Пуцін загадаў вярнуць войскі ў месцы пастаяннай дыслакацыі


Крамлёўская прэс-служба паведамляе аб прыпыненні гэтак званых вясновых вучэнняў на мяжы з Украінаю.

Гэта звязана «з завяршэннем планавай вясновай фазы падрыхтоўкі войскаў, якая прадугледжвала іх перадыслакацыю і праходзіла, у прыватнасці, на палігонах у Растоўскай, Белгарадскай і Бранскай вобласцях», – інфармуе прэс-служба. У той жа час «Расея заклікае да неадкладнага спынення карнай аперацыі» [гэтак Масква акрэслівае антытэрарыстычную аперацыю супраць сепаратыстаў на усходзе Украіны – belsat.eu], – гаворыцца ў паведамленні.

Яшчэ 7 траўня прэзідэнт Расеі заявіў, што Масква адвяла свае войскі ад мяжы з Украінаю. Паводле яго версіі, «яны застаюцца там», дзе праходзяць рэгулярныя вучэнні. Аднак спадарожнікавыя здымкі НАТО, апублікаваныя пасля гэтае заявы, сведчылі пра іншае.

Тым часам украінскія медыі звяртаюць увагу на чуткі, якія разыходзяцца па Луганскай вобласці. Паводле непацверджанай інфармацыі на тэрыторыю самаабвешчанай Луганскай народнай рэспублікі завезеныя 2,5 тысячы чачэнцаў. Як інфармуе ўкраінскі тэлеканал ТСН, каўказцаў баяцца нават сепаратысты.

ЮВ, belsat.eu

Стужка навінаў