У польскім горадзе пазбавіліся ад безбілетнікаў - праезд для ўсіх бясплатны


Праезд даражэе, аднак рэнтабельнасць – усцяж галоўная праблема грамадскага транспарту ў Беларусі, падкрэсліваюць чыноўнікі. Тым не менш, у свеце ёсць прыклады, калі кіраўніцтва некаторых гарадоў не толькі адмаўляецца ад падвышэння коштаў на праезд, але і наагул – адмяняе аплату. А ці магчымы падобны эксперымент у Беларусі?



62 тысячы жыхароў і аніводнага безбілетніка! Плаціць за грамадскі транспарт у горадзе Жоры, што на поўдні Польшчы, больш не трэба.

{movie}Праезд без кошту |right|16443{/movie}

ЖЫХАР ГОРАДУ ЖОРЫ:

“Гэта перадусім развязанне праблемаў для асобаў сталага веку. Бо цяпер яны могуць паехаць кудысьці аўтобусам, а раней дома сядзелі”.

Пакуль мясцовыя ўлады – першыя ў краіне, якія адважыліся на гэткі крок. Матывацыя простая: раней на ўтрыманне грамадскага транспарту яны выдаткоўвалі ўсяго 1,5 % з бюджэту, таму калі пастанавілі павялічыць гэтую суму да 2,5 %, аказалася, што яе хопіць, каб зрабіць транспарт бясплатным.

ВАЛЬДЭМАР СОХА, МЭР ГОРАДУ ЖОРЫ, ПОЛЬШЧА:

“Мы прыйшлі да высновы, што як нічога не зробім, квіткі будуць даражэць, даплата ў бюджэт будзе вышэйшая, а пасажыраў менш. І калі арганізацыя грамадскага транспарту, яе фінансаванне ці дафінансаванне – наш абавязак, зробім гэтак, каб за нашыя грошы жыхары як мага часцей ім карысталіся”.

Праблема даступнасці грамадскага транспарту блізкая і жыхарам беларускіх гарадоў, асабліва ў правінцыі. За апошнія паўгода цэны на праезд у Беларусі выраслі амаль удвая, таму ў кожнага – свая сістэма эканоміі.

ЖЫХАРЫ ПІНСКУ:

“Тры прыпынкі мне праехаць, я іду пехатою. З дзецьмі, натуральна, еду аўтобусам, а калі адна, магу і пехатою”.

“Ну, выходзім з сітуацыі: муж купляе праязны – карыстаемся ўсёй сям’ёю”.

“Дорага, асабліва непрыемна, калі часта падвышаюць аплату”.



Падвышэнні ж улады тлумачаць неакупнасцю, маўляў, пасажыры аплочваюць усяго 35 % выдаткаў на транспарт, астатняе – датацыі дзяржавы. Таму да канца года кошт аднаго квітка плануюць узняць да 5 тыс. рублёў. Але, на думку экспертаў, на павелічэнне акупнасці грамадскага транспарту гэта не паўплывае.

ЗМІЦЕР БАБІЦКІ, ЭКАНАМІСТ:

“Тут дзейнічае шэраг рознаскіраваных фактараў. Адзін з іх – нізкая прадуктыўнасць працы перавознікаў дзяржаўнае формы ўласнасці. То бок, можна павялічыць эфектыўнасць і такім чынам паменшыць цану праезду”.



А можа і ўвогуле на прыкладзе тых жа жыхароў гораду Жоры адмовіцца ад платы за праезд? Але пры гэтым аднымі рэформамі ў транспартнай сістэме не абысціся, мяркуе былы мэр Жлобіна Марат Афанасьеў.

МАРАТ АФАНАСЬЕЎ, БЫЛЫ КІРАЎНІК ЖЛОБІНА:

“Для гэтага трэба зрабіць нармальнае мясцовае самакіраванне, і каб у мясцовага бюджэту быў небюджэтны рахунак, з якога б яны маглі даплочваць нястачу аўтатранспартнаму прадпрыемству. Яно б прынесла плюсы ўвогуле гарадской інфраструктуры, больш эфектыўна выкарыстоўваўся б аўтатранспарт”.

Менавіта гэткія станоўчыя змены адчулі жыхары двух дзясяткаў еўрапейскіх гарадоў, дзе калісьці грамадскі транспарт зрабілі бясплатным. Сярод іх – сталіца Эстоніі. Для жыхароў немаленькага Таліну бясплатны праезд у аўтобусах даў перадусім экалагічны эфект, бо шмат хто стаў менш карыстацца ўласным аўтам. У правінцыйным жа Жоры акцэнт робяць на эканоміі.

ЖЫХАРКА ГОРАДУ ЖОРЫ:

“Вельмі істотная палёгка. Асабліва для бацькоў, якія возяць дзетак у школу. Проста вельмі файная дапамога!”

Пра якую беларусам застаецца толькі марыць. У Міністэрстве транспарту нават каментаваць магчымасць увядзення бясплатнага праезду адмовіліся.

Алесь Яшчанка, “Аб’ектыў”, belsat.eu

Стужка навінаў