«К делам на благо родины, к добру и справедливости будь готов! – Всегда готов!». Гэта не 30 гадоў таму, гэта не Савецкі Саюз, гэта сёння, у Беларусі, на плошчах і вуліцах гарадоў. У Дзень піянерскага сяброўства Беларуская рэспубліканская піянерская арганізацыя прымала ў свае шэрагі новых сябраў.
«Піянеры патрэбныя, каб дапамагаць старэйшым, а таксама малодшым дзецям, каб у іх усё атрымлівалася, а не цяп-ляп – і гатовае. А яшчэ, каб абараняць Радзіму», – упэўнена адказала Аня.
«А ёсць у вас у класе хто-небудзь, каго не прымаюць у піянеры?» – пытаемся.
«Не, у нас усіх прымаюць, бо ў нас усе дзеці добрыя, спагадлівыя, прыгожыя, разумныя. У піянеры нельга прымаць тых, хто дрэнна сябе паводзіць, а яшчэ тых, хто не будзе насіць гальштук», – патлумачыла дзяўчынка.
«Вельмі хочам у піянеры, бо гэта крута. Будуць розныя мерапрыемствы, нам наш класны кіраўнік распавяла», – адказалі хлопцы Саша і Ваня, што стаялі пад банерам піянерскага атраду «Бабраты».
Станіслаў і Алена з Бабруйску, бацькі вучня 3-га класу, наўмысна не дазволілі сыну пайсці ў піянеры. «Сын хацеў у піянеры, бо ім жа распавялі, колькі там усяго добрага, ды і большасць дзяцей з класу пайшлі, – кажа Станіслаў. – Але я адразу яму сказаў – я падпісваць заявы не буду, піянерам з маёй згоды ты не станеш. Я супраць піянераў, бо цяпер ты піянер, потым камсамолец, потым камуніст. Не хачу, каб мой сын заражаўся камуністычнаю ідэалогіяй».
«Я не супраць піянерскай арганізацыі як такой. Дзіцячая і моладзевая арганізацыя патрэбныя. Але назва мусіць быць іншая, каб не асацыявалася з Савецкім Саюзам. Радуе, што пакуль уступленне ў піянеры неабавязковае», – далучылася да размовы жонка Станіслава Алена
А дакладней – 572 тыс. 245 асобаў, як паведамляе сайт Беларускай рэспубліканскай піянерскай арганізацыі.
Беларускую рэспубліканскую піянерскую арганізацыю стварылі 13 верасня 1990 года. У сваёй дзейнасці яна працягвае савецкія піянерскія традыцыі ды лічыць сябе пераемніцаю савецкай Усесаюзнай піянерскай арганізацыі ім. Леніна. Гэта адзіная афіцыйная дзіцячая арганізацыя ў сучаснай Беларусі, якая ўваходзіць у склад адзінай афіцыйнай моладзевай арганізацыі – Беларускага рэспубліканскага саюзу моладзі.
А новых бабруйскіх піянераў пасля ўрачыстай лінейкі чакаў падарунак – разам з класнымі кіраўнікамі яны пайшлі ў мясцовы кінатэатр глядзець «Ералаш».
Марына Маўчанава, belsat.eu