і 6 раёнах Данецкай вобласці, падала мясцовая адміністрацыя. Надзвычай высокую актыўнасць украінскіх выбарнікаў у іншых рэгіёнах падкрэсліваюць міжнародныя назіральнікі.

«Галоўнае і прынцыповае адрозненне гэтых выбараў у тым, што тут людзі вераць, што іх голас будзе ўлічаны, яны вераць, што іхнае меркаванне можа паўплываць на вынік выбараў. У Беларусі, мне здаецца, ужо ніводзін чалавек не верыць у справядлівыя выбары, не верыць у тое, што гэтыя працэдуры – не цырк, а штосьці праўдзівае і сапраўднае. Тут у людзей вера прысутнічае», – распавяла назіральніца за ўкраінскімі выбарамі з Беларусі Таццяна Новікава.

{movie}Назіральніца за выбарамі ва Украіне: Тут прысутнічае вера |right|16620{/movie}



19:00
Украінскае Міністэрства ўнутраных справаў паведамляе, што група ўзброеных людзей скрала бюлетэні на адным з выбарчых участкаў у Новаайдарскім раёне Луганскай вобласці. За злачынцамі пагналіся міліцыянты. Падчас пераследу і перастрэлкі адна асоба загінула, адна – параненая. Баевікоў удалося затрымаць.



У Адэсе міліцыя знайшла 4 сумкі з заранёў запоўненымі выбарчымі бюлетэнямі.



17:00
Штаб кандыдата на прэзідэнцтва Пятра Парашэнкі паведаміў: У Луганскай вобласці затрымалі 14 грамадзянаў, якія меліся здзейсніць тэракт

«У Луганскай вобласці затрымалі 14 грамадзянаў. Яны скралі бюлетэні на участках №№ 263–266. Прыйшлі на ўчасткі са зброяй. А на 259 выбарчым участку яны паспрабавалі арганізаваць тэрарыстычны акт. Падчас гэтага іх затрымалі», – заявіў кіраўнік выбарчага штабу Парашэнкі Віталь Кавальчук.

У Чаркаскай вобласці адзін з кіраўнікоў выбарчай камісіі выкраў бюлетэні ды знік у невядомым кірунку. Яго шукаюць.



15:00 З’явілася відэапацверджанне перабывання чачэнцаў-кадыраўцаў ва Украіне. Некалькі дзясяткаў добра ўзброеных мужчынаў адкрылі страляніну ў паветра ў цэнтры Данецку. На іх БТР ёсць надпіс «Восток», што сведчыць пра іх прыналежнасць да аднайменнага батальёну. «Восток» вядомы ўдзелам у этнічных зачыстках у Чачэніі ды ў ваенных дзеяннях падчас расейска-грузінскае вайны.

{movie}Кадыраўцы ў Данецку|right|16613{/movie}

14:25 Паводле ЦВК, на 11:00 прагаласавалі 17 % выбарнікаў на 151-ой з 213-ці выбарчых акругаў.



14:15
У цэнтры Данецку з’явіліся ўзброеныя людзі ў камуфляжы. Тут адбыўся мітынг прыхільнікаў сепаратыстаў, мітынгоўцы скіраваліся да рэзідэнцыі алігарха Рыната Ахметава, які падтрымлівае цяперашнія кіеўскія ўлады. Людзі скандуюць «Расея!» ды «Ахметаў – здраднік», – перадае рэсурс liga.net.

Сепаратысты хочуць сарваць галасаванне

Праваабарончая арганізацыя «Камітэт выбарнікаў Украіны» паведамляе, што раніцай на Данеччыне не змаглі распачаць працу 15 акруговых выбарчых камісіяў у мясцінах, якія застаюцца пад кантролем сепаратыстаў: Горлаўка, Арцёмаўск, Краматорск. Не працуюць 5 выбарчых камісіяў у Данецку. Раніцаю не працавалі выбарчыя ўчасткі ў Луганску.

«Падобна, што ніводзін выбарчы ўчастак так і не пачне працы, – паведамляе з Данецку карэспандэнт «Белсату» Юрась Высоцкі. – Шмат блок-пастоў, людзі баяцца ісці на выбарчыя ўчасткі, баяцца страляніны. Сёння а 5-ай раніцы ў горадзе было чуваць стрэлы, але не ў цэнтры, а недзе на ўскраіне».

Раней некаторыя лідары сепаратыстаў заяўлялі, што не дапусцяць правядзення выбараў, бо не лічаць Данеччыны і Луганшчыны тэрыторыяй Украіны. Гэтак кіраўнік ЦВК самаабвешчанай «Данецкай народнай рэспублікі» заявіў у інтэрв’ю Бі-Бі-Сі, што актывісты ДНР будуць сабатаваць працу выбарчых участкаў, пераразаючы тым лініі камунікацыі, выкрадаючы дакументы і блакуючы падыходы да будынкаў.

Адзіны фаварыт?

Паводле сацыялагічных доследаў, ледзь не адзіны, хто мае шанцы на перамогу, – алігарх Пятро Парашэнка. Гатовыя аддаць за яго галасы, паводле сацыёлагаў, каля 35 % украінцаў. Парашэнка валодае карпарацыяй «Roshen» ды кантралюе ўкраінскі «5 канал». Алігарх падтрымаў Майдан ды заяўляе, што выступае за еўрапейскі шлях для Украіны.

За алігархам з вялікім адставаннем ідуць экс-прэм’ерка Юлія Цімашэнка (6,5 %) ды намеснік старшыні Партыі рэгіёнаў Сяргей Цігіпка (5,8 %).

Паводле сацыёлагаў, большасць украінцаў (53 %) верыць, што выбары пройдуць без фальсіфікацыяў.

«Раней для выбараў ва Украіне былі характэрныя такія парушэнні, як подкуп выбарнікаў: стаяў чалавек перад участкам і проста прапаноўваў грошы. У нас пакуль што няма паведамленняў пра значныя парушэнні ці спробы подкупу, – гаворыць беларускі назіральнік у Кіеве Рыгор Астапеня. – На маю думку, значная колькасць украінцаў «працверазіла»: усе хочуць справядлівых выбараў. Таксама мы чакаем высокай выбарчай актыўнасці».

Ва Украіне сфармаваныя 32 244 участковыя выбарчыя камісіі ды 213 абласных. Раней налічвалася 225 выбарчых акругаў, але пасля анексіі Крыму і гораду Севастопаль Расеяй Вярхоўная Рада і ЦВК прыйшлі да высновы, што правесці на згаданай тэрыторыі выбары прэзідэнта Украіны няма немагчымасці. У сувязі з гэтым колькасць акругаў зменшылася на 12. Тым не менш жыхары Крыму і Севастопалю могуць прагаласаваць на выбарах. Для гэтага ім трэба было папярэдне прыехаць на мацерыковую частку Украіны і падаць заяву ў органы вядзення дзяржаўнага рэестру выбарнікаў аб часовай змене месца галасавання, а ў дзень выбараў зноў прыехаць туды і прагаласаваць. Папярэдне скарысталі з гэтае магчымасці прыблізна 6 тыс. асобаў з 1,8 млн выбарнікаў Крыму і Севастопалю.

Для перамогі аднаго з кандыдатаў ужо ў першым туры за яго мусяць аддаць галасы не менш як палова тых, хто прыйдзе на выбарчыя ўчасткі. У іншым выпадку адбудзецца другі тур выбараў, у выніку якога пераможца вызначыцца простаю большасцю.

МЛ, belsat.eu

Стужка навінаў