Украінскі тыдзень на «Белсаце» 19–25 траўня


За тыдзень да прэзідэнцкіх выбараў ва Украіне «Белсат» пакажа ў эфіры серыю дакументальных фільмаў, рэпартажаў ды інфармацыйных праграмаў, прысвечаных падзеям апошніх месяцаў ва Украіне.

{movie}Украінскі тыдзень на Белсаце — прома-ролік .|right|16448{/movie}

У панядзелак 19 траўня гледачы пабачыць рэпартаж «Рэвалюцыя он-лайн», зняты ў студзені 2014-га – у час, калі падзеі на Майдане яшчэ не прынялі крывавага абароту. Рэпартаж паказвае працу незалежных украінскіх і заходніх журналістаў, якія 24 гадзіны на содні інфармавалі пра падзеі ў цэнтры Кіева ды ўва ўсёй краіне пры дапамозе самых простых рэчаў – інтэрнэту, ўэб-камераў, імправізаваных тэлестудыяў.

Аўторкавы рэпартаж «Белсату» «Рэвалюцыя. Дэдлайн» прысвечаны ўкраінскім пратэстам падчас самай крывавай фазы. Тады ад дзеянняў «Беркута» пацярпелі таксама аўтары рэпартажу – Сяргей Марчык і Юрась Высоцкі, якіх моцна збілі падчас выканання службовых абавязкаў.

У сераду можна будзе пабачыць чарговы рэпартаж гэтых двух аўтараў. «Рэвалюцыя. Крымская пастка» распавядае пра пачатак расейскай аперацыі па аддзяленні Крыму ад Украіны.

Рэпартаж «Рэвалюцыя… Слёзы Майдану», што будзе ў эфіры ў чацвер, прысвечаны лёсам сем’яў ахвяраў лютаўскіх падзеяў у Кіеве, калі былі забітыя больш за 100 асобаў.

У пятніцу «Белсат» пакажа нямецкі поўнаметражны дакументальны фільм Зэбаст’яна Дэнгарта (Sebastian Dehnhardt), які апавядае пра развіццё баксёрскай кар’еры Уладзіміра і Віталя Клічко.

У суботу на «Белсаце» – чарговая прэм’ера дакументальнага фільму ўласнай прадукцыі – «Остров Крым. Deja vu» рэжысёра Ігара Чайкі. Назва фільму нагадвае пра культавую ў савецкія часы кнігу Васіля Аксёнава, альтэрнатыўны варыянт развіцця гісторыі. Крым, які апісваецца ў кнізе, не трапіў пад уладу бальшавікоў ды заставаўся аскепкам «старой Расеі». Аўтары фільму прыглядаюцца да фігуры лідара крымскіх сепаратыстаў Сяргея Аксёнава.

У дзень выбараў, 25 траўня, гледачы пабачаць адмысловае гадзіннае выданне «Аб’ектыву», што будзе цалкам прысвечаны ўкраінскім выбарам. У праграме – самая свежая інфармацыя, каментары экспертаў, матэрыялы карэспандэнтаў «Белсату» проста з Кіева ды ўсходу Украіны, абмеркаванне вынікаў экзіт-полаў.

Украінскі тыдзень 19–25 траўня на «Белсаце»:

  • «Рэвалюцыя он-лайн» – панядзелак, 19 траўня а 22:10.
  • «Рэвалюцыя. Дэдлайн» – аўторак, 20 траўня а 22:10.
  • «Рэвалюцыя. Крымская пастка» – серада, 21 траўня а 22:10.
  • «Рэвалюцыя… Слёзы Майдану» – чацвер, 22 траўня а 22:10.
  • «Браты Клічко» – пятніца, 22:15.
  • «Остров Крым. Deja vu» – субота, 24 траўня, 21:15.
  • «Аб’ектыў», адмысловае выданне – нядзеля, 25 траўня а 21:00.

JB / МЛ, belsat.eu

Стужка навінаў