Памежнікаў, якія сп’яна ледзь не пастралялі вяскоўцаў, не звальняюць з працы


Кіраўніцтва кажа, што для звальнення… няма падставаў. Яны чакаюць пастановы суда.

Начальнік першай мабільнай заставы аддзелу памежнай службы «Прудок» старшы лейтэнант Гураў і ягоны падначалены старшы сяржант Рамановіч, якія ахоўвалі беларуска-ўкраінскую мяжу, выпівалі ў бутэрброднай у вёсцы Мілашавічы з нагоды нараджэння сына ў сям’і сяржанта.

Бутэрбродная Бутэрбродная “У самовара”. Фота ej.byМалады вясковы настаўнік Сяргей зайшоў з хлопцамі ў бутэрбродную і паглядзеў у бок памежнікаў, якія сядзелі за столікам са школьніцамі. Ахоўнікам мяжы гэта не спадабалася і яны ўсчалі слоўную перапалку. Гураў, каб паказаць, хто гаспадар становішча, выклікаў узброеную падмогу – прыехалі ягоныя падначаленыя, прывезлі зброю.

Калі прыехала падмога, ля УАЗіка сабралася шмат маладых вяскоўцаў. Гураў і Рамановіч схапілі аўтаматы і кінуліся назад у бутэрбродную, чым напалохалі ўсіх, хто там яшчэ заставаўся. Убачыўшы пагрозу, загадчыца кавярні патэлефанавала ў міліцыю – да страляніны не дайшло. Але ў дачыненні памежнікаў распачалі крымінальную справу па факце зацятага хуліганства, яе разгляд 15 траўня працягнуўся на выязной калегіі Гомельскага абласнога суда.

У зале суда старшы лейтэнант і сяржант сядзелі за кратамі. Са службы ні Гурава, ні Рамановіча пакуль не звольнілі. У Гомельскай памежнай групе гэта растлумачылі так: «Пытанне пра звальненне будуць развязваць на аснове судовай пастановы. Калі іх асудзяць, то ў нас будзе падстава іх звольніць з тае прычыны, што іх прыцягнулі да крымінальнай адказнасці. А пакуль гэтых падставаў няма».

Асноўнае абвінавачванне Гураву і Рамановічу выставілі на падставе часткі 3 артыкулу 339 Крымінальнага кодэксу (асабліва зацятае хуліганства з пагрозаю прымянення зброі).

АК, belsat.eu, БелаПАН

Стужка навінаў