У Славянску – новыя баі


Пра тое, што на ўскраіне Славянска Данецкай вобласці ідзе бой, а 8:50 паведаміў у «Facebook» кіраўнік Цэнтра ваенна-палітычных даследванняў Дзмітрый Тымчук.

Паводле ягонай інфармацыі, група тэрарыстаў пад раніцу паспрабавала вырвацца з горада. Спробу сарвалі ўкраінскія сілавікі, якія праводзяць антытэрарыстычную аперацыю. Раніцаю супрацьстаянне працягнулася ў раёне аднаго з блок-пастоў. Паведамленняў пра ахвяры на момант напісання матэрыялу не было.

У ноч на сераду, 7 траўня, украінскія сілавікі аднавілі ваенныя дзеянні ў Славянску. Па словах відавочцаў, атака суправаджалася двума магутнымі выбухамі, якія прагучалі на ўскраіне горада. Пра пачатак штурму сілавікоў жыхароў Славянска апавясціў царкоўны звон.

Як паведамляюць УНІАН і ТСН, людзі баяцца і не выходзяць на вуліцу, а некаторыя нават начуюць на працы, каб не патрапіць пад «сляпую» кулю.



2 траўня ў Славянску аднавілася актыўная фаза антытэрарыстычнай аперацыі, цягам якой ўкраінскія сілавікі ачапілі горад. Пасля з’явілася інфармацыя, што з яго збіраецца прарывацца група расейскіх дыверсантаў, а штаб сепаратыстаў з Славянска пераносіцца ў Горлаўку. Акрамя таго, баевікі заклікалі мясцовых жыхароў выходзіць на вуліцы і шыхтавацца ў якасці «жывога шчыта».

Паводле інфармацыі МУС, перамяшчэнне па дарогах зведзена да мінімуму, чыгуначнае паведамленне абмежавана, цягнікі пускаюць у аб’езд .

АК, belsat.eu, паводле liga.net, unian.ua, tsn.ua

Стужка навінаў