Хірургі гарадзенскіх вуліцаў змяняюць ахвяраў да непазнавальнасці


Чарговыя прыклады жахлівых наступстваў «пластычнай аперацыі» ў цэнтры Горадні – будынкі ў духу «аграстайл».

Павялічыўся ўтрая і стаў цьмянага стылю

Няма ані густу, ані меры. А абяцалі, што будзе тое самае”, – гарадзенскі краязнаўца Ігар Лапеха абураецца рэканструкцыяй дому Астроўскага. Дом інжынера-чыгуначніка Астроўскага – белы аднапавярховы з мансардаю – стаяў, хаваючыся за дрэвамі каля дзіцячага шпіталю непадалёк ад цэнтру гораду. Ён быў пабудаваны ў 1920–1930-я гады ў стылі польскага канструктывізму. У 1944 годзе ў ягоных падвалах гарадзенцы ратаваліся ад бомбаў, а ў савецкі час тут месціўся дзіцячы садок МУС, пазней – настаўніцкі інтэрнат. Апошнія гады будынак пуставаў і планаваўся пад знос. Аднак у 2011 годзе яго перадалі ва ўласнасць дзіцячаму шпіталю, каб зрабіць там гаспадарчы корпус.

Будаўнікі ўзяліся за дом летась у ліпені: знялі дах, разабралі ганак і частку сценаў. Абяцалі, што пасля рэканструкцыі сёлета ў лютым выгляд будынку будзе падобны да першапачатковага. Аднак цяпер цяжка пазнаць у гэтай пабудове стары дамок. Па-першае, ён павялічыўся ўшырыню ледзь не ўтрая.

Першы раз дом дабудавалі з правага боку недзе ў 1960–1970-я гады – хутчэй за ўсё, каб настаўнікам у інтэрнаце хапіла месца. Але тады прыбудова гарманічна ўпісвалася ў цэлае. Цяпер жа і з левага боку разбудавалі, і выглядае гэта ўжо недарэчна”, – мяркуе Ігар Лапеха.

Па-другое, змяніўся стыль, дэкор, колер дому. “Невядома, у якім стылі цяпер гэты дом. Было падобна, што яго зробяць у эклектыцы канца ХІХ стагоддзя, можна было панавешваць ліштвы і сандрыкі [адмысловыя ўпрыгожванні вокнаў. – belsat.eu]. Але цяпер дэкор абсалютна безгустоўны, паўкруглыя дэталі не адпавядаюць памерам будынку, спалучэнне колераў – гэта, скажу груба, проста дыягназ”, – абураецца Ігар Лапеха.

Гарадзенскі блогер Мечыслаў Супрон акрэсліў новы стыль будынку як “аграстайл”.

Такая рэканструкцыя падманвае

Гісторык і культурны антраполаг Сцяпан Стурэйка мяркуе, што дом можна было аднавіць нашмат больш эстэтычна і блізка да інтарэсаў помніка. Зрабіць гэта можна было нават тады, калі стаяла задача пашырыць будынак, хоць гэта і не лепшы варыянт. Адначасова гісторык адзначыў, што хоць інтарэсы помніка парушаныя, бо яго цяпер не відаць, рэканструктары досыць тактоўна паставіліся да гістарычнага асяроддзя, бо не пабудавалі тут, напрыклад, шматпавярховіка.

Але ж, на меркаванне Сцяпана Стурэйкі, у такой рэканструкцыі прысутнічае падман – як жыхароў, так і ахоўнікаў спадчыны: “Шмат залежыць ад прафесійнай этыкі архітэктараў, якія робяць праект. Будынак стаў абсалютна сучасны, але ён не выглядае як сучасны. Шараговыя жыхары могуць падумаць, што сучасны будынак, цалкам перароблены «пад даўніну», і ёсць той самы дом Астроўскага. Ён выкананы ў псеўдагістарычным стылі. Тут захавалася значная частка сценаў, але не відаць помніка, ён схаваўся. Гэта таксама падман ахоўнікаў спадчыны, бо ім абяцалі, што дом застанецца, які быў, а гэта татальная перабудова”.

Чарговыя прыклады «аднаўлення» да непазнавальнасці

Дом Астроўскага не адзіны ў Горадні, які страціў аўтэнтычнасць у выніку “рэстаўрацыі”. Да прыкладу, дом польскай пісьменніцы Зоф’і Налкоўскай пасля перабудовы атрымаў трэці паверх, якога ніколі раней не меў.

Цяпер ідзе рэканструкцыя двух суседніх гарадзенскіх дамоў канца ХІХ стагоддзя ў цэнтры гораду. Двухпавярховы дом Бартноўскага з мансардаю ў 1970-я гады зрабілі трохпавярховікам без мансарды. Пасля дом пуставаў восем гадоў, і яго нават планавалі цалкам разабраць. Урэшце вырашылі вярнуць гістарычны выгляд з мансардаю і знесці трэці паверх. Але калі ўначы руйнавалі тэхнікаю трэці паверх, знеслі і добрую частку другога. Суседні дом Міхальскага наадварот з аднапавярховага зробяць двухпавярховым з мансардаю. Будынак вядомы тым, што ў ім спынялася пісьменніца Эліза Ажэшка.

Рэканструкцыя “з нуля” закранула яшчэ адзін стогадовы гарадзенскі дом, з манументальнай выяваю на бочным фасадзе. Летась у лістападзе дом ушчэнт зруйнавалі з абяцаннем адбудаваць яго “двайнік” да чэрвеня. Аднак пакуль на гэтым месцы няма нават фундаменту. Дарэчы, Сцяпан Стурэйка адзначыў, што і на Захадзе існуе практыка рэстаўраваць дом ад самага пачатку – але яна моцна абмежаваная, бо губляецца аўтэнтычная каштоўнасць будынку, і каб атрымаўся стогадовы дом, трэба будзе пачакаць сто гадоў.

Прыклады псеўдарэстаўрацыі ёсць ва ўсёй Беларусі. У вёсцы Заастравечча (Клецкі раён Менскай вобласці) драўляную царкву 1933 года, якая прызнаная гістарычна-культурнаю каштоўнасцю, аздобілі сайдынгам. А ў вёсцы Гошчава (Івацэвіцкі раён, Берасцейшчына) драўляную царкву 1838 года ў 2009-м патынкавалі, паставілі шклопакеты, дадалі купал-цыбуліну, якога там ніколі не было. У Віцебску змянілі да непазнавальнасці стогадовы дом у архітэктурным ансамблі забудовы старой вуліцы. Яго абклалі “тэрмашубаю” і патынкавалі, а з-над дзвярэй зніклі брылі з арыгінальнымі каванымі кратамі.

Разбураюцца самі… з-за часу

Шмат якія дамы стаялі доўгі час занядбаныя і праз гэта самі разбураліся. У цэнтры Горадні можна пабачыць мноства струхлелых дамоў, пра якія ніхто не дбае. Некаторыя з іх паказаныя на нашай мапе.

Трухлее былая габрэйская малітоўная школа на Калючынскай, 23. Будынак выходзіць на галоўную плошчу гораду – Савецкую. Два выхаванцы школы сталі галоўнымі рабінамі Тэль-Авіву ды Ізраілю. А пасля пажару 1885 года тут жылі каля 70 самых бедных сем’яў пагарэльцаў. З 2006 да 2009 года цягнулася эпапея з высяленнем жыхароў, тут планавалі паставіць навабуд або зрабіць стаянку для суседняга гатэлю. Цяпер уваходы замураваныя пенаблокамі.

Яшчэ адна былая габрэйская малітоўная школа побач з сінагогаю (Вялікая Траецкая, 57) таксама пусцее. Тут таксама была рамесніцкая школа, праходзілі прыватныя настаўніцкія курсы, месціўся кааператыўны тэхнікум і яго інтэрнат. Поруч з турмою стаіць закінуты дом Хаіма Бронервейна (Кірава, 3) канца ХІХ стагоддзя. Некалі тут быў штаб сапёрнага батальёну, жылі доктар, рабін, размяшчаўся склад селядцоў Бронервейна. Жыхароў выселілі ў 2008 годзе. Летась дом трапіў у цэнтр увагі, калі з яго скралі чыгунны гаўбец.

Непадалёк, на Гараднічанскай, 23, стаіць магутны двухпавярховы, але нібыта нікому не патрэбны дом гісторыка Карнілава, канца ХІХ стагоддзя. Падчас Другой сусветнай вайны тут размяшчаўся хоспіс пры Фарным касцёле, пазней быў Дом інваліда.

Крыху далей – будынак канца ХІХ стагоддзя, некалі былы вайсковы трыбунал войскаў НКУС (Урыцкага, 5). Ён мае глыбокія скляпеністыя падвалы, але цяпер разбураецца без даху. У 2006–2007 гадах ён ужо зазнаў пагрозу мэтанакіраванага разбурэння, але гарадзенская моладзь дзяжурыла пад будынкам, каб яго абараніць.

Тут жа ў дварах – былая каўбасная лаўка Леапольда Марозава, на Тэльмана, 7а (год пабудовы 1900). На двухпавярховым доме яшчэ засталося аздабленне і балкон, але вокны забітыя, і дом закінуты.

Каля чыгуначнага вакзалу стаіць трохпавярховы дом пачатку ХХ стагоддзя (Будзённага, 48), пацярпелы пры капрамонце. Цяпер ён завешаны будаўнічым палатном.

Тут жа памяшканні былой Нёманскай фабрыкі пераплётных вырабаў, каля вайсковай часткі на Леніна, 5 і 7 уражваюць маштабамі сваёй непатрэбнасці. Фабрыка, пабудаваная ў 1889 годзе, выпускала сувенірную і канцылярскую прадукцыю. У 1940-я гады пераплётную фабрыку замянілі на абутковую. Некалькі гадоў памяшканне пустуе, але за агароджаю відаць прывезеныя будматэрыялы.

Настасся Фрода, belsat.eu

Стужка навінаў