Краіна, дзе жыццё не каштуе ні гроша


Разважанні на тэму «прыгоннага гераізму» ў Данбасе патрыярха Беларусі ды Пуціна, які пасыпае галовы сваіх грамадзянаў ядравым попелам. Новы фельетон Максіма Чыгункі.

Нечаканым шмат для каго стала мінулагодняе выказванне новага патрыярха Беларусі Паўла, якое ў пэўным сэнсе ўжо пайшло ў народ. «Для большасці з іх жыццё не каштуе і зламанага гроша», – заявіў у студзені 2011-га тады яшчэ мітрапаліт Разанскі ды Міхайлаўскі Павел, распавядаючы пра сваё стаўленне да расейцаў. Пасля валадар дадаў пару словаў пра зброю масавага знішчэння, атамны кранік і, што ў выпадку каляровай рэвалюцыі ў Расеі свае грошы страцяць усе – і амерыканцы, і заможныя еўрапейцы, а ім, дарэчы, ёсць што губляць.

Прамудрасці валадара Паўла пазней прагучалі і з вуснаў тэлевізійнага Гёбэльса новай Расеі Дзмітрыя Кісялёва, які, кажучы пра расейска-амерыканскія адносіны, дапусціў, што расейскія ядравыя ракеты могуць ператварыць Амерыку ў ядравы попел.

Расейцы хіба, як ніхто іншы, пацвярджаюць «высокі стандарт якасці» знявагі людскога жыцця. Ачысціць замінаваныя палі з дапамогаю карных атрадаў – калі ласка! Застрэліць у спіну з аўтамата спецатраду – нічога складанага. І хоць ўсё гэта было ў часы Другой сусветнай, відаць, што сёння прыйшоў час, калі ўсё гэта можа паўтарыцца зноў.

Кім мусіць быць кіраўнік той дзяржавы, якая правакуе ў краіне-суседцы грамадзянскую вайну, якая можа забраць тысячы жыццяў у барацьбе за пустату? Гэта можа быць толькі кіраўнік краіны, дзе чалавечае жыццё не каштуе нават зламанага гроша. Кіраўнік, для якога людзі – угнаенне.

Страшная праўда палягае на тым, што не толькі для Пуціна чалавечае жыццё нічога не вартае. Шмат расейцаў падзяляюць гэты хворы падыход свайго кіраўніка. Вядома ж, часамі патрыятызм і вар’яцкі гераізм патрэбныя – «салодка і высакародна гінуць за Айчыну» (Dulce et decorum est pro patria mori), казалі ў старажытным Рыме. Але варта ведаць, за якую радзіму. За што змагаецца «народ Данбасу»? За федэралізм? Ці маюць мясцовыя жыхары хоць нейкае паняцце, што гэта азначае? А, можа, яны змагаюцца за стварэнне паўмафіёзнай дзяржаўкі накшталт Прыднястроўя? А, можа, за далучэнне да Расеі – краіны, якою кіруе банда злодзеяў, што за мінімальную спробу выказаць сваю думку публічна заломваюць рукі ды саджаюць у аўтазак? Дзіўны гэты расейскі «прыгонны гераізм», менавіта гэтак яго калісьці назваў нарадзінец Пецярбургу польскі пісьменнік Юзэф Мацкевіч. Дзіўны, але факт застаецца фактам. І плоцяць за гэты гераізм не амерыканцы і заможныя еўрапейцы, а звычайныя грамадзяне Расеі.

ЮВ, Максім Чыгунка, belsat.eu

Стужка навінаў