Актывісты сцвярджаюць - затрыманых перад чэмпіянатам можа быць больш за 250 асобаў


Чэмпіянат свету па хакеі ў разгары. За краты надалей трапляюць актывісты і апазіцыянеры. Да 25-ці дзён арышту прысудзілі грамадскага актывіста Алега Кероля за салідарнасць з прэвентыўна затрыманымі. Тыя ж, хто вызваляецца, паведамляе, што арыштаваных перад чэмпіянатам значна больш, чымся вядома праваабаронцам.

Яшчэ ўчора Алег Кероль быў здзіўлены з пастановы суда Першамайскага раёну сталіцы, які замест таго, каб скіраваць актывіста на Акрэсціна, скіраваў ягоную справу на дапрацоўку.
{movie}«Закратаваны» чэмпіянат|right|16469{/movie}
АЛЕГ КЕРОЛЬ, ГРАМАДСКІ АКТЫВІСТ:
«Можа, яны хочуць паказаць, што чэмпіянат свету ўжо да сярэдзіны падыходзіць, так што і санкцыі трошкі змякчаюцца».

Справу дапрацавалі. Ды ў выніку пакаралі грамадскага актывіста 25-цю соднямі арышту паводле стандартных ужо хуліганства і непадпарадкавання міліцыянтам.

Затрымалі ж Алега Кероля, калі ён расклейваў улёткі салідарнасці з прэвентыўна затрыманымі падчас чэмпіянату свету па хакеі. Паводле праваабаронцаў, за кратамі застаюцца больш за 30 такіх актывістаў. Вызвалены напярэдадні грамадскі актывіст Мікалай Бабушкін кажа, што колькасць затрыманых у сувязі з чэмпіянатам можа быць значна большая.

МІКАЛАЙ БАБУШКІН, ГРАМАДСКІ АКТЫВІСТ:
«Лічы, што больш за 250 чалавек. Тое, што камеры, яны ўсе даверху забітыя. Гэта сведчыць аб тым, я, калі з паверху на паверх спускаўся, быў такі момант, што шмат чуў размоваў, кажуць працаўнікі, што і гэтых няма куды пасадзіць, у нас амаль усё забітае».

Пра тое, што актывіст 5 содняў быў за кратамі, стала вядома толькі пасля ягонага вызвалення з Акрэсціна. Затрымалі ж маладзёна яшчэ 8 траўня. Паводле Мікалая, працаўнікі АМАПу звярнулі ўвагу на сімволіку кіеўскага Еўрамайдану, якую актывіст меў з сабою. Афіцыйная прычына арышту – дробнае хуліганства.

Зрэшты, пра тое, што аніякіх прэвентыўных затрыманняў няма, кажуць як кіраўнік міністэрства ўнутраных справаў, гэтак і ў сталічнай міліцыі.

АЛЯКСАНДР ЛАСТОЎСКІ, ПРЭС-САКРАТАР ГУВД МЕНГАРВЫКАНКАМУ:
«Што такое ўвогуле прэвентыўныя затрыманні? Там сядзяць тыя, каму там належыць быць. У турмах сядзяць злачынцы, у Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў сядзяць правапарушальнікі. Адбываюць пакаранне ці чакаюць суда. Гэта ж звычайная практыка».

Але ці акурат тыя асобы трапляюць за краты? Уначы ў фан-зоне на Нямізе адбыліся некалькі боек паміж нецвярозымі расейскімі ды беларускімі заўзятарамі. Да прыезду праваахоўнікаў канфлікты скончыліся. Але, паводле сведкі здарэння, актывіста руху «За свабоду» Мікіты Семяненкі, працаўнікоў АМАПу зацікавілі асобы, якія размаўлялі па-беларуску. Пасля правярання дакументаў маладзёна намагаліся затрымаць.

МІКІТА СЕМЯНЕНКА, АКТЫВІСТ РУХУ «ЗА СВАБОДУ»:
«Менавіта пасля таго, як я сказаў, што вы, як прадстаўнікі ўлады, мусіце мне адказваць на мове звароту, яны за нейкія часткі майго адзення пацягнулі мяне ў асабліва абразлівай форме ў бок аўтазаку».

Не далі арыштаваць хлопца менчукі, якія змусілі сілавікоў вярнуць маладзёну дакументы. Якія, праўда, прыгразілі соднямі, калі той яшчэ раз з’явіцца ў фан-зоне. Відаць, у адрозненні ад тых, хто сапраўды браў удзел у бойцы.

МІКІТА СЕМЯНЕНКА, АКТЫВІСТ РУХУ «ЗА СВАБОДУ»:
«Міліцыянтаў не пужае тое, што яны выказваюцца абразліва ў бок саміх беларусаў, але з грамадзянамі Расеі яны ледзьве не на «вы» і шэптам».

Вось і славутая беларуская гасціннасць, якую гэтак хваляць замежнікі.

Ганна Любакова, «Аб’ектыў»

Стужка навінаў