Кінамарафон, усходнія спадужанні і джаз


Галерэя, музей ці канцэрты: дзе правесці Ноч музеяў?

Гісторыя фестывалю з назваю «Ноч музеяў» пачалася ў Берліне ў 1997 годзе. Чатыры гады пазней да нямецкае сталіцы далучыліся 120 еўрапейскіх гарадоў.

Сёлета свае дзверы для начных наведнікаў адчыняць дзясяткі музеяў, галерэяў ды іншых творчых пляцовак па ўсёй краіне. Большасць імпрэзаў стартуе з 19:00 і скончыцца раніцаю нядзелі. Сёння, 17 траўня, уваход на большасць падзеяў платны, затое ў Міжнародны дзень музеяў 18 траўня ўваход на экспазіцыі – вольны.

Насычаная Ноч музеяў – у Нацыянальным мастацкім музеі (вул. Леніна 20). З 21:00 там пачнецца праграма «Лабірынты часу», на якой вы зможаце пазнаёміцца з інтэрактыўнаю творчасцю Хаіма Суціна і шэрагу сучасных беларускіх мастакоў, завітаць у творчую майстэрню Алега Вусава на выставу жывых скульптураў.

Таксама ў межах Ночы музеяў ва ўнутраным дворыку музею пройдзе акцыя «Фотасушка», дзе можна будзе абмяняцца сваймі здымкамі, а на прыступках перад уваходам – вулічны канцэрт (на 23:00, напрыклад, запланавалі выступ «Серебряной свадьбы»). Кошт – Br 50 тыс. На бясплатны ўваход могуць разлічваць тыя, хто прытрымаецца дрэс-коду – створыць свой гадзіннік, зрабіўшы яго часткаю строя.

Музей гісторыі Менску (вул. Рэвалюцыйная 10) з 20:00 запрашае на піццё гарбаты, джаз-канцэрт і выставу пад назваю «Back in USSR», прысвечаную рарытэтным савецкім плакатам, прадметам побыту і агульна мастацтву тых часоў.

Кінаманаў і танцораў чакаюць у Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва. Там запланаваныя дзве кінападзеі, фестываль кароткаметражных фільмаў і кінамарафон пад назваю «Жыццё і Драма», а таксама танцавальны ўоркшоп ліндзі-гопу.

У музейную ноч варта наведаць і Дом Коласа, дзе можна будзе выпіць гарбаты з лекавых траваў з радзімы пісьменніка, пазнаёміцца з беларускімі народнымі песнямі, танцамі і гульнямі. Акрамя беларускае часткі, можна будзе спазнаць і культуру краінаў Азіі: сярод запланаваных імпрэзаў – майстар-клас па арыгамі, прэзентацыя ўсходніх спадужанняў, сустрэча з кітайскім паэтам Лі Цзо. Скончыцца ўсё канцэртам, а пасля 0:00 фаер-шоу.

Шмат падзеяў адбудзецца на вольным паветры. Напрыклад, музей-майстэрня Азгура арганізуе праграму ў Цэнтральным дзіцячым парку імя Максіма Горкага. Вас чакаюць прэм’ера хакейнай оперы-буф, мультымедыйны перформанс, тэатральныя пастаноўкі і шмат іншага. Квіткі – за Br 200 тыс.

ДР, belsat.eu паводле belta.by, citydog.by, naviny.by

Стужка навінаў