Сярод сепаратыстаў ва ўсходняй Украіне - больш за 100 загінулых. Баевікі ўсцяж не здаюцца


Сепаратысты ва ўсходняй Украіне захопліваюць чарговыя паселішчы ды працягваюць атакі на ўкраінскіх вайскоўцаў. Цяжкія страты, лік якіх ужо пераваліў за сотню, не спыняюць прарасейскіх баевікоў. Да таго ж Дзярждэпартамент ЗША апублікаваў спадарожнікавыя здымкі, якія пацвярджаюць прысутнасць буйной групоўкі расейскіх войскаў у прымежнай з Украінаю зоне, што супярэчыць абяцанням Уладзіміра Пуціна.

54 сепаратысты былі знішчаныя спецатрадам “Ягуар” Міністэрства ўнутраных справаў Украіны ля Славянску. У Нацыянальнай гвардыі называюць гэта адказам на ўчорашнюю засаду на ўездзе ў вёску. Украінскія вайскоўцы не чакалі нападу ў паселішчы – тлумачаць у Міністэрстве абароны.

{movie}Сепаратысты наступаюць|right|16444{/movie}

АЛЯКСЕЙ МЭТРЭШКІЎСКІ, ПРАДСТАЎНІК МІНІСТЭРСТВА АБАРОНЫ:

“Першы стрэл быў з гранатамёта – трапілі проста ў рухавік другога БТРа ў калоне. Пачаўся бой. Бой трываў гадзіну. У выніку загінулі шасцёра дэсантнікаў і дзевяць былі параненыя”.



Кіеў хвалююць не толькі цяжка ўзброеныя сепаратысты, але і групоўка расейскіх войскаў ля межаў Украіны. На здымках амерыканскіх спадарожнікаў бачна, што нягледзячы на ранейшыя абяцанні Уладзіміра Пуціна, у Растове і Белгарадзе застаецца расейская армія. У Крамлі заявілі, што войскі нікуды ўводзіць не збіраюцца, не забыўшыся пры гэтым прыгразіць Захаду.

СЯРГЕЙ ЛАЎРОЎ, МІНІСТР ЗАМЕЖНЫХ СПРАВАЎ РАСЕЙСКАЙ ФЕДЭРАЦЫІ:

“Мы не жадаем канфрантацыі, але калі Захад працягне трымацца гэтае непрафесінай ды істэрычнай пазіцыю, нам давядзецца падумаць, як мы можам адказаць”.

Але і без Расеі сітуацыя ва ўсходняй Украіне выглядае не найлепшаю. Не спыняюцца сутыкненні вакол усцяж заблакаванага ўкраінскім войскам Славянску. Казакі з Расеі ўзялі пад кантроль мястэчка Дэбальцава – важны чыгуначны вузел. А ў Данецку баевікі ізноў беспаспяхова спрабавалі захапіць вайсковы гарнізон. Захад усцяж заклікае да дыялогу.

АНГЕЛА МЭРКЕЛЬ, КАНЦЛЕР НЯМЕЧЧЫНЫ:

“Паседжанне за круглым сталом пад эгідаю АБСЕ дасць добрую магчымасць спыніць украінскі крызіс. Чым больш бакоў будуць рэпрэзентаваныя за гэткімі сталамі, тым лепей. Але відавочна, што да перамоваў могуць быць дапушчаныя толькі тыя, хто гатовы дамагацца сваіх мэтаў без гвалту”.



Гэткі круглы стол меўся прайсці сёння ў Кіеве, аднак лідары сепаратыстаў адмовіліся браць у ім удзел. Украінскія ўлады ў такой сітуацыі разводзяць рукамі.

АЛЯКСАНДР ТУРЧЫНАЎ, В.А. ПРЭЗІДЭНТА УКРАІНЫ:

“Цяпер кажуць, нібыта ўлады не хочуць слухаць Данбасу. Мы хочам слухаць. Але каб быць пачутымі, не трэба страляць, не трэба рабаваць, не трэба захопліваць будынкаў. Мы адкрытыя да дыялогу і гатовыя да сістэмных зменаў”.

Пра гатовасць весці дыялог заяўляюць усе: і Украіна, і Еўразвяз, і Расея. Аднак на практыцы самі сепаратысты ні з кім размаўляць не збіраюцца. А гэтак званыя народны мэры і губернатары то абвяшчаюць вайну Кіеву, то ўцякаюць у Расею. Як гэта зрабіў сёння “народны губернатар” Луганску Валерый Балотаў.

Усевалад Шлыкаў, “Аб’ектыў”, belsat.eu

Стужка навінаў