Кіраўнік РНЕ: Баевікі “Праваслаўнага Данбасу” ўшчэнт спаляць Данецк у выпадку штурму


Адкласці рэферэндум аб федэралізацыі Украіны! З такім неспадзяваным заклікам да прарасейскіх сепаратыстаў звярнуўся… Уладзімір Пуцін. І гэта не ўсё. Расейскі прэзідэнт прывітаў выбары прэзідэнта Украіны ды паведаміў, што Расея адвяла свае войскі ад украінскай мяжы. Гэтыя словы прагучалі пасля сустрэчы расейскага прэзідэнта з ягоным швейцарскім калегам Дыд’е Буркхальтэрам, які таксама кіруе АБСЕ.
{movie}Пуцін просіць адкласці рэферэндум|right|16313{/movie}
Прарасейскія баевікі ва Украіне зброі не склалі, але і контртэрарысты працягваюць сваю працу. Так, уначы ўрадавыя войскі занялі Марыупаль, узялі ў палон 16 сепаратыстаў, але потым пакінулі будынак гарадской адміністрацыі прыхільнікам Расеі ды засяродзіліся на кантролі дарог. Падобную тактыку не атрымаецца ўжыць у Славянску – там сепаратысты мініруюць захопленыя будынкі. А гараджанам і так цяжка.

ЖЫХАРЫ СЛАВЯНСКУ:
“У крамах няма нічога, хлеба ўдосталь не возьмеш, бо няма. Смецця кругом поўна”.
“Прыватбанк” зачыніўся, і з прыватаўскімі карткамі людзі бегаюць”.

Апроч баёў ідзе і абмен палоннымі. Уначы былі вызваленыя тры вайскоўцы, якіх баевікі захапілі падчас штурму ваенкамату ў Дабрапольскім раёне Данеччыны. Таксама сепаратысты выдалі трох афіцэраў атраду “Альфа”, якіх яны раней публічна катавалі. Выдалі ў абмен на самаабвешчанага “народнага губернатара” Данецкай вобласці Паўла Губарава і двух ягоных памагатых.

УЛАДЗІМІР ПУЦІН, ПРЭЗІДЭНТ РАСЕІ:
“Мы вітаем вызваленне спадара Губарава ў Кіеве з турмы, але чакаем вызвалення ўсіх палітычных вязняў”.

Дзеянні ўкраінскіх уладаў Уладзімір Пуцін працягвае называць карніцкай акцыяй. Аднак сёння прэзідэнт Расеі нечакана заклікаў Кіеў і данбаскіх сепаратыстаў да дыялогу і прывітаў выбары прэзідэнта Украіны, аб недапушчальнасці зрыву каторых яму так шмат казалі на Захадзе.

УЛАДЗІМІР ПУЦІН, ПРЭЗІДЭНТ РАСЕІ:
“Просім прадстаўнікоў паўднёвага захаду Украіны, прыхільнікаў федэралізацыі краіны перанесці прызначаны на 11-га траўня рэферэндум”.

Хаця сепаратысты яшчэ сёння рапартавалі аб поспехах.

РАМАН ЛЯГІН, САМААБВЕШЧАНЫ КІРАЎНІК ЦВК ДАНЕЧЧЫНЫ:
“Да рэферэндуму мы гатовыя. У нас ужо сфармаваныя ўчастковыя і тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі, у нас ёсць ужо практычна поўны наклад бюлетэняў”.

Як насамрэч сепаратысты рыхтаваліся да рэферэндуму, дапамагае зразумець перахоп учорашняй размовы аднаго з кіраўнікоў данецкага сепаратызму – лідара арганізацыі “Праваслаўны Данбас” – са сваім каардынатарам, лідарам руху “Русское национальное единство” Аляксандрам Баркашовым.

ДЗМІТРЫЙ БАЙЦОЎ, «ПРАВАСЛАЎНЫ ДАНБАС»:
“Пятровіч, у нас тут поўная… Пад Данецкам за 150 км стаіць 300 адзінак, эшалон баявой тэхнікі… Калі нам не дапамогуць, калі Расея не ўвойдзе, нам п-да. Я адмяняю 11-га траўня рэферэндум, бо ён не правядзецца”.

АЛЯКСАНДР БАРКАШОЎ, «РУССКОЕ НАЦИОНАЛЬНОЕ ЕДИНСТВО»:
“Да вы ўпарце ўсё, што заўгодна, напішыце, што 99 %, вы што, будзеце хадзіць і паперкі збіраць?”

ДЗМІТРЫЙ БАЙЦОЎ, «ПРАВАСЛАЎНЫ ДАНБАС»:
“А, усё, я зразумеў”.

Кіраўнік РНЕ Баркашоў – вядомая фігура ў расейскай палітыцы яшчэ з 90-х гадоў. Сёння ён заклікае ўводзіць расейскія войскі ва Украіну і абяцае, што баевікі “Праваслаўнага Данбасу” ўшчэнт спаляць Данецк у выпадку штурму. Але як і раней, у Маскве маскоўскіх фашыстаў не заўважаюць і ківаюць на Украіну.

СЯРГЕЙ ЛАЎРОЎ, МІНІСТР ЗАМЕЖНЫХ СПРАВАЎ РАСЕІ:
“Тое, што здарылася ў Адэсе 2-га траўня, чысты фашызм. Мы не дазволім замесці пад дыван факты, як гэта спрабуе цяпер зрабіць кіроўная кааліцыя”.

Тым часам у Адэсе ўзбуджаныя крымінальныя справы па факце масавых беспарадкаў і па факце злачыннай бяздзейнасці міліцыі. Справы заснаваныя на фактах.

АЛЕГ МАХНІЦКІ, ГЕНПРАКУРОР УКРАІНЫ:
“Калі бандыты стралялі ў людзей, працаўнікі міліцыі стаялі побач і бяздзеялі. Была падрыхтоўка да гэтага: і бандыты, і працаўнікі міліцыі былі ў чырвоных павязках. А калі на наступны дзень пачаўся штурм гарадскога ўпраўлення міліцыі, частка міліцыянтаў пакідала шчыты і перайшла на бок бандытаў. І апошні факт – вызваленне затрыманых злачынцаў”.

Пазіцыя пракуратуры і СБУ адносна сепаратыстаў стала значна больш жорсткай.

ВАЛЯНЦІН НАЛІВАЙЧАНКА, КІРАЎНІК СЛУЖБЫ БЯСПЕКІ УКРАІНЫ:
“Людзі, што падбухторваюць да здзяйснення злачынстваў, рашэннем судоў мусяць атрымаць жорсткія пакаранні. Людзі, што, падбухторваючы і тэрарызуючы мірнае насельніцтва, сваімі дзеяннямі прывядуць да чалавечых ахвяраў, атрымаюць пажыццёвае зняволенне”.

Адпаведныя змены ўжо ўнесеныя ў Крымінальны кодэкс краіны.

Марцін Ярскі, “Аб’ектыў”

Стужка навінаў