Беларускія чэкісты лічаць РНЕ правакатарамі


Правакацыя на тэрыторыі Беларусі. Такой магчымасці не выключае КДБ, каментуючы апошнія дзеянні “Русского национального единства”. Аб’яднанне абвесціла збор у нашай краіне атрад добраахвотнікаў для барацьбы на баку сепаратыстаў ува Украіне. Ці паедуць беларусы ваяваць супраць уладаў у Кіеве?

{movie}Правакацыя ў Беларусі |right|16415{/movie}

Старажытныя расейскія свастыкі ды прывітанне паднятаю праваю рукой. Для некаторых арганізацыя “Русское национальное единство” даўно атаясамліваецца з фашызмам. Цяпер суполка актывізавалася і ў нашай краіне. РНЕ абвесціла пра фармаванне ў Беларусі атрадаў добраахвотнікаў для барацьбы на баку сепаратыстаў ува Украіне.

АЛЯКСЕЙ ЯНУКЕВІЧ, ПАРТЫЯ БНФ:
“Гэта небяспечная для нацыянальных інтарэсаў Беларусі ініцыятыва. Яна мае мэту ажывіць расейскую прапаганду ў Беларусі, а таксама стварыць расейскую сетку ў Беларусі”.

Афіцыйны сайт беларускай суполкі РНЕ паведаміў, што ў атрад добраахвотнікаў можа запісацца кожны мужчына пасля службы ў войску, якому споўнілася дваццаць тры гады. У звароце гаворыцца пра неабходнасць узброенай дапамогі ўкраінскім праваслаўным, а таксама барацьбы не толькі з незаконнымі ўладамі ў Кіеве, але і шматлікімі наёмнікамі. Сярод апошніх, паводле РНЕ, ёсць і беларусы, якіх назвалі БНФаўцамі. Наколькі рэальныя гэтыя планы?

АЛЯКСЕЙ ЯНУКЕВІЧ, ПАРТЫЯ БНФ:
“Я лічу, што ніводная арганізацыя ў Беларусі, у тым ліку і РНА не можа дзеяць актыўна і мець разгалінаваную структуру, бо знаходзяцца пад моцным ціскам уладаў і спецслужбаў. У гэтым выпадку такі ціск апраўданы”.

У Камітэце дзяржаўнай бяспекі “Аб’ектыву” паведамілі, што пільна сочаць за сітуацыяй.

АРТУР СТРЭХ, ПРЭС-СЛУЖБА КДБ:
“Мы прынялі да ведаму гэтую інфармацыю. Гэта можна параўноўваць з нейкаю правакацыяй. Мы ставімся да гэтага адмоўна, але наколькі інфармацыя РНЕ адпавядае рэчаіснасці – гэта іншае пытанне”.

Не сакрэт, што над галовамі ўкраінскіх сепаратыстаў усё часцей лунаюць беларускія дзяржаўныя сцягі. Ці насамрэч сярод рушэнцаў ёсць беларусы, афіцыйных пацверджаняў няма. Віртуальная суполка Беларускага атраду добраахвотнікаў у сацыяльнай сетцы “УКантакце” сабрала 387 чалавек. Сёння да яе далучаліся новыя асобы. А ці гатовыя грамадзяне нашай краіны не ў віртуальнай прасторы, а з рэальнаю зброяй у руках змагацца супраць кіеўскіх уладаў?

АПЫТАННЕ:
“Не, не паехаў бы! У нас свая краіна”.
“Калі б папрасілі, паехаў бы”.
“Такія праблемы трэба развязваць сваймі сіламі”.

Пакуль жа не спыняюцца спробы выкарыстоўваць нашую краіну, каб здзяйсняць расейскія правакацыі ўва Украіне. Сёння на мяжы з Беларуссю ўкраінскія памежнікі затрымалі дваіх расейцаў. У іх знайшлі камуфляжнае адзенне і зброю. Адзін меў пры сабе пасведчанне сябры ЛДПР.

Ян Бабіцкі, “Аб’ектыў”

Стужка навінаў