У Горадні загарэўся дом легендарнага стваральніка эсперанта (Абноўлена, дадалося фота)


У будынку канца XIX ст., дзе калісьці жыў стваральнік міжнароднай мовы эсперанта Людвік Замэнгоф, якраз ідзе рэканструкцыя.

Сёння ў доме, які месціцца ў сэрцы старой Горадні, загарэўся дах. Тушыць пажар, прычына якога пакуль невядомая, прыехалі 4 цыстэрны – пажарная частка месціцца зусім побач. З 2011 года там ідзе рэканструкцыя з мэтаю перарабіць аб’ект пад гандлёва-офісны будынак. Навуковы кіраўнік аб’екту адзначае, што гаспадар ставіцца да працэсу вельмі адказна. Гэта цяпер рэдкасць.

Паводле гаспадара, агонь разгарэўся праз кінутую цыгарэту. Аднак працаўнікоў на той момант на аб’екце не было. Інспектарка, якая адглядала будынак, заўважыла дым ў суседнім доме – па адрасе Кірава, 3.

Дымам быў ахоплены ўвесь першы паверх будынка №3 па вуліцы Кірава. Усе ўваходы ў будынак былі даўно забітыя дошкамі. Але адзін з іх, ва ўнутраным дворыку, схаваны ад вачэй мінакоў, невядомыя адчынілі, сарваўшы некалькі дошак. Унутры дома ў суседнім ад увахода пакоі ляжала абсмаленая ануча. Верагодна, хтосьці абліў яе палівам ды падпаліў. Побач з ёй абгарэлі дзверы ад сярэдзіны – нібы невядомыя адмыслова нейкі час трымалі яе каля дзвераў, каб схапілася дрэва. Падлога пад тлеючай тканінай прапалілася ў дыяметры 20 сантыметраў. Інспектарка папрасіла жыхароў з суседніх дамоў падзяжурыць нейкі час ды прасачыць, каб не разгарэўся агонь. Заўтра

Будынак №3 па вуліцы Кірава стаіць закінуты з 2008 года. І хоць ён месціцца ў самым цэнтры горада, ніхто не наважваецца яго набыць ці то з-за высокага кошту, ці то з-за паўразбуранага стану. У гэтым доме канца ХІХ стагоддзя калісьці жыў равін.

У 1893–1897 гадах у доме на вул. Кірава, 5 жыў і працаваў стваральнік міжнароднай мовы эсперанта Людвік Замэнгоф. У 1920-ыя тут размяшчалася габрэйская школа «Tarbut», а ў 1930 годзе – рэдакцыя газеты «Беларуская думка». З 2005 года дом стаяў закінуты, хоць і змяніў некалькіх уладальнікаў.

Настасся Фрода, АК, belsat.eu

Стужка навінаў