«The New Yorker» апублікаваў сваю версію выбачэнняў прынца Чарлза за абразу Пуціна
У адказ на патрабаванне расейскай амбасады ў Лондане растлумачыць нядаўнюю заяву прынца Чарлза, у якой ён параўнаў Пуціна з Гітлерам, газета «The New Yorker» вырашыла напісаць сваю сатырычную версію адказу Ягонай Светласці.
«Мае дарагія расейцы!
Учора, паводле сведчанняў, я параўнаў вашага прэзідэнта Пуціна з Гітлерам. Калі гэтым каментаром я нейкім чынам абразіў вас, мне глыбока шкада. Адольф Гітлер быў адным з жудасных злодзеяў сусветнай гісторыі, і параўноўваць з ім прэзідэнта Пуціна было недарэчна. Што я меўся сказаць і кажу цяпер: гэты хлопец, Пуцін, можа часам быць падобны да Гітлера».
Гэткімі словамі пачынаецца паведамленне, якое напісаў аўтар выдання Эндзі Боравіц.
«Выбачальны ліс» стаў адказам на ціск з боку брытанскіх дэпутатаў і шырокі сусветны рэзананс, які выклікала ягоная заўвага.
Спадчыннік брытанскага пасаду публічна параўнаў прэзідэнта Расеі з Адольфам Гітлерам падчас сустрэчы з ветэранамі Другой сусветнай вайны ў Канадзе.
«Цяпер Пуцін робіць прыкладна тое ж самае, што ў свой час Гітлер», – сказаў прынц Чарлз адной з удзельніц сустрэчы, перажыўшай Галахост, у прысутнасці журналістаў.
Тым часам не ўсе брытанскія палітыкі негатыўна адрэагавалі на ягонае выказванне. Віцэ-прэм’ер Нік Клэг заявіў, што прынц, як і кожны грамадзянін, можа казаць усё, што яму хочацца, аднак толькі пры пэўнасці, што гэта робіцца ў прыватнай гутарцы.
Сустрэча будучага караля з Пуціным запланаваная на пачатак чэрвеня ў Нармандыі.
ДР, belsat.eu