Лялькі з дзевяці краінаў прайшлі ўрачыстым парадам па цэнтры Горадні – ад Савецкае вуліцы да Тэатру лялек. Так распачаўся II міжнародны фестываль-свята «Лялькі над Нёманам» у Горадні. У парадзе быў і ўкраінскі сцяг.
На свята прыехалі лялечныя тэатры з Чэхіі, Сербіі, Балгарыі, Эстоніі, Літвы, Польшчы, Украіны, Расеі, Беларусі. Кожны ўдзельнік фестывалю атрымаў ляльку-анёла – талісман актораў.Адзін з украінскіх удзельнікаў фестывалю акрыў плечы нацыянальным сцягом.
{movie}Парад лялек у Горадні |right|16367{/movie}
Тэатры лялек дэманструюць на конкурсе свае найлепшыя працы. Сярод іх будуць спектаклі без словаў, тэатр ценяў, пастаноўкі пад адкрытым небам, казкі розных народаў, класіка ды сучаснае мастацтва – як для дзяцей, гэтак і для дарослых. У кожны дзень фэсту гледачы змогуць убачыць па некалькі пастановак. З бясплатным канцэртам на свята завітае менскі гурт «SoUNDUK», які ўжо не аднойчы выступаў на сцэне Гарадзенскага тэатру лялек.
Фестываль працягнецца да 15 траўня. У гэты ж дзень у Менску распачнецца VIII міжнародны фестываль лялек.
Першы фестываль «Лялькі над Нёманам» прайшоў у Горадні летась у траўні. Тады ў ім узялі ўдзел тэатры з шасці краінаў і доўжыўся ён на дзень менш. Перад гэтым нацыянальны фестываль пад назваю «Тэатральная моладзь» ладзілі ў Горадні толькі ў сярэдзіне 1990-х гадоў.
Настасся Фрода, belsat.eu