Палата прадстаўнікоў абмяжоўвае аборты і стэрылізацыю


Дэпутаты прынялі ў другім чытанні папраўкі да закону аб ахове здароўя. Паводле новых нормаў доктар зможа адмовіцца рабіць аборт, накіраваўшы пацыентку да іншага спецыяліста, а таксама з’явяцца абмежаванні для мужчынскай стэрылізацыі.

Чатыры з пяці абортаў – без медычных рэкамендацыяў

Статыстыка сведчыць, што за апошнія 13 гадоў колькасць абортаў скарацілася на 77 %. Да 2003 года беларускія жанчыны рабілі аборты часцей, чымся нараджалі. У Міністэрстве аховы здароўя звязваюць паляпшэнне гэтых паказчыкаў з актыўнай прапагандаю супраць перарывання цяжарнасці ды з’яўленнем новых сродкаў кантрацэпцыі.

Прынятыя Палатаю прадстаўнікоў у другім чытанні папраўкі да закону аб ахове здароўя дазваляюць доктару-спецыялісту адмовіцца рабіць аборт. Дзеля гэтага доктар мусіць у пісьмовым выглядзе паведаміць аб сваім рашэнні кіраўніку медычнай установы. На апошняга ўскладаецца абавязак знайсці доктара, які зробіць аборт. У парламенце запэўніваюць, што дактары, якія пагаджаюцца рабіць аборты, не будуць атрымліваць за гэта нейкіх дадатковых надбавак.

Старшыня камісіі Палаты прадстаўнікоў у ахове здароўя паведаміў, што толькі 21 % абортаў датычыць выпадкаў, калі на гэта ёсць медычныя рэкамендацыі.

Стэрылізацыя – толькі пасля 35 гадоў

Выпадкі стэрылізацыі мужчынаў у Беларусі застаюцца адзінкавыя, хоць гэта адзін з самых надзейных метадаў кантрацэпцыі.

Папраўкі ў заканадаўства ўводзяць узроставы цэнз на працэдуру: добраахвотную стэрылізацыю могуць выканаць толькі мужчыны, старэйшыя за 35 гадоў, або тыя, хто ўжо мае дваіх і больш дзяцей.

Пра мэтазгоднасць новаўвядзення і ці яно вырашаць праблему спаронаў у краіне – у «Гарачым каментары» з Таццянаю Пронькаю з Фонду ААН у галіне народанасельніцтва.

МЛ, belsat.eu

Стужка навінаў