Палітвязень Алесь Бяляцкі: Беларусь ёсць там, дзе ёсць беларуская свядомасць, культура і мова


«Калі нашыя суседзі вызначаюць для сябе «русский мир», то мы вызначаем для сябе беларускі свет, і адстаім яго», – напісаў з-за кратаў паляітвязень Алесь Бяляцкі.

У сталічнай кнігарні «ЛогвінаЎ» адбылося ўручэнне прэміі імя Алеся Адамовіча, якую атрымаў Алесь Бяляцкі за кнігу «Асвечаныя беларушчынай».

{movie}Наталля Пінчук чытае ліст палітвязня Алеся Бяляцкага з-за кратаў |right|16424{/movie}

Вядоўцам сустрэчы, якая прайшла 13 траўня, выступіў Андрэй Хадановіч. Прэмію прэзентавала дачка Алеся Адамовіча Наталля Адамовіч.

Жонка Бяляцкага Наталля Пінчук перадала арганізатарам словы ўдзячнасці ад палітзняволенага.

«Ён ведае, што яму ўручаецца прэмія. Яна важная для яго тым, што гэта сведчанне салідарнасці ад літаратараў. Алесь ацэньвае сваю кнігу сціпла, як падсумаванне сваёй эпізадычнай працы на працягу 25 гадоў, – сказала спадарыня Пінчук. – Вось што ён піша: «Калі разглядаць літаратуру як праяву духоўнага жыцця, то кніга зараз займела і пэўны падтэкст. Пытанні, якія там паднятыя, сталі важнымі для самой перспектывы існавання нашага народу. Праблемы застаюцца тымі ж, якія падымаліся нашымі папярэднікамі: Багушэвічам, Купалам, расстраляным пакаленнем пісьменнікаў 20-ых гадоў мінулага веку. Ідэі гэтыя развівалі нашы старэйшыя сябры Быкаў і Барадулін. Цяпер настаў такі час, што мы мусім быць надзвычай актыўнымі. У маім разуменні Беларусь ёсць там, дзе ёсць беларуская свядомасць, культура і мова».

Прэмію імя Адамовіча заснавалі Беларускі ПЭН-цэнтр і масмедыі ў студзені 1995 года, праз год пасля смерці пісьменніка, грамадскага дзеяча і аднаго з заснавальнікаў Беларускага ПЭН-цэнтру Алеся Адамовіча. Старшынём журы прэміі першапачаткова быў Васіль Быкаў.

Лаўрэатам яшчэ адной прэміі Беларускага ПЭН-цэнтру – прэміі імя Францішка Багушэвіча – стаў Дзмітрый Матвейчык за кнігу «Паўстанне 1863–1864 гадоў у Беларусі: нарыс баявых дзеянняў».

МЯ, belsat.eu, паводле БелаПАН

Стужка навінаў