Пуцін адзначыў Дзень Перамогі ў Крыме (ФОТА)


Пасля параду на Краснай плошчы прэзідэнт Расеі паляцеў у Севастопаль. Гэта першы візіт расейскага прэзідэнта ў Крым пасля анексіі.

Кіраўнік Расейскай Федэрацыі прыняў у Севастопалі парад Чарнаморскага флоту, аб’ехаў на катары караблі ВМФ і павіншаваў маракоў з Днём Перамогі. Пасля чаго адбыўся паветраны парад – над горадам праляцелі верталёты і самалёты. Увечары Уладзімір Пуцін возьме ўдзел у святочным канцэрце.

Прыезд кіраўніка Крамля праходзіць на фоне зацятых баёў у Марыупалі. Паводле Міністэрства ўнутраных справаў, у выніку сутыкненняў паміж украінскімі сілавікамі ды экстрэмістамі загінулі больш за 20 чалавек, 4 параненыя.

МЗС Украіны і НАТО асудзілі крымскі ваяж Пуціна. Украінскія дыпламаты назвалі прыезд прэзідэнта Расеі ў Севастопаль «правакацыяй». Згодна з МЗС Украіны, гэты ўчынак «пацвярджае, што Расея свядома ідзе на далейшую эскалацыю напружанасці ды не жадае ўрэгуляваць праблемных пытанняў двухбаковых дачыненняў дыпламатычным шляхам».

Абурэнне выказалі Вашынгтон і НАТО. Прадстаўніца Рады нацыянальнай бяспекі ЗША Лора Магнусан заявіла, што гэтая паездка можа прывесці да ўскладнення сітуацыі вакол Украіны. А генеральны сакратар НАТО Андэрс Фог Расмусэн назваў візіт Пуціна «недарэчным» і пацвердзіў, што НАТО як арганізацыя больш не супрацоўнічае з Масквою.

Імперскі жэст Расеі асудзіла і канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель. «Вельмі шкада, што такі дзень выкарыстоўваецца для правядзення параду падчас канфлікту», – сказала кіраўніца нямецкага ўраду.

Тым часам Еўрапейскі Звяз рыхтуецца пашырыць спіс санкцыяў – як мінімум на 15 грамадзянаў Расеі ды 5 крымскіх кампаніяў. Канчатковае рашэнне пра дадатковыя санкцыі будзе прынятае на сходзе кіраўнікоў МЗС ЕЗ 12 траўня.



ЮВ, ДР belsat.eu, rbc.ru

Стужка навінаў