Сотавы тэлефон на сонечнай батарэі і робат-гід. Над чым працуюць маладыя беларусы?


Што такое «Музей на дотык» ці як спалучыць бізнес і экалогію? Крэатыўныя некамерцыйныя ідэі дзеля развязання паўсядзённых праблемаў можна было пабачыць у Менску на ІІІ адкрытай лабараторыі «Hack for future».



2-га і 3-га траўня ў ЦЭХу ўдзельнікі лабараторыі прэзентавалі свае праекты, дарабляючы ды папраўляючы іх на месцы і шукаючы аднадумцаў.

«Замала эксперыментаў»

«У Беларусі бракуе эксперыментальных падыходаў да развязання паўсядзённых праблемаў», – мяркуе адзін з арганізатараў лабараторыі Глеб Канонікаў. «Мы спадзяемся на дзяржаву, на розныя там ЖЭСы, у той час як самыя можам развязаць праблему ў нашым асяроддзі найлепшым чынам. Дзеля пошуку такіх падыходаў мы тут і сабраліся», – патлумачыў мэту імпрэзы Глеб.

Юля: Мару зрабіць беларускі бізнес экалагічным

Юлія Якубовіч працуе над анлайн-парталам «Бізнес+Эка», што заклікае яднацца беларускіх бізнесоўцаў, якія імкнуцца захаваць чысціню наваколля і перапрацоўчыя кампаніі – як беларускія, гэтак і замежныя.

Дзяўчына ўжо мае досвед працы на карысць экалогіі. У мінулым годзе Юля рабіла налепкі са звесткамі пра тое, куды можна здаць выкарыстаныя батарэйкі ды іншыя шкодныя рэчывы: «Я ўбачыла, што людзям трэба гэтая інфармацыя, і часта яны не ведаюць, дзе яе атрымаць. Тады я падумала, што кампаніі маюць нашмат больш адкідаў, чымся фізічныя асобы, і ім трэба ведаць, куды можна здаць тыя ж пластыкавыя кубкі, паперу на перапрацоўку».

Ідэя Юлі – пакуль на стадыі распрацоўкі, і яна шукае ў сваю каманду дызайнераў і эколагаў: «Я хачу данесці да нашых бізнесоўцаў, што быць «эка» – гэта не толькі мода апошняга часу, гэта наш абавязак і сацыяльная адказнасць».

«Музей на дотык»: адчуй, як бачаць свет невідушчыя

«Музей на дотык» будзе мабільнаю выставаю з чатырма аддзяленнямі: парк атракцыёнаў, шматлюдная вуліца, рынак, кавярня. Уваход у музей – з завязанымі вачыма. Знаёмства з экспазіцыяй будзе адбывацца на падставе гукаў, пахаў, дотыку.

«Наш музей – гэта нешта кшталту атракцыёну для тых, хто бачыць, – патлумачыў Арцём. – Чалавеку завязваюць вочы, і ён апынаецца ў зусім іншым свеце, можа адчуць, як успрымаюць свет інваліды зроку».

Гідам у музеі будзе невідушчы. «Гэтак адчуванне свету людзей з асаблівымі патрэбамі становіцца яшчэ больш натуральным, набліжаным да рэальнасці», – адзначыў Арцём.

Хлопец запэўніў, што праект «Музей на дотык» мае вялікую сацыяльную значнасць, бо «ў Беларусі пакуль такога няма, і ўвогуле сацыялізацыя інвалідаў – на вельмі нізкім узроўні». «Музей на дотык», паводле Арцёма, дасць працу невідушчым і дапаможа ім ствараць больш шчыльныя кантакты з грамадствам.

«Мапа даступнасці» пакажа, наколькі Беларусь даступная для інвалідаў

Дапамогаю для людзей з асаблівымі патрэбамі мусіць стаць і «Мапа даступнасці», якую цяпер ствараюць арганізатар «Hack for future» Глеб Канонікаў і Офіс правоў людзей з інваліднасцю. Мапа будзе ахопліваць розныя аб’екты сацыяльнай значнасці па ўсёй краіне і будзе паказваць, наколькі лёгка туды трапіць чалавеку з абмежаванымі магчымасцямі. Таксама яна прадэманструе, наколькі гарады Беларусі камфортныя для інвалідаў.

«Калі браць за крытэр «даступны-недаступны» колеры «зялёны-чырвоны», то нашая мапа будзе амаль уся чырвоная, бо сёння ў Беларусі амаль няма аб’ектаў, якія б адпавядалі нормам даступнасці», – зазначыў каардынатар Офісу правоў людзей з інваліднасцю Сяргей Драздоўскі.

Прыбытак – не мэта, а прыемны бонус

Музейны праект на «Hack for future» прэзентавалі студэнты Берасцейскага тэхнічнага ўніверсітэту – яны робяць робата-гіда, які заменіць у музеі звыклага экскурсавода.

Студэнты 3-га курсу БДУІРу мараць стварыць уласную беларускую марку сотавых тэлефонаў на сонечных батарэях.



Праграміст Косця прадставіў анлайн-партал Stuffmates.com, на якім людзі могуць абменьвацца рэчамі ці пазычаць іх.

На «Hack for future» можна было сустрэць людзей, якія нешта малявалі, клеілі, спойвалі мікрасхемы, праграмавалі ў камп’ютары. Аб’ядноўвае іх жаданне змяняць свет вакол сябе ды рабіць яго карысным і ўтульным для іншых. Прыбытак ад сваіх праектаў маладзёны называюць не мэтаю, а прыемным бонусам.



Марына Маўчанава, belsat.eu

Стужка навінаў